Беларускія «Вячоркі» прайшлі ў вёсцы Курчоўцы Воранаўскага раёна
21.02.2019
—
Разное
|
Вёска Курчоўцы ажывілася. У мясцовым клубе зноў збіраюцца яе жыхары — ад малога да старога. Ды як і не сабрацца, калі там — вячоркі. Самаму маленькаму гледачу Ігнату Вільчэўскаму — паўтара годзіка, а старэйшай — Ганне Уладзіславаўне Маўчанавай — 86. Сталыя жыхары вёскі з настальгіяй прыгадваюць тыя часы, калі ў сельскім клубе нярэдкімі гасцямі былі прафесійныя артысты, ды і самі яны рэгулярна выступалі перад аднавяскоўцамі. Цікава праходзілі мерапрыемствы пад кіраўніцтвам былой загадчыцы клуба Веры Іванаўны Васько, якая сёння зноў вярнулася “ў свой клуб”, але ўжо ў якасці мастацкага кіраўніка. Па яе просьбе вучні восьмых класаў Забалацкага НПК разам з класнымі кіраўнікамі Я.Я. Міхайлавай, Г.Ч. Цыбулькай і гуртом “Дударыкі” пад кіраўніцтвам М.А. Мерляка наладзілі вячоркі. Ісіх вітала загадчыца цэнтра культуры Людміла Шыліна, якая распавяла аб тым, як калісьці ладзілі вячоркі ў Курчоўцах, ды заўважыла, што лепш адзін раз убачыць, чым сто пачуць. І запрасіла на сцэну “гаспадароў” — Лявона, Лявоніху з дачушкай Алесяй. Да іх на вячоркі першымі завіталі дзяўчаты з Забалаці і Несцерка, без якога, бадай, не праходзяць ні адны вячоркі. Як водзіцца, ён заглянуў на агеньчык з прымаўкамі ды песнямі. Спачатку загучала беларуская народная песня “Цячэ вада ў ярок”, якую падхапілі глечачы. А колькі іх выканалі на вячорках, цяпер ці прыгадаеш?! Жарты і смех перарваў новы госць — бабулька-шаптуха з вёскі Малюкі. Яна вельмі парадавала дзяўчат шчаслівай гісторыяй кахання — “звязала” ў адно лёсы Ганначкі і яе суджанага Грышкі. А хутка і курчоўская моладзь разам з музыкантамі падаспела. Тут распачалося… І прыпеўкі спявалі, і ў танцы віхурылі, а крыху стаміўшыя, у народныя гульні сыгралі. Весела на вячорках было ўсім: і артыстам, і гледачам. Некаторыя з прысутных падзяліліся сваімі ўражаннямі. Вера Васько: — Мерапрыемства атрымалася цудоўным. Дзеці так прыгожа спявалі, танцавалі і нават інсцэніравалі песні. Яны напомнілі пра нашу маладосць, адкуль нашы карані, а таксама прымусілі задумацца, што з’яўляецца сапраўднай каштоўнасцю жыцця. Жыць у згодзе і радасці, вучыцца ў нашых продкаў мудрасці, помніць іх запаветы, бо без памяці няма сумлення. Нам шкада, што гэтыя вячоркі праляцелі як адно імгненне. Шчырае дзякуй за свята настаўнікам і артыстам — Анастасіі Мінгілевіч, Яўгену Комару, Кацярынае Кіндар, Арцёму Розмыслу, Ірыне Сіповіч, Анастасіі Вярцінскай, Паўлу Ёнісу і іншым. Уладзімір Паўловіч: — Мне свята вельмі спадабалася. Маленькія артысты на некаторы час адправілі нас у цікавае падарожжа ў мінулае. Яны паказалі, што кожны чалавек пасля працоўнага дня павінен мець адпачынак, умець яго цікава і з карысцю правесці. І нагадалі, што маем багатую спадчыну, якую неабходна вывучаць і перадаваць будучым пакаленням. Ганна Маўчанава: — Я сёння пачула, як прыгожа гаварылі дзеці на роднай мове. Калі глядзела на сцэну, складвалася ўражанне, што перанеслася на некалькі дзясяткаў гадоў назад у сялянскую хату. Успомніла і родны дом, і матулю, і сясцер, якія пралі, ткалі, вышывалі. Дарэчы, дываны, посцілкі і ручнікі, якія ўпрыгожваюць гэтую сцэну, былі вышыты маімі сёстрамі Гэленай і Амэляй. Я веру, што забалацкія і курчоўскія дзеці будуць заўсёды помніць і свой родны кут, і сваіх бацькоў, і “як завуць суседа”. Валянціна КОЦІК, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Забалацкага НПК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вёска Курчоўцы ажывілася. У мясцовым клубе зноў збіраюцца яе жыхары — ад малога да старога. Ды як і не сабрацца, калі там — вячоркі. Самаму маленькаму гледачу...
|
|