13 сакавіка 1890 г. у в. Малая Лапеніца Ваўкавыскага павета нарадзіўся беларускі гісторык, апалягет беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, доктар гістарычных навук (1937), прафесар (1928) Аляксандр Антонавіч САВІЧ.
У 1914 г. скончыў Пецярбургскую праваслаўную духоўную акадэмію, у 1917 г. — Маскоўскі універсітэт. У 1917—1920 гг. стажыраваўся ў Саратаўскім універсітэце. З 1921 г. у Мінску, член Архіўнай камісіі Акадэмцэнтра пры Наркамасвеце БССР. Выкладаў у БДУ (1921—1923, 1944—1947 гг.), Пермскім універсітэце, педагагічных інстытутах Яраслаўля і Масквы. З 1930-х г. супрацоўнік Дзяржаўнага гістарычнага музея Інстытута гісторыі АН СССР. Пры напісанні доктарскай дысертацыі «Дачыненні Масковіі з Рэччу Паспалітай у час Смуты 1600 —1619 гг.» выявіў у Петраградскай дзяржаўнай бібліятэцы перапіску Жыгімонта III Вазы з канцлерам ВКЛ Л.Сапегам (пачынаючы з 1598 г.), матэрыялы, якія датычацца перагавораў Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай адносна прыналежнасці Смаленска (1615—1616 гг.). Асэнсоўваючы гісторыю Беларусі, паступова адыходзіў ад пазіцый заходнерусізму, схіляўся да нацыянальнай дзяржаўнай канцэпцыі. 17 чэрвеня 1922 г. з патрыятычна настроенымі праваслаўнымі святарамі і прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі падпісаў адозву да праваслаўных беларусаў БССР з заклікам стварэння нацыянальнай (аўтакефальнай) праваслаўнай царквы Беларусі. У 1923 г. абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці. Арыштаваны і высланы ў Перм. У 1944 г. вярнуўся ў Мінск. Да 1947 г. выкладаў у БДУ. Даследаваў пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця Расійскай дзяржавы ў сярэднявеччы, гісторыю яе адносін з ВКЛ і Рэччу Паспалітай у 15—17 ст., гісторыю асветы і грамадска-палітычнай думкі ў краінах Усходняй Еўропы 16—19 ст. і інш.
Памёр 22 кастрычніка 1957 г.