8 красавіка ў Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы ўрачыста адкрылі міжраённае аддзяленне гемадыялізу. Доўгачаканая падзея стала асаблівым падарункам для жыхароў нашага рэгіёна да 75-годдзя Гродзенскай вобласці.
– Сёння знакавы дзень для нашага раёна. Адкрыццё аддзялення такога ўзроўню на базе Карэліцкай бальніцы – гэта не толькі наша агульная перамога і нагода для гонару, але найперш магчымасць зрабіць лягчэйшым жыццё нашых людзей, якім неабходна ныркава-замяшчальная тэрапія. Бо раней пацыентаў з Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў тры разы на тыдзень вазілі на дадзеную працэдуру ў Гродна і Ліду. Гэта каштавала людзям шмат часу і сіл. Але зараз яны могуць на месцы атрымаць высокатэхналагічную медыцынскую дапамогу, – адзначыў старшыня Карэліцкага райвыканкама Віктар Шайбак падчас урачыстага пераразання чырвонай стужкі разам з галоўным урачом Карэліцкай ЦРБ Аленай Майсак.
У цырымоніі адкрыцця таксама ўзялі ўдзел старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў, намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама, старшыня РА РГА «Белая Русь» Руслан Абрамчык, галоўны ўрач райЦГЭ Аляксандр Германюк.

Галоўны пазаштатны спецыяліст па гемадыялізу і экстракарпаральных метадах дэтаксікацыі галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Святлана Жук
Падтрымаць калег прыехала і галоўны пазаштатны спецыяліст па гемадыялізу і экстракарпаральных метадах дэтаксікацыі галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Святлана Жук:
– Аддзяленне гемадыялізу – шостае па ліку на Гродзеншчыне. Ёсць яшчэ ў Смаргоні, Лідзе, Ваўкавыску, два – у абласным цэнтры. На сёння мясцовае аддзяленне пакуль будзе абслугоўваць 15 пацыентаў з Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў. Але мы плануем у хуткім часе набыць яшчэ адзін апарат і давозіць сюды людзей з Дзятлаўскага раёна. Само аддзяленне працуе ў дзве змены. Яго каманда – гэта калектыў прафесіяналаў: ад урачоў і медыцынскіх сясцёр да малодшага медыцынскага і інжынерна-тэхнічнага персаналу. Усе супрацоўнікі стажыраваліся ў аддзяленні гемадыялізу Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы.

У дыялізнай зале

Галоўны урач Карэліцкай ЦРБ Алена Майсак і дырэктар будаўніча-мантажнага трэста №19 г. Ліда Уладзіслаў Лабецкі
На адкрыцці прысутнічаў і дырэктар будаўніча-мантажнага трэста №19 г. Ліда Уладзіслаў Лабецкі:
– Мы маем вялікі вопыт будаўніцтва школ, дзіцячых садоў, бальніц. Але аддзяленне гемадыялізу ў Карэлічах стала для нас пэўным выклікам. Мы ўсе адчувалі вялікую адказнасць, прыйшлося ў кароткія тэрміны спраўляцца са складанымі задачамі, знаходзіць выйсце з нестандартных сітуацый разам са спецыялістамі з Мінска і Брэста. Але ўсе гэтыя выпрабаванні былі вартыя сённяшняга дня.

Словы падтрымкі для жыхаркі Карэліч Наталіі Шкадавай ад старшыні райвыканкама Віктара Шайбака
Але, як ніхто з прысутных, адкрыцця чакалі пацыенты. Сярод іх – жыхарка Карэліч Наталія Шкадава:
– Ужо шосты год я поўнасцю залежная ад працэдуры гемадыялізу. Хвароба і так дае пра сябе ведаць, а тут яшчэ тройчы на тыдзень трэба было пераадольваць дарогу да Гродна, радзей – да Ліды. Шлях – доўгі і складаны, пасля працэдуры выходзіш ніякі. Таму цяжка перадаць словамі, як мы чакалі адкрыцця ў Карэлічах свайго аддзялення. Нават зараз мне не верыцца, што, нарэшце, гэта здарылася, я дома і не трэба больш хвалявацца пра дарогу.
Сапраўды, для пацыентаў з вострай і хранічнай ныркавай недастатковасцю, жыццё якіх немагчыма без апарата “штучная нырка”, аказанне дапамогі на месцы – гэта і менш стрэсу, і большы камфорт, і павелічэнне шансаў дачакацца трансплантацыі донарскай ныркі. І ў новым аддзяленні створаны ўсе неабходныя ўмовы.

У дыялізнай зале

У дыялізнай зале

Кабінет водападрыхтоўкі
Яно знаходзіцца на другім паверсе стацыянара Карэліцкай ЦРБ. Дарагое медыцынскае абсталяванне набыта за кошт сродкаў Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. А дзякуючы дапамозе Карэліцкага райвыканкама і Гродзенскага аблвыканкама абнавілі мэблю і зрабілі рамонт. У аддзяленні ўладкаваны дзве дыялізныя залы з шасцю сучаснымі апаратамі “штучная нырка” вядучага сусветнага вытворцы GAMBRO. Таксама ёсць кабінет водападрыхтоўкі, гардэроб для пацыентаў, ардынатарскі і сястрынскі пакоі і іншыя службовыя памяшканні. А галоўнае тут працуе выдатная каманда, якая зробіць максімум для сваіх пацыентаў.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара
Відэа Лізаветы МУЦІЛОВІЧ