75 лет освобождения от фашистской оккупации и 95 лет своего основания отметил Шумилинский район
24.06.2019
—
Разное
|
Дзве даты – адзін лёс
Мерапрыемствы з нагоды 75-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 95-годдзя ўтварэння раёна прайшлі 23 чэрвеня ў Шуміліне з удзелам кіраўніцтва вобласці і раёна, жыхароў і шматлікіх гасцей
Свята з шумілінцамі раздзялілі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Мірош, дэпутат абласнога Савета па Шумілінскай выбарчай акрузе Аляксандр Капшуль, а таксама дэлегацыя Велікалуцкага раёна Расіі на чале з намеснікам кіраўніка раёна Аляксандрам Смірновым і творчыя калектывы з Дубровенскага, Лёзненскага, Гарадоцкага і Полацкага раёнаў.
Зараз цяжка ў гэта паверыць, але яшчэ ў XIX стагоддзі сённяшняе Шуміліна было невялікай вёсачкай з 40 жыхарамі. Лёс населенага пункта вызначыла будаўніцтва ў 1866 годзе чыгункі. Сіроцінскі, а з 1962 года Шумілінскі раён прайшоў у нагу з краінай ўсе этапы развіцця і станаўлення. Вытрымаў жахі і выпрабаванні ваеннага ліхалецця.
Гітлераўцы акупіравалі раён 8 ліпеня 1941-га. Амаль дзве тысячы чалавек былі расстраляныя, павешаныя, закатаваныя карнікамі. 775 – вывезеныя на катаржныя работы ў Германію. Фашысты знішчылі 133 населеныя пункты, 8 – разам з жыхарамі.
На барацьбу з ворагам узняўся ўвесь народ. На тэрыторыі раёна дзейнічалі Сіроцінская партызанская брыгада, легендарная падпольная камсамольска-маладзёжная арганізацыя “Юныя мсціўцы”. Партызаны грамілі праціўніка ў тыле, наносілі ўдары па яго камунікацыях, трымалі ворага ў пастаянным страху. Юныя змагары перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, каштоўныя звесткі аб праціўніку, падтрымлівалі баявы дух выпускам лістовак.
Знакавай датай не толькі для Шумілінскага раёна, але і для ўсяго былога Савецкага Саюза назваў 23 чэрвеня 1944 года старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў.
– 75 год таму ў гэты дзень пачалася адна з самых паспяховых стратэгічных наступальных аперацый ў Другой сусветнай вайне. За 68 сутак войскі трох Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага фронту поўнасцю знішчылі 17 дывізій і тры брыгады праціўніка, яшчэ 50 дывізій не далічыліся больш за палову асабовага саставу, – гаварыў Уладзімір Уладзіміравіч, узяўшы слова на цырымоніі адкрыцця святочных мерапрыемстваў. – На фронце шырынёй у 1100 кіламетраў Чырвоная армія прасунулася на глыбіню 550-600 кіламетраў, тэмп наступлення склаў 25-30 кіламетраў за суткі. У выніку аперацыі “Баграціён” была поўнасцю вызвалена тэрыторыя Беларусі, частка Прыбалтыкі і ўсходнія раёны Польшчы. Гэта было буйнейшае паражэнне вермахта. Менш чым праз год савецкія войскі ўвайшлі ў Берлін.
Шумілінскі раён быў вызвалены ў першы дзень аперацыі “Баграціён”. Чырвоны сцяг ўзвіўся на чыгуначным вакзале – адзіным уцалелым будынку.
На франтах вайны загінула больш за пяць тысяч выхадцаў раёна. Вечны спакой на шумілінскай зямлі знайшлі 11 тысяч 627 воінаў. 106 воінаў Савецкай Арміі за вызваленне Шумілінскага раёна атрымалі званне Героя Савецкага Саюза. Сярод іх – Ісай Ілазараў. 22 чэрвеня 1944 года пры прарыве моцнай абароны праціўніка каля вёскі Карташы ён замяніў выбыўшага са строю камандзіра роты і падняў байцоў у атаку.
Унук, поўны цёзка героя вайны, прыехаў на Шуміліншчыну, каб узяць жменю зямлі з мясцін, вызваленых некалі дзедам, і адвезці на яго магілу ў Латвію. Ісай Ілазараў узначальвае Цэнтр нацыянальных культур у Маскве, які носіць імя яго славутага продка, і спадзяецца наладзіць творчыя сувязі з Шумілінскім раёнам.
Цудоўнай нагодай для сустрэчы прадстаўнікоў усіх пакаленняў, якія на розных этапах унеслі свой уклад у развіццё Шумілінскага раёна, назваў дзень святкавання двух слаўных юбілеяў старшыня райвыканкама Алег Быкаў. У вялікай зале райвыканкама сабраліся ветэраны працы, былыя кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў. Шчырыя словы ўдзячнасці за самаадданую працу на карысць працвітання раёна выказалі ў іх адрас кіраўнік раёна Алег Быкаў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава. Прайшло ўрачыстае ўручэнне грамат і юбілейных медалёў.
– Зараз разам з усёй краінай раён вырашае задачы па павышэнні якасці жыцця людзей, стабілізацыі і далейшым развіцці эканомікі, захаванню культурнай і духоўнай спадчыны, – адзначыў старшыня райвыканкама.
Алег Пятровіч выказаў перакананне, што ад асабістага ўкладу кожнага залежыць агульны поспех, будучае раёна, шчасце кожнага яго жыхара.
Мерапрыемствы на цэнтральнай плошчы і ў гарадскім парку ладзіліся ў гэты дзень да позняй ночы і фінішавалі яркім феерверкам. Уражваючымі былі паказальныя выступленні 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады. Дэфіле ваеннага аркестра дывізіі, майстар-клас па зборцы зброі ад яе байцоў таксама мелі поспех. Трапяткім і кранальным быў тэатралізаваны рэквіем “Высечаныя ў камяні”, які прайшоў на брацкіх могілках. Са слязамі на вачах, з абяцаннем ніколі не забыць, з ціхім паклонам перад подзвігам герояў вайны.
Творчыя калектывы вобласці і Велікалуцкага раёна падарылі шумілінцам выдатны канцэрт са знаёмымі песнямі, яскравымі танцамі і шчырымі віншаваннямі. Шматлікія выставы, майстар-класы, квэсты ладзіліся ў гарадскім парку. На гарадскім стадыёне прайшоў футбольны матч і валейбольныя спаборніцтвы, а па вуліцах Шуміліна з канцэртам праехаў аўтаклуб.
На нашым рахунку яшчэ дзве важныя даты. Мы падвялі нейкі вынік. Мы адчуваем сілы для новых перамог і здабыткаў. Мы проста не маем права на іншы расклад. Перад памяццю, перад продкамі, перад сумленнем.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №49 ад 25.06.2019 г.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзве даты – адзін лёс На плошчы райцэнтра – сцяг Шумілінскага раёна, баявыя сцягі часцей, якія вызвалялі Шумілінскі раён, а таксама сцягі, атрыманыя раёнам за...
|
|