У рамках адзінага дня бяспекі на Ушаччыне праходзяць шматлікія прафілактычныя мерапрыемствы, у тым ліку і сумесныя рэйды зацікаўленых службаў. Не выключэннем з’яўляюцца і выхадныя дні. Так, у суботу мы разам з прадстаўнікамі МНС, міліцыі, энерганагляду і газавай гаспадаркі адправіліся ў інтэрнаты Ушаччыны.
Да такіх месцаў – павышаныя патрабаванні, бо ўлічваючы колькасць людзей, якія ў іх пражываюць, наступствы надзвычайных сітуацый могуць быць вельмі трагічнымі. Першай кропкай рэйдавага маршруту стаў інтэрнат прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Трапіць у пяціпавярховы будынак аказалася не такой ужо і простай справай: не ва ўсіх працуе дамафон, а некаторыя наогул да яго не падключаны. А таму ў любой экстраннай сітуацыі тым, хто будзе спяшацца на дапамогу, трэба будзе затраціць час на жалезную перашкоду.
У некаторых выпадках з дапамогай вогнетушыцеля можна ліквідаваць ачаг узгарання ўласнымі сіламі яшчэ да прыезду пажарных. Захоўваць прыбор неабходна ў лёгкадаступных месцах, аднак у інтэрнаце ПМС ён размяшчаецца ў пажарным шчыце пад замком. Тут жа ёсць падказка, у якім пакоі знаходзяцца ключы. Атрымліваецца, што ў выпадку пажару жыльцам трэба будзе бегаць у пошуках ключоў, а калі ў гэты момант тых, у каго яны захоўваюцца, не акажацца на месцы? Звярнулі ўвагу і на эвакуацыйныя выхады. Па правілах замкі на такіх дзвярах павінны адкрывацца знутры без ключа.
– Падчас мінулагодняй праверкі гэтага інтэрнату рабіў заўвагу наконт таго, што электрашчыты знаходзіліся нараспашку, тут і дзеці бегаюць, якія з-за сваёй цікаўнасці могуць няўдала “зазірнуць”. Зараз бачу, парушэнне выпраўлена, – адзначаў начальнік Ушацкай інспекцыі энерганагляду С.Л.Ярмош.
Нягледзячы на папераджальныя таблічкі “Курэнне забаронена”, дазваляюць сабе гэта рабіць некаторыя жыхары інтэрната ЖКГ у Градзянцы. Пра гэта сведчылі кінутыя на падлогу ў калідоры запалкі і акуркі. Зусім нядаўна тут была падключана сігналізацыя “Маланка”. У выпадку яе спрацоўкі па канале GSM-сувязі адразу на дыспетчарскі пульт МНС паступае сігнал. З дапамогай “Маланкі” ў вобласці за апошнія гады ўдалося папярэдзіць каля 40 пажараў.
І калі па лініі энерганагляду злосных парушэнняў не выяўлена, то вось правілы карыстання газам не захоўваліся. Інтэрнат абсталяваны электрычнымі плітамі, але ў адным з пакояў аказаўся 50-літровы газавы балон, які выкарыстоўвалі для прыгатавання ежы. Настрой жыхароў, якія рыхтаваліся да святочнага стала, быў умомант азмрочаны, бо прадстаўнікі газавай гаспадаркі канфіскавалі “падпольны” балон. “Газ не даруе памылак, а таму на падобнае ні ў якім разе не можам закрываць вочы. За такое парушэнне пагражае ўнушальны штраф – ад 4 да 20 базавых велічынь”, – адзначае начальнік Ушацкага раёна газазабеспячэння Я.С.Шчасны.
У абодвух інтэрнатах зроблены заўвагі наконт загрувашчвання калідораў рэчамі, не ўсе пакоі пранумараваны. Асноўная мэта падобных прафілактычных рэйдаў – зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць небяспечных сітуацый. Аднак, згадзіцеся, што і кожны з нас сам павінен быць зацікаўлены ў захаванні ўласнага жыцця і здароўя.
* * *
У рамках адзінага дня бяспекі супрацоўнікі РАНС сумесна з таварыствам выратавання на водах правялі рэйдавыя мерапрыемствы і па вадаёмах Ушацкага раёна. Нягледзячы на тое, што ўжо не ўсюды трывалы лёд, аматараў парыбачыць нямала. Рыбакам нагадалі пра бяспечныя паводзіны на вадаёмах. Асаблівая іх увага была звернута на забарону выхаду на лёд пры таўшчыні менш за 7 см. Таксама выратавальнікі сумесна з аддзелам па адукацыі правялі тэматычныя мерапрыемствы ў Арэхаўскай і Вялікадолецкай школах, арганізавалі трэніровачную эвакуацыю, а пры падвядзенні вынікаў наглядна, а таксама пры дапамозе эвакуацыі паказалі на памылкі і падчас гэтых дзеянняў.
Вольга КАМАРКОВА.
У рамках адзінага дня бяспекі на Ушаччыне праходзяць шматлікія прафілактычныя мерапрыемствы, у тым ліку і сумесныя рэйды зацікаўленых службаў. Не выключэннем...