“Будзем сеяць, беларусы!”. 21.by

“Будзем сеяць, беларусы!”

04.05.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:



Можа, хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь?
Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець:
яна ад Вільна да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава,
гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…
Францішак Багушэвіч

Сёлетняе вызначэнне — Год малой радзімы – бадай, самае цёпла-эмацыянальнае, трапяткое і роднаснае, сапраўды сімвалічна-беларускае. Бо менавіта патрыятызм заўсёды яднаў нашых продкаў, любоўю да бацькаўшчыны, айчыны, бацькоўскай зямлі напоўнены і сэрцы сучаснікаў. Рыцар беларус-кай нацыі Уладзімір Караткевіч так трапна вызначыў: “Жывы, разумны, працавіты і вольналюбівы беларускі народ! Беларус адрозніваецца шчодрасцю, гатоўнасцю заўсёды прыйсці на дапамогу ў бядзе”. І вялікі сын легендарнай зямлі аршанскай даў нам запавет: “Ёсць адзіна годны шлях: служыць айчыне да крывавага поту, не чакаючы ўзнагароды ад людзей і лёсу, проста таму, што іначай нельга”.
А яшчэ наш народ даў кожнаму з нас і ўсяму цывілізаванаму свету безліч паэтаў, празаікаў, якія красамоўнымі літарамі ўпісалі споведзі сваіх душ і сэрцаў пра родныя старонкі ў духоўны летапіс нацыі. Вельмі сімвалічна, што беларусы любілі ставіць хаты на высокіх лірычных берагах рэчак, на ўзгорках, пад купалам неба. Дарэчы, на гэтых жа берагах нярэдка складалі і свае радкі.
Вось так і вялося: жылі на зямлі, але не пераставалі штодзённа любавацца небам бацькаўшчыны. І чаго толькі ні вытвараў за стагоддзі бязлітасны лёс з маім народам, а ён усё роўна заставаўся бессмяротным, адраджаў мову, спадчыну, не апаганьваў душу. Нёс у сэрцы любоў да Бацькаўшчыны. Спяваў песні пра запаветную бацькоўскую зямлю.
Прарокі нацыі, канешне, па-рознаму ўвасаблялі родную старонку. Пятро Глебка Беларусь бачыў убранай у шчодрыя каласы:
Цяпер убрана ты квяціста,
Пад колер слуцкіх паясоў,
У строі нівы залацістай,
У шаты грэчак і аўсоў…
Уладзімір Караткевіч “Каласамі пад сярпом тваім” назаве адзін са сваіх эпахальных раманаў пра Беларусь і яе народ.
Пімен Панчанка бачыў Бацькаўшчыну як ніву ў лясным вянку:
Краіна мая, радасць мая,
Песня мая маладая!
Па нівах тваіх, па тваіх гаях
Сынава сэрца рыдае…
У вершы “Веды” Рыгор Барадулін-сын захапляецца ўнікальнасцю ведаў сваёй маці:
Ведала, што да чаго
На небе,
У лузе,
У хаце…
А ўсім недругам беларускасці, тым, хто прыніжаў нашых продкаў, Міхась Арочка адказаў вершам “Спрэчка наконт духоўнасці”:
Дзе ж падгледзеў, дружа, тую тупасць,
Тую беднасць духу пад страхой?
Там жылі – гасціннасць, мужнасць, мудрасць,
Ды такія, каб – і нам з табой!..
На шчасце, наша мастацтва паспела занатаваць тое, што, здавалася, ужо загінула канчаткова. У паэта Алеся Пісьмянкова знайшоў такія радочкі: “Мы апошнія з нашага роду, Каму сняцца вясковыя сны”.
Не сакрэт, што звычайныя рэчы – хата, рэчка і лес маленства, бацькоўскае поле – сталі для многіх беларусаў самымі святымі і пачэснымі. Яны клічуць нас да сябе ўсё жыццё. А, бадай, напрыпачатку зямной існасці – святло геніяльнай паэмы “Новая зямля” Якуба Коласа, сэнс якой мы будзем працягваць разгадваць усё ХХІ стагоддзе. Чаму? Бо:
Зямля дасць волі, дасць і сілы,
Зямля паслужыць да магілы,
Зямля дзяцей тваіх не кіне,
Зямля – аснова ўсёй айчыне…
У гэтай Паэме Зямлі ўсё ўбачана, ацэнена вачыма, розумам і светаадчуваннем беларускага селяніна, які заўсёды аднолькава любіў і Зямлю, і Неба.
Цётка марыла: “Хацела б быць я рэчкай быстрай, Абегчы родны край!”. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч гаварыў: “Кожнае Божае стварэнне прывязваецца да роднага кута, у якім, выходзячы з мацярынскага лона, выдала першыя гукі, у якім, падтрыманае чулымі, клапатлівымі рукамі бацькоў, ставіла першыя крокі”. Максім Багдановіч быў перакананы: “У родным краю ёсць крыніца Жывой вады”. А Якуб Колас ведаў: “Няма ў чалавека нічога прыгажэй і даражэй за радзіму. Чалавек без радзімы — ‒ бедны чалавек”. Іван Мележ быў упэўнены: “Родная зямля грэе і аберагае”. Аляксандр Ельскі казаў: “Калі народ любіць і ўшаноўвае песняй сваё гняздо, усё гэта адно добра аб ім сведчыць”. Ніл Гілевіч таксама быў перакананы: “У глыбінях зямлі Нашых душ карані…”
Янка Купала раіў нам: “Не шукай ты шчасця, долі На чужым, далёкім полі”. А Янка Сіпакоў прыйшоў да такой высновы: “Можа таму і памірае ад настальгіі (самай чорнай і самай светлай хваробы) чалавек, які пры жывой радзіме топча чужыя травы, лашчыць чужыя кветкі, чуе чужую мову ад сваіх дзяцей” . Янка Брыль казаў: “Будучы далёка ад дому, вельмі хораша бачыцца на планеце сваё роднае”.
Сёння нашым дзецям трэба вучыцца лепш разу-мець Бацькаўшчыну, любіць прыроду-матухну, штодзённа ўсведамляць свае карані, навучыцца паважаць вясковую працу, зберагаць той яшчэ, на шчасце, ацалелы традыцыйны вясковы лад, які знаходзіцца ў гармоніі з акаляючым светам. Нам не трэба саромецца вёскі, нам трэба вяртацца назад у вёскі нашага маленства і юнацтва, каб выратаваць само жыццё.
“Будзем сеяць, беларусы!”.
Канстанцін Карнялюк.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Можа, хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільна да Мазыра, ад
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика