Набліжаецца да завяршэння чарговы школьны год. Як заўсёды, ён быў насычаны для вучняў і іх педагогаў. Акрамя вывучэння школьных праграм па прадметах рабяты і іх настаўнікі ўдзельнічалі ў разнастайных мерапрыемствах, конкурсах, павышаючы свой адукацыйны ўзровень.
Актыўныя ўдзельнікі творчых мерапрыемстваў — і вучні Чыгірынскай СШ. У іх ліку — рабяты, якіх вы бачыце на здымку. Разам з настаўнікам пачатковых класаў Валянцінай Куляшовай яны прадаставілі творчыя работы па ахове працы на раённы конкурс “Энергамарафон” на тэму недапушчэння электратраўматызму. Пяцікласнік Яраслаў Стрынадка ўвайшоў у лік прызёраў: ён заняў 3-е месца. Добрых слоў журы заслужылі таксама сачыненні васьмікласніка Уладзіслава Шаболды, сямікласніцы Ангеліны Івановай.
Дарэчы, Ангеліна прымае ўдзел і ў іншых раённых школьных конкурсах. Пад кіраўніцтвам свайго педагога, настаўніка роднай мовы і літаратуры Вольгі Гузялевіч яна двойчы запар — у мінулым навучальным годзе і ў бягучым — стала пераможцай раённага конкурсу чытальнікаў. Дзяўчынка настолькі пранікнёна чытала творы беларускіх літаратараў, што журы без ваганняў аддало ёй перамогу.