У ААТ “Кароцічы” трапілі ў апошнія дні сяўбы, якая пачалася крыху больш за тыдзень таму. Ва ўрочышчы Рэбірыха на «Джон Дзіры» працаваў вопытны механізатар Аляксей Кудласевіч. Дасяваў яравы ячмень, які быў запланаваны на 55 гектарах.
Яшчэ на адным агрэгаце “Беларус 3522” працавалі Аляксей Копец і Андрэй Дарожка. На падвозе насення быў Мікалай Шылко. Усе разам яны пасеялі на 10 гектарах авёс, на 100 – пшаніцу, на 60 – зернебабовыя культуры.
Прысутнічаў на полі і кіраўнік участка Уладзімір Пракаповіч, які лічыць сяўбу ў гэтым годзе адной з самых удалых.
Справа ў тым, што многія палі тут знаходзяцца ў далінах, у якіх доўга стаіць вада. Таму на адно і тое ж поле даводзілася ехаць па некалькі разоў: спачатку засяваліся высокія ўчасткі, а потым, калі падсыхала, нізкія. На гэты раз канавы былі амаль без вады, што дало магчымасць засеяць поле зараз.
Да таго ж сярэдняя контурнасць палёў у гаспадарцы ўсяго 12 гектараў, гэта значыць, што ўсе сельскагаспадарчых угоддзі разбіты на невялікія кавалкі зямлі рознай формы. Таму многа часу ідзе на пераезды тэхнікі з аднаго поля на другое. А калі яшчэ вада стаяла, то сяўба расцягвалася на некалькі тыдняў. Сёлета атрымалася зрабіць усё аператыўна.
– Зараз сяўба закончана, чакаем дажджу, – расказвае Уладзімір Сцяпанавіч. – Азімыя таксама “піць” хочуць. Таму з надзеяй сочым за прагнозам надвор’я.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара