Рэспубліканская дабрачынная акцыя па аказанні адраснай дапамогі валанцёрамі БРСМ ветэранам Вялікай Айчыннай вайны стартавала 9 красавіка. Яна прадоўжыцца да 3 ліпеня і прымеркавана да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Як расказаў першы сакаратар раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Алег Бойка, галоўная мэта праекта — забеспячэнне пераемнасці пакаленняў праз прыцягненне увагі моладзі да захавання гістарычнай памяці.
У межах акцыі валанцёры Беларускіх рэспубліканскіх саюза моладзі і піянерскай арганізацыі акажуць пасільную адрасную дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Зараз у нашым раёне такіх пражывае 12 чалавек. Актывісты, у прыватнасці, дапамогуць навесці ім парадак дома і на прыдамавых тэрыторыях, акажуць іншую неабходную дапамогу. Без клопату моладзі, як адзначыў Алег Бойка, не застануцца брацкія магілы, пахаванні, помнікі, бо гэта наша гісторыя, гісторыя канкрэтных людзей, якія змагаліся за мір і незалежнасць.
У раённай арганізацыі ГА “БРСМ” пастаянна працуюць тэлефоны “гарачай лініі”. Любы ветэран Вялікай Айчыннай вайны, а таксама пажылыя адзінокія і адзінока пражываючыя грамадзяне, якім па стане здароўя цяжка выканаць пэўную работу, могуць патэлефанаваць па нумарах 70-3-12 і 70-3-17 і звярнуцца за дапамогай валанцёраў.
У межах яшчэ адной акцыі, якая носіць назву “Кветкі Вялікай Перамогі”, актывісты БРСМ і піянеры таксама наведаюць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і шчыра павіншуюць іх з 74-й гадавінай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.