Макси-проблема мини-полигонов. Куда жителям сельской местности выбрасывать мусор?
05.12.2018
—
Разное
|
Рашэннем райвыканкама закрыты міні-палігоны цвёрдых бытавых адходаў ля аграгарадкоў Вялікія Дольцы і Глыбачка, вёсак Касары, Астапаўшчына, Слабада, Апанаскавічы і Матырына. Гэта значыць, што выкідаць на іх смецце забаронена – асноўная стаўка зараз робіцца на цэнтралізаваны вываз. Што ўяўляе сабой сельскі міні-палігон? Па вялікім рахунку за гэтым словам хаваецца звычайная звалка, толькі санкцыянаваная. Адведзеныя пад яе 20-30 сотак практычна ніколі не ўтрымліваюцца, смецце выкідаецца на значна большай тэрыторыі. І нават калі камунальнікі, якім належаць міні-палігоны, падбуртоўвалі і акультурвалі пляцоўкі, у хуткім часе яны зноў выходзілі за ўстаноўленыя межы: варта камусьці аднаму не давезці смецце, выгрузіць побач – і звалка хутка стыхійна разрастаецца. Між тым, сельскае насельніцтва ні капейкі не плаціла за ўтылізацыю адходаў на міні-палігонах. Прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі не ў стане забяспечыць правілы іх эксплуатацыі – неабходна перыядычна ўтрамбоўваць адходы, сартаваць, перасыпаць іх слаямі грунту, што пры наяўнасці адзінага старэнькага бульдозера, які патрэбна перавозіць ва ўсе бакі раёна, вельмі праблематычна, гэта вялікія страты. Да кожнай сельскай звалкі не прыставіш работніка, які б сачыў за парадкам на ёй, не раз на такіх сметніках узнікалі пажары – смурод ад поліэтылену, гумы і іншых хімічных рэчываў атручвае наваколле. Азначаныя вышэй сельскія міні-палігоны не першыя, якія ліквідаваны. Будзе праведзена іх рэкультывацыя, а пасля 1 ліпеня землі перададуць на баланс сельвыканкамаў. Трэба сказаць, што сельскія міні-палігоны закрываюцца не толькі ў нашым раёне, працэс характэрны для ўсёй краіны – у Магілёўскай вобласці, напрыклад, іх колькасць за сёлетні год скарацілася ў тры разы! Зразумела, што гэта нясе вяскоўцам пэўныя нязручнасці, але неабходнасць і эканамічная абгрунтаванасць цэнтралізаванага падыходу, да якога ў еўрапейскіх краінах прыйшлі даўно, відавочная. Куды ж вяскоўцам зараз дзяваць смецце? УП ЖКГ Ушацкага раёна гатова вырашыць праблему з дапамогай устаноўкі дадатковых кантэйнераў, частка ўжо закуплена, неабходная колькасць будзе набыта з разліку 1 кантэйнер на 10 заключаных дагавораў. Усе адходы будуць вывозіцца спецыялізаваным транспартам на палігон ля Лутава, дзе наладжана іх сартаванне. “Толькі збіраўся выразаць стары сад! А тут палігон закрылі… Куды цяпер выкідваць?” – нядаўна цікавіўся ў камунальнікаў жыхар Матырына. Разабраўшыся, пры сённяшніх прапановах утылізаваць смецце не так і складана. Рэшткі расліннасці варта пусціць на дровы, а вецце спаліць з захаваннем правіл пажарнай бяспекі, шкло здаецца, для палімераў і іншай хіміі ёсць кантэйнеры. Яны, дарэчы, зусім не прыстасаваныя для старой бытавой тэхнікі – электрычныя і электронныя прылады, якія адслужылі свой век, можна ўтылізаваць і нават крыху на гэтым зарабіць. На працягу апошніх некалькіх гадоў іх зборам займаецца УП “БелВТІ-рэгіён”, бліжэйшы да нас пункт прадпрыемства адкрыты ў Полацку. Можна выклікаць машыну дамоў (тэлефоны: (8-0214) 74-22-04, (8-029) 235-23-52 (МТС), (8-029) 115-23-52 (Velcom)) і ваш стары халадзільнік ці камп’ютар забяруць па цане 20 капеек за кілаграм. Умова – тэхніка павінна быць неразабраная. Можна самому адвезці старыя прылады ў Полацк і здаць іх ужо па 25 капеек за кілаграм. Адрас прадпрыемства: вул.Я.Купалы, 16; рэжым работы: панядзелак-пятніца – з 8.30 да 17.00, субота – з 9.00 да14.00; тэлефон: (8-0214) 46-20-14. Праблемы застаюцца хіба што з будаўнічым смеццем, якое ў кантэйнеры таксама выкідаць нельга. Для яго вывазу УП ЖКГ на платнай аснове гатова выдзеліць прычэпы і транспарт. Калі ж грамадзянін утылізуе адходы будаўніцтва сам, то неабходна даведацца, дзе функцыянуе бліжэйшы міні-палігон і адвезці смецце туды. У праекце на будаўніцтва, дарэчы, гэта месца ўказваецца. Д.Раманоўскі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Рашэннем райвыканкама закрыты міні-палігоны цвёрдых бытавых адходаў ля аграгарадкоў Вялікія Дольцы і Глыбачка, вёсак Касары, Астапаўшчына, Слабада, Апанаскавічы...
|
|