5 студзеня філіял дарожна-будаўнічага ўпраўлення-26 адзначае 50-годдзе. 21.by

5 студзеня філіял дарожна-будаўнічага ўпраўлення-26 адзначае 50-годдзе

04.01.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Леанід Пракоф'еў і Пётр Сяліцкі

Леанід Пракоф’еў і Пётр Сяліцкі

Будаўніцтву і ўтрыманню дарог ва ўсе часы ўдзялялася асаблівая ўвага. Гэта і не дзіўна. Ад аўтамабільных трас, а дакладней ад іх стану залежаць практычна ўсе жыццёва важныя працэсы:  развіццё вытворчасці, дастаўка тавараў народнага спажывання, дзелавыя і культурныя кантакты. Па дарогах едуць аўтамашыны з грузамі, дастаўляючы прадукцыю прадпрыемстваў прамысловасці, спяшаюцца аўтакрамы, перавозяць пасажыраў аўтобусы. Для таго, каб кожны з іх хутка, камфортна і бяспечна змог дабрацца да месца назначэння, дарожныя будаўнікі працуюць, не шкадуючы сіл.

5 студзеня філіял дарожна-будаўнічага ўпраўлення-26 у нашым гарадскім пасёлку адзначае 50-годдзе са дня заснавання сваёй арганізацыі.

Гісторыя зараджэння дарожнай справы ў Шаркаўшчыне бярэ свой пачатак у далёкім 1969 годзе, калі ў нашай мясцовасці была створана першая дарожна-будаўнічая арганізацыя — ДБР-26 (дарожна-будаўнічы раён). У 1981 годзе яна стала называцца дарожна-будаўнічым упраўленнем-26. З цягам часу дарожнікі пабудавалі сваю вытворчую базу, а сама арганізацыя разрасталася і папаўнялася маладымі перспектыўнымі кадрамі.

З першых гадоў утварэння дарожна-будаўнічага раёна ў нашым гарадскім пасёлку калектыў дарожнікаў узначаліў Мікалай Васільевіч Косар, які з’яўляўся кіраўніком арганізацыі на працягу 28 гадоў.

Мікалай Васільевіч Косар

Мікалай Васільевіч Косар

— Спачатку было няпроста: велізарныя аб’ёмы работ, недахоп людзей і тэхнікі. І гэта пры тым, што шаркаўшчынскія дарожнікі на тэрыторыі 6 раёнаў Віцебскай вобласці пракладвалі дарогі там, дзе часта іх дагэтуль не было. І ўсё ж прыемна было бачыць, як радуецца новым дарогам насельніцтва і як у лепшы бок мяняецца жыццё людзей, — пра гэта ўспамінае сёння Мікалай Васільевіч. Праз два гады сваёй працоўнай дзейнасці ў Шаркаўшчыне, куды разам з сям’ёй пераехаў у 1970 годзе, ён узначаліў калектыў дарожнікаў ДБР-26. Пад яго кіраўніцтвам на пастаяннай аснове працавала каля 200 чалавек. Каб своечасова выконваць запланаваныя аб’ёмы работ, неабходна было развівацца, прыцягваць у арганізацыю новыя кадры. Спачатку пабудавалі адміністрацыйныя будынкі ДБУ-26, склад, кацельную, жыллё для сваіх супрацоўнікаў, у многіх раёнах стварылі прарабскія ўчасткі. З гэтага пачыналася работа М. В. Косара як кіраўніка. Сярод аб’ектаў, пабудаваных шаркаўшчынскімі дарожнікамі, магістралі рэспубліканскага і саюзнага значэння, масты, аэрадромы для сельгасавіяцыі і вялікая колькасць дарог, што звязваюць паміж сабой дзясяткі населенных пунктаў рознай велічыні. Максімальная колькасць дарог (працягласцю каля 600 кіламетраў) была пабудавана за перыяд з 1970 па 1995 гады. Пра кожны са сваіх аб’ектаў Мікалай Васільевіч і сёння можа многае расказаць, бо за кожным з іх — вялікая стваральная праца людзей, усіх тых, хто аднойчы і на ўсё жыццё абраў для сябе няпростую справу дарожніка. Сярод іх і сам М. В. Косар — прафесіянал з 42 гадовым стажам, Ганаровы дарожнік Рэспублікі Беларусь 1-й ступені, які амаль тры дзесяцігоддзі ўзначальваў калектыў дарожнікаў у Шаркаўшчыне.

— На працягу апошніх 8 гадоў дырэктарам філіяла ДБУ-26 у нашым гарадскім пасёлку з’яўляецца Уладзімір Цімафеевіч Серыкаў, агульны стаж работы ў арганізацыі якога налічвае 47 год. Чалавек, які, безумоўна, ведае ўсе тонкасці няпростай прафесіі дарожніка, за гэты перыяд прайшоў няпросты шлях ад тэхніка-будаўніка да дырэктара філіяла, —адзначыў галоўны інжынер філіяла ДБУ-26 Алег Мікалаевіч Латышонак.

Ён таксама расказаў, што шаркаўшчынскімі дарожнікамі за ўсю гісторыю існавання арганізацыі нямала зроблена для таго, каб філіял дарожна-будаўнічага ўпраўлення-26 адпавядаў сучасным патрабаванням. І сёння калектыў, у складзе якога працуюць 103 работнікі і спецыялісты, ажыццяўляе капітальны рамонт і будаўніцтва дарог на розных участках па ўсёй Беларусі. У цяперашні час найбольшыя аб’ёмы работ праводзяцца менавіта на аддаленых аб’ектах.

У мінулым годзе калектыў дарожнікаў нашага філіяла ажыццяўляў будаўнічыя работы на двух участках аўтадарогі М-6 Гродна—Мінск, а таксама быў задзейнічаны на рэканструкцыі пункта пропуску “Урбаны” на мяжы з Латвіяй. Ажыццяўляліся рамонтныя работы дарожнага палатна на вуліцах горада Глыбокае, працягвалася рэканструкцыя на вуліцы Маладзёжнай у нашым гарадскім пасёлку. Цяпер усе сілы калектыву філіяла ДБУ-26 накіраваны на будаўніцтва пад’язной аўтамабільнай дарогі рэспубліканскага значэння да лагістычнага цэнтра ў пасёлку Балбасава (Аршанскі раён).

Улічваючы няпростую эканамічную сітуацыю, 2018 год для дарожнікаў выдаўся напружаным, але, разам з тым, і нядрэнным.  Работа у калектыву ёсць, вызначыліся з праектамі і ў новым 2019 годзе, на які таксама запланаваны дастаткова вялікія аб’ёмы работ.

А асноўнай сілай, што рухае арганізацыю наперад, па словах галоўнага інжынера Алега Латышонка, ва ўсе часы былі, ёсць і застаюцца яе спецыялісты ўсіх узроўняў, звычайныя дарожныя рабочыя, дзякуючы якім своечасова здаюцца кіламетры пракладзеных аўтатрас, укараняюцца новыя тэхналогіі, распрацоўкі і матэрыялы. Менавіта на іх вопыце і працавітасці, самадысцыпліне і адказнасці грунтуецца поспех любой справы.

За шматгадовую добрасумленную працу у калектыве ДБУ-26 нагрудным знакам “Ганаровы дарожнік Беларусі” 1-й ступені ў мінулыя гады была адзначана праца кіраўнікоў арганізацыі Мікалая Васільевіча Косара і Уладзіміра Цімафеевіча Серыкава. Нагрудным знакам “Ганаровы дарожнік” 2-й ступені ўзнагароджаны вадзіцель Леанід Анатольевіч Пракоф’еў, машыніст экскаватара Пётр Часлававіч Сяліцкі, інжынер-лабарант Ларыса Генадзьеўна Хвяцковіч, прараб Сяргей Леанідавіч Варона і былы машыніст бульдозера Аляксандр Васільевіч Аўдзеенка, які цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

Шчырых слоў удзячнасці за сваю працу заслугоўваюць усе працаўнікі і ветэраны, якія шмат гадоў адпрацавалі ў арганізацыі.

711У дарожнікаў няпростая праца: у любое надвор’е яны выконваюць сваю місію для таго, каб людзі маглі сустракацца незалежна ад адлегласці, што пралягае паміж імі. Нездарма жыццё чалавека часта параўноўваюць з дарогай. Каб дастойна прайсці яе ад пачатку да канца, неабходны воля, працавітасць, вытрымка, любоў да абранай прафесіі і многае іншае. Жадаем калектыву ДБУ-26, які сёння адзначае 50 год са дня ўтварэння сваёй  арганізацыі, не спыняцца на дасягнутых поспехах і ўпэўнена ісці наперад, павышаючы ўзровень свайго майстэрства і прафесіяналізму.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика