Са шматлікімі задачамі паспяхова спраўляецца калектыў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама
04.01.2019
—
Разное
|
5 студзеня 2019 года сацыяльнай службе Беларусі спаўняецца 100 год і сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі сферы сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Гісторыя гэтай службы пачыналася з грашовых выплат у выпадку бедстваў ці ў выніку беспрацоўя або страты працаздольнасці. Сучасная ж сацыяльная служба краіны ўяўляе сабой ужо ўстойлівую сістэму, ўмацаваную законамі і стабільным фінансаваннем. Створаны эфектыўная структура дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі і абслугоўвання, дакладная сістэма пенсійнага забеспячэння, падтрымка сем’яў пры нараджэнні і выхаванні дзяцей, занятасці насельніцтва, аховы працы і выплаты заработнай платы. — Назначэнне і выплата дзяржаўных пенсій і грашовых дапамог, матэрыяльная падтрымка малазабяспечаных грамадзян, аказанне адраснай сацыяльнай дапамогі садзейнічанне ў працаўладкаванні, сацыяльнае абслугоўванне непрацаздольных грамадзян — далёка не поўны пералік пытанняў, рашэннем якіх займаюцца работнікі нашай службы, — паведаміла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вера Барысаўна Жук. — У 1966 годзе быў адноўлены Шаркаўшчынскі раён. І ўжо ў жніўні гэтага года быў створаны Шаркаўшчынскі раённы аддзел сацыяльнага забеспячэння. У верасні 1995 года — аддзел сацыяльнай абароны Шаркаўшчынскага райвыканкама, у студзені 2002 года — упраўленне па працы і сацыяльнай абароне райвыканкама. У лютым 2007 года яно было перайменавана ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Шаркаўшчынскага райвыканкама, у калектыве якога на сённяшні дзень працуюць 9 чалавек. А само ўпраўленне аб’ядноўвае работу двух аддзелаў: аддзела занятасці насельніцтва і сацыяльна-працоўных адносін і аддзела назначэння пенсій і сацыяльнай падтрымкі насельніцтва. Па стане на 1 снежня 2018 года ва упраўленні па працы ажыццяўляецца выплата пенсій і грашовых дапамог па 5966 справах на агульную суму звыш 2 мільёнаў рублёў штомесячна (4438 — па ўзросту, 595 — па інваліднасці, 241 — у выпадку страты кармільца, 115 — за выслугу гадоў, 10 — за асобыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь, 191 — сацыяльныя). У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 снежня 2014 года № 572 “Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, што выхоўваюць дзяцей” з 1 студзеня 2015 года пры нараджэнні, усынаўленні ці ўдачарэнні трэцяга або наступных дзяцей грамадзяне Рэспублікі Беларусь, пастаянна пражываючыя на тэрыторыі краіны, маюць права на аднаразовае прадастаўленне безнаяўных грашовых сродкаў у памеры 10 000 долараў (грашовы капітал). З пачатку дзеяння Указа ва упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Шаркаўшчынскага райвыканкама за назначэннем сямейнага капіталу звярнулася 71 сям’я (2016 г. — 19 сем’яў, 2017 г. — 34 сям’і, 11 месяцаў 2018 года — 18 сем’яў). Па ўсіх сем’ях Шаркаўшчынскім раённым выканаўчым камітэтам прынята рашэнне аб назначэнні сямейнага капіталу. Кожны год упраўленне па працы арганізуе грамадскія работы па добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў, азеляненні гарадскога пасёлка, цякучым рамонце і добраўпарадкаванні тэрыторыі ДУ “ТЦСАН Шаркаўшчынскага раёна” (у тым ліку і ў в Дзікева) і ДУСА “Александроўскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў; прыцягвае да часовай працоўнай занятасці моладзь у вольны ад вучобы час; накіроўвае на прафесійную падрыхтоўку (перападрыхтоўку) беспрацоўных грамадзян; аказвае садзейнічанне ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці з выдаткаваннем субсідый; арганізуе перасяленне сем’яў беспрацоўных на новае месца жыхарства і працы; забяспечвае працаўладкаванне інвалідаў у межах адаптацыі да працоўнай дзейнасці. Сёння з упэўненасцю можна сказаць, што ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама працуе зладжаны калектыў, якому па плячы выкананне ўсіх пастаўленых задач. Словы асаблівай падзякі — усім ветэранам сацыяльнай службы. Звыш 20 гадоў ў сферы сацыяльнай абароны насельніцтва адпрацавалі нашы былыя супрацоўніцы: Галіна Мікалаеўна Філатава, Галіна Іванаўна Ардынская, Тамара Мікалаеўна Дзітрыс, Святлана Алегаўна Савелава, Рыма Сцяпанаўна Баткоўская і Людміла Пятроўна Марозава. У ліку лепшых прадстаўнікоў сучаснага калектыву ўпраўлення — галоўныя спецыялісты аддзела занятасці насельніцтва і сацыяльна-працоўных адносін Маргарыта Станіславаўна Баговіч (агульны стаж работы — 29 год) і Людміла Мар’янаўна Бука (працуе 21 год). А ўвогуле, сваёй штодзённай добрасумленнай працай на карысць жыхароў нашага раёна шчырых слоў удзячнасці і прызнання заслужылі ўсе работнікі сферы сацыяльнай абароны насельніцтва. Ад усёй душы віншую сваіх калег з прафесійным святам, 100-гадовым юбілеем сацыяльнай службы краіны, Раством і Новым 2019 годам! Няхай здароўе будзе моцным, настрой — выдатным, а дабро, якое вы дорыце людзям, абавязкова вяртаецца да вас і вашых родных. Сямейнага дабрабыту, ажыццяўлення ўсяго задуманага, шчасця і поспехаў у новым годзе! Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
|
|