Представители организаций Ушаччины поспорили за звание лучших на первенстве района по хоккею
13.02.2019
—
Разное
|
Гарачы лёд. Менавіта такі выраз, хоць і з’яўляецца неверагодным, яскрава характарызаваў дзейства, што адбывалася ў мінулую суботу на катку ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Раённае першынство па хакеі сярод арганізацый ладзілася на Ушаччыне ўпершыню і сабрала на лядовай пляцоўцы нямала аматараў гэтай гульні. Дастаткова цёплае надвор’е паспрыяла добраму настрою балельшчыкаў. А вось арганізатарам спаборніцтваў і ўдзельнікам каманд прынесла нямала выпрабаванняў. – Рыхтаваліся ўчора да позняга, – расказаў старшыня раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Андрэй Жыткоў. – Спадзеючыся хаця б на невялікі мінус, падлівалі і размяркоўвалі ваду па пляцоўцы. Вось толькі старанні былі дарэмныя – пакрыццё так і не “прыхапілася”. Давялося тэрмінова мяняць планы і пераносіць гульню на “арэну” па-суседстве. Ужо з першых хвілін лядовых баталій стала зразумела: сумаваць не давядзецца ні суддзям, ні гледачам. Усе шэсць каманд, як ладныя хакейныя дружыны, даказвалі сваю спартыўную годнасць, а іх трэнеры час ад часу не стрымліваліся і “падбадзёрвалі” сваіх падапечных моцным слоўцам. Гульні атрымаліся азартнымі і відовішчнымі. Першымі на пляцоўку выйшлі прадстаўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і цэнтральнай раённай бальніцы. – На каньках не стаяў са школьных часоў, – падзяліўся з намі ўрач Аляксандр Вусько. – Аднак абараніць гонар роднай установы, “прарэкламаваць” здаровы лад жыцця ўшачанам і з карысцю правесці выхадны дзень – справа гонару для мяне і ўсёй нашай каманды. Дарэчы, такі настрой не пакінуў медыкаў без добрых вынікаў. Аўтарамі забітых галоў сталі ўсе трое ігракоў каманды: акрамя Аляксандра гэта Уладзіслаў Якубёнак і Уладзімір Цвяцінскі. Першыя ж два праявілі сваю ўніверсальнасць, годна спраўляючыся па чарзе з ролямі і галкіпера, і нападаючага, і абаронцы. Вельмі напружанай атрымалася гульня паміж санаторыем “Лясныя азёры” і райаддзелам па надзвычайных сітуацыях. Падчас нядаўняга Дня снегу на аналагічных спаборніцтвах абедзве каманды былі ў ліку прызёраў (другое і трэцяе месцы адпаведна), а таму іх імкненне захапіць на гэты раз абсалютнае лідарства было бясспрэчным. Але ўдача зноў аказалася на баку “Лясных азёр”. Заўзята падтрымліваў каманду, а потым спрабаваў ухапіць клюшку самы юны балельшчык першынства Назар Парашкін, якому ўсяго 1 год і 7 месяцаў – за санаторый выступаў тата хлопчыка Андрэй. Самай вялікай аказалася група падтрымкі ў зборнай каманды райаддзела ўнутраных спраў і Дэпартамента аховы. “Пахварэць” за сваіх прыйшлі, здаецца, усе, хто быў у гэты дзень не на дзяжурстве. І не прагадалі! І калі ў спрыце Андрэя Бутоўскага, які адну за адной накіроўваў шайбы ў вароты сапернікаў, ніхто не сумняваўся, то надзейны тыл з боку галкіпера Сяргея Герцыка прывёў прысутных у захапленне. “А прыз лепшаму варатару не прадугледжаны?” – прама падчас гульні жартаваў участковы інспектар міліцыі. І, трэба сказаць, меў на гэта цалкам заслужаныя падставы. Вельмі эфектна выглядала на лядовай пляцоўцы зборная каманда Ушацкай сярэдняй школы і раённага сектара спорту і турызму. І калі выратавальнікаў яна абышла са значнай перавагай, то перасіліць санаторый не здолела – лік гульні склаў 5:10. Тры гадзіны напружанай барацьбы, хвіліны чакання – і вынікі вядомы. Трэцяе месца заняла зборная РАУС і аховы, другое – цэнтральная раённая бальніца, першае – “Лясныя азёры”. Пераможцы і прызёры першынства па хакеі атрымалі граматы ад раённага фізкультурна-спартыўнага клуба і прызы ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гарачы лёд. Менавіта такі выраз, хоць і з’яўляецца неверагодным, яскрава характарызаваў дзейства, што адбывалася ў мінулую суботу на катку ля... |
|