Учора, 2 красавіка, мы адзначалі Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Падпісанне ў гэты дзень у 1996 годзе Дагавора “Аб утварэнні Садружнасці Расіі і Беларусі” стала адной з цаглінак падмурка вялікай міжнароднай справы — умацавання міру на зямлі, дружбы паміж народамі, супрацоўніцтва ў самых розных сферах.
Так было наканавана лёсам, што беларускі і рускі народы доўгі час знаходзіліся разам, у адной дзяржаве. У іх агульныя старонкі гісторыі. Давайце зазірнём у далёкае мінулае. У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе ў склад Расійскай імперыі ўвайшла ўсходняя тэрыторыя Беларусі. У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе ў склад Расійскай імперыі ўвайшла цэнтральная тэрыторыя Беларусі. А ў выніку трэцяга падзелу ў 1795 годзе — яе заходнія землі. Вынікі гэтага далучэння нельга вызначыць як цалкам адмоўныя ці цалкам станоўчыя. Яны былі вельмі супярэчлівымі. Захавалася прыгоннае права і распаўсюджваліся больш жорсткія формы прыгону. Былі ўве-дзены новыя падаткі. Ішло абеззямельванне сялянства з пашырэннем панскага ворыва.
Укаранялася палітыка русіфікацыі. Але быў дадзены імпульс у развіцці эканомікі з уцягваннем у агульнарасійскі рынак, адбылася палітычная стабілізацыя і спынілася феадальная анархія.
З мэтай стварэння на Беларусі надзейнай апоры для расійскай улады царыца Кацярына ІІ ужо ў 70-я гады пачала раздачу зямель з прыгоннымі сялянамі сваім генералам і буйным чыноўнікам. Да 80-х гадоў ва ўсходніх беларускіх губернях з’явілася каля 200 рускіх памешчыкаў. У Беларусі пачалося будаўніцтва паштовых дарог і станцый. Паляпшаліся водныя шляхі зносін. Быў пабудаваны Бярэзінскі канал, які адкрыў водны шлях з Дняпра ў Заходнюю Дзвіну. Вяліся работы па ўдасканаленні Агінскага канала, што злучаў басейны Дняпра і Нёмана…
Разам з тым, варта нагадаць, які вялікі ўплыў на духоўную і матэрыяльную культуру Расіі зрабілі беларусы, нават ужо ў ХVІІ стагоддзі. Разьбяры Клім Міхайлаў, Герасім Акулаў і Арсеній Старац аздаблялі палацы рускіх цароў і цэрквы ў Маскве і Каломне. Мастак, скульптар, архітэктар і будаўнік Масквы Сцяпан Палубес — выхадзец з Мсціслава. Ура-джэнец Пінска Епіфаній Славінецкі стаў аўтарам першых рускіх кантат. Беларус Андрэй Чохаў адліў славутую маскоўскую “Цар-гармату”. Выхадзец з Копысі Ігнат Максімаў і мсціславец Сцяпан Іванаў былі славутымі маскоўскімі кафлярамі. Ураджэнец Беларусі Сімяон Полацкі, выхавальнік царскіх дзяцей, стаяў ля вытокаў першага ў Расіі тэатра, адкрытага пры царскім двары, і значную частку акцёраў у ім складалі беларусы. Ура-джэнец Мсціслаўшчыны Ілля Капіевіч падрыхтаваў і выдаў першы дапаможнік па матэматыцы на рускай мове. Гэта адбылося ў Амстэрдаме. А пазней ужо ў Маскве наш зямляк выдаў першыя рускамоўныя падручнікі па граматыцы і рыторыцы. На аснове літар Капіевіча Пётр І зацвердзіў шрыфт. Так адбылася рэформа рускай азбукі і былі ўве-дзены грамадзянскія, не царкоўныя, літары…
Цікавыя факты, праўда?
Падобная інтэграцыя, асіміляцыя адбываліся пастаянна, і ў больш позні час. Асабліва ў савецкія часы, калі мы разам жылі ў велізарнай краіне пад назвай СССР. Беларусы ехалі на вялікія будоўлі РСФСР і на асваенне новых залежаў карысных выкапняў, пакараць марскія прасторы і тайгу. Заставаліся там жыць, удалечыні ад родных хат. Там выраслі новыя пакаленні беларусаў. А многіх расіян дарогі прывялі ў Беларусь. Гэта было ўсё проста і зразумела, бо ў нас аднолькавы менталі-тэт, традыцыі. Славянскія каштоўнасці.
Яскравы прыклад: выхадцы з Беларусі лётчыкі-касманаўты Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак увайшлі ў атрад савецкіх касманаўтаў. У гады суверэннасці нашых дзяржаў да іх далучыўся яшчэ адзін наш зямляк — Алег Навіцкі. Зараз у нашай краіне ўзводзіцца вельмі важны і адказны аб’ект — атамная электрастанцыя. З дапамогай расійскіх спецыялістаў.
Працуюць сумесныя прадпрыемствы, ажыццяўляюцца сумесныя праекты. Толькі ў рамках Саюзнай дзяржавы дзейнічае 13 праграм розных накірункаў.
Усё звязана, пераплецена. Палітычныя, эканамічныя, культурныя, сямейныя, асабістыя сувязі… І цэментуюцца яны, як бачым, стагоддзямі.
Асабліва прадэманстраваўся моцны рух еднасці і калектывізму падчас Вялікай Айчыннай вайны. Рускія і беларусы, разам з прадстаўнікамі іншых народаў Савецкага Саюза, узняліся на бясстрашную барацьбу з ворагам за свабоду і незалежнасць. Паглядзіце, колькі рускіх прозвішчаў выбіта на помніках на магілах за-гінуўшых на тэрыторыі нашага раёна! Трагедыя была агульнай. І перамога стала агульнай.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.