Фестываль-конкурс «ЛьВенок» зноў сабраў у Лідзе юныя таленты
06.05.2019
—
Разное
|
На цэлы месяц Ліда стала сталіцай мастацтваў для самых яркіх і таленавітых юных музыкантаў, вакалістаў, харэографаў, іх педагогаў і бацькоў з усёй Беларусі (і не толькі): у Лідскай дзіцячай школе мастацтваў быў дадзены старт VI рэспубліканскаму фестывалю-конкурсу дзіцячага мастацтва “ЛьВенок” (“Лидский венок”). Арганізатарамі маштабнага культурнага форуму выступілі ГА “Беларускі саюз музычных дзеячаў”, ГА “Беларуская асацыяцыя духавых аркестраў і ансамбляў”, упраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама, аддзел культуры Лідскага райвыканкама, Лідская дзіцячая школа мастацтваў пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, – У сёлетнім фестывалі-конкурсе “ЛьВенок”, – расказвае дырэктар Лідскай ДШМ Алена Спірына, – акрамя ўдзельнікаў з усіх абласцей Беларусі, прымуць удзел дзеці з Расіі (Масквы, Санкт-Пецярбурга), Літвы – усяго каля 2800 удзельнікаў. Лідчына будзе прадстаўлена практычна ўсімі школамі мастацтваў і музычнымі школамі, а таксама сектарам педпрактыкі музычнага каледжа. Фестываль-конкурс у гэтым годзе праходзіць у 33 намінацыях. Новых намінацый на гэты раз няма. Дарэчы, конкурсу з такой вялікай колькасцю намінацый у Беларусі больш нідзе не праводзіцца. Спадзяюся, і сёлетні “ЛьВенок” пройдзе на найвышэйшым узроўні. Урачыстае адкрыццё VI рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячага мастацтва “ЛьВенок” адбылося ў мінулую нядзелю ў вялікай зале Лідскай дзіцячай школы мастацтваў. У ліку выступаючых з прывітальным словам да ўдзельнікаў конкурсу быў і намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віктар Пранюк. – За гады існавання фестывалю-конкурсу, – адзначыў у сваім выступленні Віктар Францавіч, – яго ўдзельнікамі сталі больш за 15 тысяч таленавітых дзяцей. Больш за 100 лаўрэатаў фестывалю-конкурсу адзначаны матэрыяльнай дапамогай спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Вы ўжо ведаеце, што ў наступным – 2020 – годзе Ліда будзе культурнай сталіцай Беларусі. У тое, што нашаму гораду нададзены гэты пачэсны статус, ёсць і ўклад арганізатараў і ўдзельнікаў фестывалю-конкурсу “ЛьВенок” – аднаго з найбуйнейшых дзіцячых музычных конкурсаў у нашай краіне. Лідзе ў статусе культурнай сталіцы будзе што паказаць: у нас умеюць праводзіць буйныя культурныя мерапрыемствы, наш горад вядомы многімі фестывалямі, і “ЛьВенок” – адзін з іх. Прывітальны адрас міністра культуры Рэспублікі Беларусь Юрыя Бондара зачытаў на цырымоніі адкрыцця фестывалю-конкурсу кансультант упраўлення ўстаноў культуры Рэспублікі Беларусь Іван Галабурда. Фестываль-конкурс дзіцячага мастацтва “ЛьВенок” праходзіць на базе Лідскай ДШМ па 2 чэрвеня ўключна, па суботах і нядзелях. Спадзяёмся, што ў ліку лаўрэатаў і дыпламантаў конкурсу, як і ў мінулыя гады, будзе нямала лідчан. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На цэлы месяц Ліда стала сталіцай мастацтваў для самых яркіх і таленавітых юных музыкантаў, вакалістаў, харэографаў, іх педагогаў і бацькоў з усёй Беларусі (і не... |
|