«Каляды — гэта там, у бабулі, у вёсцы…». 21.by

«Каляды — гэта там, у бабулі, у вёсцы…»

07.01.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  


Прыбіраючы ёлку, развучваючы калядныя песні і вершы, размалёўваючы  батлеечных  лялек, сучасныя бацькі думаюць: што запомніць дзіця? І ці запомніць яно што-небудзь? Большасць сённяшніх бабуль і дзядуляў, мам і татаў не сустракалі Каляд у дзяцінстве, і нам цяжка ўявіць, як бачаць свята нашы дзеці. Ці не марна мы спрабуем пракласці гэты шлях да дзіцячага сэрца? Дык вось, шаноўныя бацькі, з пазіцыі ўласнага жыццёвага вопыту і назірання за бацькамі і дзецьмі магу з дакладнасцю сказаць — не марна.

У бабуліным доме, у вёсцы, для мяне галоўнымі падзеямі былі Каляды і Вялікдзень. Калядны ўспамін, які пакінуў найбольшае ўражанне, — куцця.

Напярэдадні свята ўвесь дзень дом быў агорнуты  радасным чаканнем. Бабуля казала: сварыцца нельга! У гэты дзень усе прасілі адзін у аднаго прабачэння  і размаўлялі цішэй. Мы дапамагалі бабулі  прыбіраць хату, упрыгожвалі  жывую духмяную ёлку, таму што бабуля ніколі не ставіла ёлку на Новы год, толькі на Каляды. Менавіта ў гэты дзень тата прывозіў яе з лесу. Яна адтайвала, зіхацела, струменіла водар, а мы круціліся вакол яе.

Бабуля ўвесь дзень не выходзіла з кухні. Пах выпечкі і радаснае, стрыманае ўсімі ўзбуджэнне луналі па пакоях. Гэта было сапраўднае свята, мы весяліліся і  чакалі цуду. Перакусвалі ўрыўкамі, сапраўднага абеду ў гэты дзень не было, таму да вечара ўсе былі галодныя.

Днём і вечарам мы бегалі ў хлеў слухаць, ці не размаўляюць карова і козы, паколькі было павер’е, што ў гэтую ноч жывёлы набываюць уменне гаварыць па-чалавечы. У хляве хапалі ў бярэмя дровы і лічылі, колькі атрымалася: колькі дроў схапілі, столькі гадоў чакаць да вяселля.

Глыбокай ноччу, устаўшы з-за стала, мы з  бабулечкай хадзілі ў маленькі храм. Храм я наведвала, пакуль была малая. Школьнікі хадзіць туды баяліся, паколькі настаўніца абавязкова пыталася ў першы дзень пасля канікул: “Устаньце, хто святкаваў Каляды”. Бабуля папярэджвала мяне, каб маўчала, не прызнавалася. Пры гэтым Каляды святкавалі абсалютна ўсе, і настаўнікі таксама.

Раніцай наступнага дня ўсе прачыналіся позна. Мы адразу навыперадкі беглі зазірнуць пад ёлку, дзе нас чакалі падарункі. Падарункі не былі такія багатыя, як цяперашнія — айфоны-тэлефоны. Яны былі вельмі сціплымі, таму і такімі дарагімі для нас. Дзяцей таго часу яшчэ можна было здзівіць!

Раніца была тым часам, калі мы адчувалі, што ўсё самае галоўнае ўжо адбылося. Цуд адбыўся, немаўля Хрыстос нарадзіўся, падарункі ўручаны. Далейшыя застоллі тычыліся хутчэй дарослых, паколькі менавіта днём, 7 студзеня, усе пачыналі хадзіць адзін да аднаго ў госці, прымаць у сябе сяброў і святкаваць Каляды па-даросламу. Нам бабуля даставала белые семкі, яна называла іх гарбузікамі, мы лезлі на печ і пачыналіся самыя цудоўныя падарожжы — падарожжы  па бабуліных казках.

Хоць мы і не заўсёды святкавалі Каляды ў бабулі, але менавіта з ёй, з яе хатай, з пахам рускай печы ў мяне звязаны самыя-самыя дарагія  калядныя ўспаміны. Каляды — гэта там, у бабулі, у вёсцы.

Зараз жа мяне штогод вельмі моцна цягне ў вёску, да бабулі, менавіта 7 студзеня. Хоць бабулі няма ўжо 16 гадоў, і вёскі не стала. У гэты дзень я заўсёды літаральна месца сабе не знаходжу. Мне да слёз не хапае гэтага свята, я заўсёды яго памятаю, і душа рвецца туды, у дзяцінства.

Шаноўныя бабулі  і дзядулі, мамы і таты! Дарыце сваім дзецям і ўнукам самае цудоўнае свята — Калядны цуд!

Вольга ПУЛЯК,

загадчык ясляў-сада №4

г.Нясвіжа “Караблік дзяцінства”.                                                       

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прыбіраючы ёлку, развучваючы калядныя песні і вершы, размалёўваючы  батлеечных  лялек, сучасныя бацькі думаюць: што запомніць дзіця? І ці запомніць яно
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика