Падарожжа па родным краі. БАЙЛЮКІ
28.12.2018
—
Разное
|
Зваліся ліцвінамі Вёска гэта з’яўляецца адной са старэйшых на Глушчыне. Першыя звесткі пра Байлюкі значацца ў дакументах 17-га стагоддзя. А археалагічныя даследаванні, якія праводзіліся ў гэтых мясцінах у 1964 годзе, сведчаць, што людзі сяліліся тут з даўніх часоў. Адзіночны насып, які даследавалі вучоныя, знаходзіўся крыху больш за паўкіламетра на паўночна-заходнім баку ад Байлюкоў, на полі, якое і зараз мае назву Селішча. Насып адносіцца да эпохі старажытнай Русі, яго вышыня каля 600 метраў, а дыяметр — шэсць метраў. Па ўспамінах сяльчан, насып той колісь уверсе меў форму трохкутніка. У час раскопак выявілася, што да археолагаў тут ужо “папрацавалі” шукальнікі скарбаў. Што было знойдзена археолагамі — дык гэта толькі курыльная трубка каля насыпу. У 1692 годзе Байлюкі — гэта шляхецкая ўласнасць у Вялікім Княстве Літоўскім, складалася з дзесяці дамоў. І пісалася вёска ў той час не Байлюкі, а Баўлухі. Жыхары дакладна не ведаюць, чаму яно мела такія назвы. Кажуць, мо мясцовага пана звалі Байлюк, а мо чалавек, што пасяліўся тут першы, меў такое прозвішча. Ёсць яшчэ і меркаванне, што паколькі вёска знаходзілася пасярод балот, то і назва пайшла ад іх. Бо балоты тыя колісь былі такія непраходныя, што дабрацца ў вёску магчыма было толькі зімою, калі ўсё добра замерзне, і то калі дарогу ведаеш. Улетку гэта зрабіць было надта цяжка. Балоты тыя былі наканаваны самой матухнай прыродай служыць добрай аховай вёскі ад чужынцаў ды нядобразычліўцаў. А яшчэ балоты кармілі жыхароў ягадамі, якою-сякою зелянінаю і лячылі. Тут, у балотах, расло багата лекавых траў. “Адвар асакі пілі ад прышчыкаў на целе, а яшчэ сокам з расьліны ўрочнік альбо маруна намазвалі прышчыкі. Сок той часта змешвалі з несалёным тлустам, тады ён доўга захоўваўся і мог быць годны для лячэння скул. Ад залатухі дарослыя жыхары пілі адвар з расліны залатушнік ці з багонніка, альбо па-іншаму — багульніка, якога хапала ў балотах. Адварам балотнага макрацу мылі галаву ад перхаці…” (Бабруйская акруга, в. Машніцы, Байлюкі)” — так пісала газета “Наш край”. З 1727 года вёска Байлюкі ўваходзіць у склад маёнтка Глуск, а пасля падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе яна пачала адносіцца да Расійскай імперыі. Да 1840 года ў Расійскай імперыі афіцыйна лічыліся-пісаліся Віленская, Гродзенская і Мінская губерні, называліся літоўскімі, і жыхароў гэтых губерняў называлі ліцвінамі. У склад Мінскай губерні ўваходзілі і Байлюкі. “У Бабруйшчыне і там, дзе я рос, тады яшчэ быў папулярны назоў “Літва”, а мы былі “ліцьвіны”. Было й німала тых, хто памятаў, што й край наш называўся “Літвой”. Было яшчэ таксама шмат сьветкаў паўстання 1863—1864 гадоў. Мой дзед па бацьку быў у паўстанні, ды ў Машнічах, Слаўкавічах, Байлюках і іншых суседніх вёсках яшчэ былі жывымі сьветкі ды ўдзельнікі паўстання. “Мы Літва” — казаў мне заўсёды мой дзед. Ды і іншыя дзяды нам, дзецям, заўсёды казалі, што тут заўсёды была Літва”, — так пісаў ва ўспамінах пра сваю радзіму Яўхім Кіпель. Тут, у Байлюках, ён нарадзіўся. У 1896 годзе скончыў пачатковую школу, потым Глускае народнае вучылішча і пачаў свой шлях у самастойнае жыццё. Калёсы для пані Булгака і ровар з драўлянымі коламі З 1847 года вёска Байлюкі ўваходзіць у склад маёнтка Машніцы Бабруйскага павета Мінскай губерні. Па “Інвентарнай вопісі 1844—1847, Ігнатам Быкоўскім, іменія Машніцы, “в деревне Байлюки — 12 тягловых дворов”. В “Уставной грамоте имения Мошницы” запісана, што «народонаселение д. Байлюки в 1862 году — 26 дворовых и 80 жителей всего. Всей земли, состоящей в пользовании крестьян до обнародования, — 236 десятин, под оседлостью — 10 десятин». У 1865 годзе было заведзена “Выкупное производство в минском губернском присутствии по крестьянским делам», згодна з якім сялянам вёскі Байлюкі выдзялялася выкупная пазыка на зямлю. Пазыку яны павінны былі выплаціць на працягу 49 год. У гэты час уладальнікам Байлюкоў быў Альберт Быкоўскі, а сама вёска Байлюкі ўваходзіла ў склад Клятнянскага сельскага таварыства сялян-уласнікаў. Да гэтага таварыства было прыпісана 28 чалавек і яшчэ 38 чалавек. Але зямлю адразу рашылі выкупіць толькі дзесяць гаспадароў-уласнікаў. Гэта “Сямён Панкратаў, Іван Майсееў, Леонь Григоров, Никита Кононович, Григорь Григоров, Эвмиль Костьев, Лукьян Эвдохов, Савосько Николаев, Савосько Лукьянов, Прокоп Минин”. Усе яны мелі сядзібнай зямлі па адной дзесяціне, ворнай — хто 16 дзесяцін, а хто і 31, сенакосаў — ад 3 да 31 дзесяціны. Усе, хто выкупліваў свае надзелы, павінны былі “уплатить за пользование всею усадебною оседлостью в год — 72 рубля, а выкупа — 1 200 руб.”. Паводле “Уставу”, “…отпуск лыка на топливо производился из валежника и сухопадестойных деревьев за деньги по взаимному условию, но не на продажу”. Рыбная лоўля ўся заставалася ў распараджэнні пана. У сваіх гаспадарках сяляне трымалі коней, кароў, быкоў, валоў, свіней, авечак… Сеялі бульбу, гародніну, каноплі, зерне… Амаль кожны ў вёсцы ўмеў нешта майстраваць не толькі дзеля асабістай патрэбы, а і на продаж. Хто вяроўкі добра віў з канапель, хто рабіў бочкі, цэбры, плёў лапці, кашы… Касько Сідар быў надта майстравіты селянін, што б яму ў рукі ні патрапіла — то нешта з яго змайструе. Нават змайстраваў ровар з драўлянымі коламі. А Яўсей Кіпель быў добрым майстрам гнуць палазы для саней і абады для калёс з грабу ды ясеню, якіх багата расло ў ваколіцы. “Дрэвы гэтыя дазваляў пан секчы дарма дзеля майстравой патрэбы, таму і продаж гэтых палазоў і абадоў быў танны. Іх добра куплялі. Сярод пакупнікоў гэтых вырабаў быў пан Булгак, які, бывала, і сам наязджаў у Байлюкі, і да яго ў фальварак вазілі гэты тавар. А жонкай пана Булгака была родная сястра Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага, якая заўжды размаўляла па-мясцоваму, зграбная, ветлівая, яна ніколі не цуралася гаварыць на простай мове”. Паводле перапісу 1897 года ў Байлюках — 24 двары і 136 жыхароў. Калгас “Чырвоны партызан” Непадалёк ад вёскі знаходзіўся хутар, на якім у адным двары жыло 5 чалавек. Паводле архіўных дакументаў 1909 года, “деревня Байлюки” знаходзілася ад валаснога цэнтра за 106 вёрст, ад павятовага горада — за 55 вёрст, бліжэйшая чыгуначная станцыя была ў Бабруйску. Двароў у Байлюках — 33, жыхароў — 205 чалавек, з іх мужчын — 112, жанчын — 93. Адзначаецца, што жыло тут 13 яўрэяў, астатнія — беларусы. Царквы сваёй у вёсцы не было. Байлюкі належалі да прыходу Глускай праваслаўнай царквы. А вось могілкі ў вёсцы заўсёды былі і ёсць. Тут хаваюць не толькі жыхароў Байлюкоў, але і з Малінава, з Новаандрэеўкі, іншых вёсак — дзе радня ўся пахавана, яе і стараюцца трымацца. Каля могілак колісь стаяла карчма, у якой гандляваў яўрэй. Жыццё ў Байлюках ішло сваім парадкам. Аралі, сеялі, назапашвалі сена на балацінах… Паспяваў колас, гаспадар спрабаваў зерне на зуб, калі тое зерне было цвёрдым — настала ўжо пара і “хлеб жаць”. На досвітку ў белых кужэльных кашулях выходзілі ў поле жанчыны з сярпамі. Зажыналі. Адна жменя, другая… Роўненька клаліся на пожню зжатыя каласы, вось ужо і першы сноп, потым другі, дзесяць снапоў — ужо і бабка. Да Прачысты ў полі нічога не заставалася — ні снапа, ні бульбіны. Усё звезена ў гумны, а на досвітку быў чуваць грукат цапоў — гэта гаспадары зранку малацілі зерне. Цяжкая, у поце і пылу, з рання да цямна, праца селяніна, але ж для сябе, сваёй сям’і. Адзначалі ў вёсцы Каляды, Вялікдзень… У пост — пасцілі, у святы — гулялі, кірмаш быў у Байлюках на Міколу, 22 мая; спраўлялі вяселлі і радзіны… Так жылі да Вялікай Кастрычніцай рэвалюцыі, так жылі некалькі год запар і пасля перавароту 1917 года. Улада бясконца мянялася: то цара скінулі, то Саветы з’явіліся, потым неяк і рэўкамы зніклі — з’явіліся польскія легіянеры, потым зноў Саветы сталі. Хвалявалася вёска: а што ж будзе далей? Але паколькі Байлюкі знаходзіліся воддаль ад мястэчка, у баку ад наезджанага шляху, то сюды надта ніхто і не дапінаў і раўнамернага руху жыцця не парушаў. А вось калі пачалася калектывізацыя, то нацярпеліся. Рука не падымалася аддаць сваё. Хоць і не жылі сяльчане багата, але сваё шкада, ды і навошта той калгас? Але ўсё ж такі ў 1931 годзе калектыўная гаспадарка ў Байлюках была арганізавана. У яе ўвайшлі адразу 20 гаспадароў, потым і астатнія. Назву калгасу далі “Чырвоны партызан”, старшынёй абраны Д. Кіпель, загадчыкам гаспадаркі — І. Касько. Была створана рэвізійная камісія, кіраўніком яе працаваў Яўхім Прыц. Праз колькі год на гэту камісію вышэйшай уладзе нават паступіла скарга, што рэвізійная камісія калгаса “Чырвоны партызан” дрэнна працуе: на працягу 1935 года яна не зрабіла ў калгасе ні адной рэвізіі, і подпіс — “калгаснік”. Хто быў гэты “добразычлівец”, так і засталося невядомым. Таварыш упаўнаважаны Тым не менш “чорны воран”, якога надта ўсе баяліся ў тыя трыццатыя гады ХХ стагоддзя, неяк аб’ехаў Байлюкі. Хутчэй за ўсё, што сяльчане тут былі памяркоўныя, умелі ладзіць паміж сабою — дык і засталіся амаль усе жывыя, у роднай вёсцы. Вось толькі неяк нечакана з’явіўся ў 1936 годзе ў Глуску ўпаўнаважаны НКУС, пісаў у сваіх успамінах “Мястэчка… Мястэчка…” Сяргей Іванавіч Грахоўскі: “І хто? Адразу б ніхто не даў веры. Цыбаты, рэдказубы, недалужны хлопец з Байлюкоў, мой былы аднакласнік і ўстойлівы троечнік Сымон Кабыляк (а ён ужо стаў Кобыляков). За якія паслугі яго дапусцілі ў “святая святых”, толькі яму і было вядома. Пад турму забралі цагляную краму, паставілі краты і варту з наганам. З’явілася ўстанова, павінна быць і работа з вынікамі і справаздачамі. Сымон пачаў заганяць у кутузку былых гандляроў, колішняга валаснога пісара, сальніка, некалькі “падкулачнікаў”, не пашкадаваў і роднага дзядзьку Васіля Сапегу (так ён і згінуў на Поўначы). (Сапега Васіль Елісеевіч, нарадзіўся ў 1894 годзе ў в. Байлюкі. Жыў у Глуску. Працаваў аб’ездчыкам лясгаса. Арыштаваны 06.08.1937 года. Асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 13.01.1938. Рэабілітаваны 10 кастрычніка 1966 года. — Аўт.). Не хапала толькі значнай фігуры. Відаць, такую патрабавалі ў Сымона. І выбар упаў на доктара Сямёнава. Нехта бачыў яго на здымку ў палкоўніцкіх пагонах і «капнуў» Сымону. А таму толькі гэта і трэба было. Ноччу забралі Аляксандра Сцяпанавіча, і закруціўся “канвеер”… У абарону доктара паднялося ўсё мястэчка: пісалі скаргі ў Мінск і Маскву, збіралі грошы, каб адвакат… паехаў куды трэба і вызваліў Сямёнава. Восем месяцаў мардаваў непрымірымы чэкіст Сымон Кабылякоў, нічога не выбіў, змогся пад напорам людскога гневу і выпусціў доктара з “узілішча”, затое трохі пазней расправіўся з усім раённым начальствам. Паспеў толькі ўцячы першы сакратар райкама Іван Сяргеевіч Краўчанка. А Сямёнаў вярнуўся да сваіх хворых… У 1939 годзе, каб спісаць жахлівы крывавы тэрор на “перагібы” мясцовых работнікаў, за “перавышэнне ўлады” вышэйшыя чыны пачалі знішчаць і караць сведкаў страшэннай расправы над народам. На Калыму трапіў і Сымон. Праз дзесяць гадоў вярнуўся ў Глуск і наняўся нарыхтоўшчыкам жывёльнай сыравіны… Праз многа гадоў мы сустрэліся з ім у Глуску. Ён нібыта ўзрадаваўся: “Мы ж з табою, браце, абодва пацярпелі ні за што ні пра што. Ну, здароў, дружа!” Я доўга глядзеў, пакуль ён не апусціў вочы. “А твой дружа ў сібірскай тайзе лапу ссе, а сярод маіх сяброў нягодніках не было і няма. Мы ж незнаёмыя”. — “Ну, што ты, быў такі час, з нас онь як патрабавалі…” Я павярнуўся і пайшоў, а калі ён трапляўся на вочы, пераходзіў на другі бок вуліцы”. Калгас «Радзіма» Перад вайною старшынёю калгаса “Чырвоны партызан” працаваў Андрэй Яўсеевіч Кіпель. Калі прыйшлі немцы на Глушчыну, ён схаваўся ў лесе. Аднойчы, прабіраючыся дадому, у Байлюкі, ён трапіў у рукі ворагаў. Яго злавілі ў самым канцы вёскі, доўга мучылі, а потым расстралялі. Жонку яго звалі Праскоўя. Яе таксама адвезлі ў Глуск і там расстралялі, нават яму капаць сабе загадалі, апавядаюць сяльчане. А ўсё дабро іхняе з хаты, з усёй гаспадаркі забралі, пагрузілі на падводы і адвезлі таксама ў Глуск. Пасля вайны калгас аднавіў сваю працу. Старшынёй быў прызначаны Сямён Іоўлевіч Касько, свой, мясцовы, пазней былі Няхлебаў з Бабровіч, Лугін з Новаандрэеўкі, а як аб’ядналі і Байлюкі ўвайшлі ў склад калгаса імя Куйбышава, то калгасам кіравалі Аляксей Трафімавіч Шумідуб, потым Ілья Ганчароў, Станкевіч, Славецкі. Калі ж калгас яшчэ больш павялічыўся (да яго далучылі вёскі Барбарова, Вайцяхова і іншыя) і назву займеў “Радзіма”, то старшынёй стаў Барыс Іосіфавіч Гелер… Брыгадзірамі ў Байлюках працавалі адразу пасля вайны Мікіта Касько, з 1958 па 1965 год — Мікалай Іосіфавіч Касько, потым Канстанцін Радкевіч … У Байлюках былі ферма, цялятнік. Загадчыкамі фермы ў розныя часы працавалі Сямён Касько, Воля Міхалёва, Вольга Лугін, Якім Лугін. Каля фермы стаяла кузня, была канюшня добрая. Партрэт Ганны Захараўны Сапегі некалькі год запар красаваўся на стэндзе “Перадавікі вытворчасці” ў цэнтры калгаса. Тут таксама былі і партрэты пастуха — пенсіянера Фамы Сямёнавіча Марціновіча, які даглядаў жывёлу, звеннявога механізаванага звяна Мікалая Рыгоравіча Шумскага, калгасніцы-камуністкі Еўдакіі Андрэеўны Дзядзюлі, кандыдата ў члены КПСС Пятра Міхайлавіча Круглова. Іна КІРЫНА Працяг будзе Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Зваліся ліцвінамі Вёска гэта з’яўляецца адной са старэйшых на Глушчыне. Першыя звесткі пра Байлюкі значацца ў дакументах 17-га стагоддзя. А археалагічныя... |
|