Великодолецкие школьники произвели фурор на областном этапе «Снежного снайпера» и вскоре выйдут на старт республиканских соревнований!
30.01.2019
—
Разное
|
На мінулым тыдні ў Віцебску праходзіў абласны этап спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Біятланісты малодшай узроставай групы выйшлі на старт першымі – і ўшачане выклікалі сапраўдны фурор. Вялікадолецкія школьнікі Рома Лабецкі, Ілья Падворны, Жэня Сямяхіна і Маргарыта Стрыжонак сабралі ўсё “золата” і “срэбра”, пакінуўшы астатнім магчымасць змагацца толькі за трэція месцы. 3 40 стрэлаў, якія яны сумарна зрабілі па ўстаноўках, 39 аказаліся дакладнымі! “Усялякае бачыў, але ж такога не прыпомню!” – не хаваў здзіўлення дырэктар Віцебскага абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Сяргей Бабіч. Агульнакамандны вынік ва ўзроставых групах вызначаўся па суме асабістых месцаў удзельнікаў – ушачане набралі 6 балаў, тады як стаўшая другой каманда Першамайскага раёна Віцебска – аж 27. I гэта прытым, што ў абласны цэнтр з’ехаліся сапраўды лепшыя юныя біятланісты Прыдзвіння, якія сталі пераможцамі раённых спаборніцтваў. “Папулярнасць “Снежнага снайпера” з кожным годам расце. Сёлета на старт выйшла каля 300 удзельнікаў з 25 каманд – такіх буйных абласных спаборніцтваў па гэтым відзе яшчэ не было!” – адзначае У.Лапіцкі. “Хвалявалася толькі да пачатку гонкі, а потым проста працавала, як вучыў нас трэнер!” – ахвотна дзеліцца ўражаннямі пераможца Жэня Сямяхіна. “А я са старту ўперад не рвалася, – раскрывае сваю тактыку ўладальніца срэбра мініяцюрная Маргарыта Стрыжонак. – Дзяўчынкі кінуліся навыперадкі і пачалі падаць – я іх спакойна аб’ехала і перамагла ў сваім забегу!” На жаль, на наступны дзень слупок тэрмометра апусціўся за мінус 15, і спаборніцтвы ў эстафеце для малодшых удзельнікаў былі адменены. Ну а ўвесь наш квартэт цалкам увайшоў у склад зборнай каманды, якая прадставіць вобласць у Раўбічах! У сераду ж на старт выйшлі спартсмены сярэдняй групы. Адразу скажам, што ў гэтай катэгорыі ўшацкія спадзяванні былі не надта амбіцыйнымі, бо “правераным штыком” тут выступала толькі ўдзельніца мінулагодняга рэспубліканскага фіналу Таня Кандыба. I хоць дзяўчыну ў гэты раз падвяла стральба, яна зноў здолела адабрацца для выступлення ў Раўбічах. Добры патэнцыял праглядаецца ва Улада Асіпёнка, але ж кубліцкі хлопец толькі першы год трэніруецца пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мікалаевіча. Тым не менш наш прадстаўнік трапіў у рэзервовы склад зборнай вобласці. Таксама ў гэтай групе за раён выступалі Дар’я Арцюх і вучань арэхаўскай школы Даніла Праннік. Ну а апошнія два дні на віцебскай трасе сваё майстэрства дэманстравалі старэйшыя юнакі і дзяўчаты. I тут ушацкая медалёвая скарбонка зноў папоўнілася медалямі. Сяргей Зянюк і Ігар Лабецкі з адчувальнай перавагай выйгралі свае забегі, прычым у агульным пратаколе першы апярэдзіў другога толькі на адну секунду! Золата і срэбра сталі для вялікадальчан пропускам у Раўбічы. Святлана Дарашкевіч і Вікторыя Мішына дапамаглі хлопцам выйграць бронзу ў камандным заліку. Трэба сказаць, што Віка была літаральна ў кроку ад заваявання яшчэ адной “ліцэнзіі” ў фінал, аднак лішні промах на стрэльбішчы перамясціў яе з прамых кандыдатаў у запасныя. “Траса была больш складаная за нашу дамашнюю і давялося пацярпець, каб захаваць тэмп да фінішу, затое на ёй можна было развіць высокую хуткасць”, – расказвае Сяргей. Да слова, сёлета арганізатары рыхтавалі трасу з дапамогай новай спецыяльнай снегаўшчыльняльнай машыны, вытворчасць якой асвоіў айчынны завод МТЗ. У панядзелак перад урокамі юных трыумфатараў віцебскіх стартаў услаўлялі на ўрачыстай лінейцы ў роднай школе. А ўжо праз некалькі гадзін яны на чале з Уладзімірам Мікалаевічам зноў накручвалі кругі па снежнай трасе. І рабілі гэта з такім запалам, што, здаецца, сапраўды не хапала толькі зусім крыху, каб узляцець над белымі схіламі. Часу на адпачынак няма, бо ўжо 10 лютага як мінімум сямёра юных вялікадальчан адправяцца ў галоўны біятлонны цэнтр краіны, каб паказаць усё, на што яны здольныя, і адстаяць гонар сваёй маленькай школы з вялікімі спартыўнымі амбіцыямі. Мы ж будзем з нецярплівасцю чакаць навін і тэлевізійных сюжэтаў, якія раскажуць пра раўбіцкія старты будучых зорак айчыннага біятлону. Наталля БАГДАНОВІЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На мінулым тыдні ў Віцебску праходзіў абласны этап спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба....
|
|