Вера Папок — ураджэнка вёскі Міцькавічы. Адразу пасля заканчэння школы, у 2001-м годзе, прыйшла на МТФ “Лань”, дзе працуе і сёння. Вера Валянцінаўна — аператар машыннага даення ў цэху раздойвання кароў. Спакойная і ветлівая, жанчына любіць сваю нялёгкую справу і карыстаецца аўтарытэтам у калектыве. Яна — дысцыплінаваны, вопытны і адказны работнік, які дасканала выконвае тэхналогію даення, добра ведае кожную са сваіх 43-х рагуль. У лютым бягучага года надаіла ад іх 30 тон малака, а надой ад кожнай каровы склаў 702 кілаграмы.
В.В. Папок старанна і добрасумленна ажыццяўляе догляд 20-і нованароджаных цялят прафілакторнага і малочнага перыяду, у месячным ўзросце перадае іх на іншыя фермы. Сярэднясутачная прывага кожнага яе гадаванца складае ў сярэднім 1203 грамы.
За высокія паказчыкі ў рабоце на справаздачным сходзе, які нядаўна адбыўся ў ААТ “Лань-Нясвіж”, Вера Валянцінаўна ўзнагароджана Ганаровай граматай дырэкцыі і прафсаюзнага камітэта сельгаспрадпрыемства.
Раней яе сям’і дырэкцыя ААТ “Лань-Нясвіж” выдзеліла службовае жыллё ў аграгарадку Лань.
“НН”.