Сёлета краіна сустракала 74-ю гадавіну Вялікай Перамогі. Нашчадкі ўдзячныя тым, хто яе здабываў. На Міёршчыне пражываюць восем ветэранаў вайны, 14 малалетніх вязняў фашызму і сям’я загінулага. Напярэдадні свята іх віншавалі і ўручалі падарункі прадстаўнікі мясцовай улады, райваенкамата, раённага савета ветэранаў, грамадскіх арганізацый, праваслаўнай моладзі.
тала добрай традыцыяй перад святам 9 Мая наведваць тых, у чый лёс чырвонай ніткай упісана Вялікай Айчынная. Гэтыя людзі здабывалі Перамогу, рызыкуючы ўласным жыццём, – адзначае старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Часлаў Кашкур. – Жадаю ім здароўя і сілы, каб яшчэ на працягу многіх гадоў сустракалі свята Перамогі, былі прыкладам мужнасці і гераізму для моладзі.
Наведалі ветэранаў з усіх куточкаў Міёршчыны. У майскія дні адзначыла 96-годдзе Валянціна Фёдараўна Сялюк з Язна. Ураджэнка Докшыцкага раёна зведала нягоды варожай акупацыі, удзельнічала ў паходзе Савецкай Арміі на захад. Яе прызвалі на службу ў канцы вайны, была рэгуліроўшчыцай у Берліне.
Дзісенец Яўграф Вікенцьевіч Касаты ваяваў з верасня 1944 года. Знішчаў варожыя танкі. Узнагароджаны медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, ордэнам Айчыннай вайны II ступені, юбілейным “100 год Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь”.
Ветэран вайны Уладзімір Альфонсавіч Мароз – ураджэнец вёскі Раскошы Верхнядзвінскага раёна. Юнаком уключыўся ў барацьбу з ворагам, партызаніў на Верхнядзвіншчыне, Расоншчыне.
Іван Ігнатавіч Лушчонак з Наўгарод нядаўна адзначыў 95-годдзе. Некаторы час працаваў у Туле, адтуль яго ў пачатку вайны скіравалі ў Калінінскую вобласць капаць супрацьтанкавыя рвы, акопы і траншэі, узводзіць бліндажы. Быў паранены ў нагу, стаў інвалідам. Лідзія Аляксандраўна Багданава прайшла партызанскімі сцежкамі Ушаччыны, удзельнічала ў баях з захопнікамі.
Глафіра Васільеўна Качан была сувязной партызанскага атрада “Кастрычнік”, а потым – сувязной і разведчыцай 4-й Беларускай партызанскай брыгады. Па яе дадзеных праведзена некалькі ўдалых баявых аперацый, у тым ліку дыверсія ў Дзісне.
Антонія Іосіфавіча Рубаніка прызвалі на службу ўжо пасля вызвалення Міёршчыны ад фашысцкіх захопнікаў – у 1944-м. Папоўніў Войска Польскае ў Беластоку, у складзе другой арміі рухаўся ўслед за фронтам і праводзіў зачыстку вызваленых тэрыторый.
У баявых дзеяннях Аляксандр Емяльянавіч Лапечанкаў не ўдзельнічаў. Ён абясшкоджваў мінныя палі на Смаленшчыне. Затым займаўся траленнем мін на Балтыйскім моры. Пазней гэтую службу прыраўнялі да баявой.
Усе сведкі ваеннага ліхалецця ўжо ў паважаным узросце, падводзіць здароўе. Толькі па-ранейшаму жывыя ў памяці падзеі той жудаснай пары. У многіх з іх яна забрала самае дарогое – блізкіх, родных, сяброў. Тым больш каштоўныя сённяшнія мір і спакой на нашай зямлі. Са святам, з Днём Перамогі!
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА. Падрыхтавала Алена ВАРОНІНА.
Сёлета краіна сустракала 74-ю гадавіну Вялікай Перамогі. Нашчадкі ўдзячныя тым, хто яе здабываў. На Міёршчыне пражываюць восем ветэранаў вайны, 14 малалетніх вязняў...