Пра навядзенне парадку на зямлі і не толькі ішла гаворка падчас выязнога семінара на базе Германавіцкага сельскага Савета дэпутатаў 19 чэрвеня
24.06.2019
—
Разное
|
Як вядома, мінулы год, сёлетні і 2020-ы ўказам Прэзідэнта краіны аб’еўлены Годам малой радзімы. Улады рэспубліканскага, абласнога, раённага ўзроўняў надаюць вялікую ўвагу навядзенню парадку на зямлі, асабліва ў невялікіх гарадах, раённых цэнтрах, аграгарадках і вёсках. Ад гэтага залежаць узровень жыцця насельніцтва, яго дабрабыт. Дадзены фактар у поўнай меры ўплывае і на развіццё ўязнога турызму, які ў Беларусі развіваецца імклівымі тэмпамі. Згадзіцеся, што кожнаму з нас, асабліва гасцям з іншых рэгіёнаў краіны, з замежжа, прыемна прайсціся па вуліцах нашых гарадоў і мястэчак, дзе чысціня і парадак, дзе вабіць вока хараство архітэктурных аб’ектаў, культавых пабудоў, паркаў і сквераў. На базе Германавіцкага сельсавета 19 чэрвеня прайшоў раённы выязны семінар. Яго мэтай стаў абмен вопытам па арганізацыі работы сельскіх Саветаў дэпутатаў з насельніцтвам, з сельгаспрадпрыемствамі, арганізацыямі раёна ў плане навядзення парадку на зямлі, зносу лядашчых і пустуючых дамоў. Закранулі таксама пытанні функцыянавання работы ўстаноў сацыяльнай і вытворчай сфер, размешчаных на тэрыторыі сельсавета. Вёў семінар старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Серафімавіч Шпец. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі, члены райвыканкама, начальнікі аддзелаў і служб раённага выканаўчага камітэта, старшыні сельскіх Саветаў, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Спачатку ўдзельнікі семінара маглі ўбачыць санітарны стан вёсак Ручай і Папкі. У гэтых населеных пунктах на належным узроўні знаходзіцца сумесная работа старшыні сельвыканкама Маі Яўгеньеўны Якімовіч са старэйшынамі вёсак, іх жыхарамі. Кожны з вяскоўцаў клапоціцца, каб яго сядзіба, прылеглая тэрыторыя мелі прывабны эстэтычны выгляд. Важкую дапамогу ў вырашэнні дадзеных пытанняў сельсавету аказваюць падшэфныя арганізацыі, якія займаюцца абкосам, выдаленнем аварыйных дрэў, кустарнікаў і пустазелля, а таксама зносам пустуючых дамоў. Удзельнікі семінара наведалі Велікасельскую ДС-СШ. Дырэктар навучальнай установы Юрый Часлававіч Матуль коратка расказаў пра навучальна-выхаваўчы працэс, лепшыя дасягненні школьнікаў. Намеснік дырэктара школы Ірына Рычардаўна Рымдзёнак і вучні-старшакласнікі правялі экскурсію, дзе экспануюцца карціны мастака-аматара з Наваполацка Таццяны Старавойтавай. З нядаўняга часу гандлёвым абслугоўваннем насельніцтва сельскай мясцовасці займаецца ТАА “Еўраторг”. Але не страчвае сваіх пазіцый і пакупнікоў прадпрыемства “Саюзкаапгандаль”. У гэтым уласна ўпэўніліся ўдзельнікі семінару, наведаўшы магазін у аг. Вялікае Сяло. Тут маецца вялікі шэраг тавараў як харчовых, так і прамысловых. Асартыментны пералік захоўваецца, а гэта і спрыяе таму, што ўстанова гандлю мае сваіх пастаянных пакупнікоў. У Германавіцкім мастацка-этнаграфічным музеі імя Я. Драздовіча нядаўна адкрылася новая экспазіцыйная зала, прысвечаная творчасці нашага земляка. Удзельнікі семінара мелі магчымасць наведаць экспазіцыю і паслухаць экскурс, які правялі для іх супрацоўнікі музея. Заўсёды эстэтычна прыгожа і прывабна выглядае тэрыторыя Германавіцкай урачэбнай амбулаторыі. Работнікі ўстановы, акрамя сваіх асноўных абавязкаў, заўсёды захоўваюць чысціню і парадак як у самой установе аховы здароўя, так і вакол яе. Пра работу амбулаторыі, медацынскія паслугі, якія тут аказваюць насельніцтву расказаў галоўны ўрач Шаркаўшчынскай ЦРБ Станіслаў Тадэвушавіч Стома. Праехаўшы па вуліцах аграгарадка, наведаўшы мясцовыя могілкі, паштовае аддзяленне сувязі і пункт аховы грамадскага правапарадку, вынікі семінара падвялі ў зале пасяджэнняў сельскага Савета. Пра работу сельвыканкама з дакладам выступіла яго старшыня Мая Яўгеньеўна Якімовіч, якая дэталёва расказала пра ўсе напрамкі дзейнасці сельскага Савета ў пытаннях забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва, навядзення парадку на зямлі, выніках праведзенай у гэтым накірунку работы і планах на будучае. У заключэнні старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Серафімавіч Шпец яшчэ раз нагадаў усім прысутным, што пытанні, якія ўзнікаюць у насельніцтва па тых або іншых праблемах, павінны абавязкова вырашацца ў комплексе. Сёння чалавек не можа сам насам заставацца з імі. Увогуле, адзнака працы старшыні Германавіцкага сельсавета з боку кіраўніцтва раёна была ацэнена добра. Канечне, у некаторых напрамках ёсць невялікія недапрацоўкі, але яны своечасова выпраўляюцца. Як сказаў Уладзімір Серафімавіч, у хуткім часе аналагічны семінар пройдзе ў Лужкаўскім сельсавеце.
|
|