Источник материала:

Ноч на 7 ліпеня ў славянскіх народаў адзначаецца як ноч Івана Купалы. Спрадвеку дзяўчаты вілі вянкі і пускалі іх па вадзе, прыгадваючы прыкметы, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Песнямі суправаджаліся пошукі міфічнай папараць-кветкі, вадзіліся карагоды, распальвалася вогнішча… Купальская ноч. Колькі ў ёй таямнічасці! Старажытнае язычніцкае свята арганічна ўпісалася ў хрысціянскую культуру беларусаў і да сённяшняга часу з’яўляецца адным з самых любімых народных святаў.
Як усядзець дома чароўнай купальскай ночкай ?! Вось і шаркаўчане, дарослыя і малыя, а ў большасці сем’ямі, прыйшлі ў парк ААТ “Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс” на свята народнага календара — Купалле. І што цікава, ніхто не прымушае мясцовых жыхароў збірацца там у гэты чароўны вечар, каб паглядзець тэатралізаванае прадстаўленне, стаць удзельнікамі карагодаў і ігрышчаў, пераскочыць праз вогнішча, пакаштаваць нечага смачнага, а самае галоўнае — адпачыць.
А вось акунуцца ў далёкае мінулае, адчуць дух магічнай сілы і чараўніцтва купальскай ночы дапамаглі ўдзельнікам свята работнікі раённага Цэнтра культуры. Яны паклапаціліся аб тым, каб кожны, хто прыйшоў на Купалле, змог атрымаць асалоду ад мерапрыемства. А дапамагло ў гэтым касцюміраванае прадстаўленне. Жыхарам і гасцям гарпасёлка быў прадэманстраваны тэатральны эпізод “Вясковая кадрыль”. З вялікім задавальненнем гледачы назіралі за тым, што адбываецца на сцэне. Скончылася свята запальваннем вогнішча, якое сімвалізуе сонца, таму мае сілу даваць ураджай і прыносіць удачу. І чым ярчэй гараць вогнішчы на купальскую ноч, тым больш багатым будзе ўраджай…
Падчас свята шаркаўчане змаглі наведаць гандлёвыя кропкі, а дзеці пазабаўляцца на атракцыёнах. Дарэчы, у гэтым годзе самымі кемлівымі і смелымі былі дзеці, менавіта яны шукалі чароўную папараць-кветку.
Ірына Іосіфаўна Сарай, мясцовая жыхарка:
— Купалле — вельмі прыгожае народнае свята. Я памятаю, як у дзяцінстве сама верыла ў цудадзейную моц папараць-кветкі. Мы з сяброўкамі таксама плялі купальскія вянкі і варажылі на каханне. На свята я прыйшла разам з сям’ёй брата, Аляксандрам і Вольгай Рамановічамі і, канешне, пляменніцамі Кацюшай і Ганначкай, каб і яны ўбачылі ўсю прыгажосць купальскіх традыцый і каларыт беларускай фальклорнай спадчыны.
Алена АНАНІЧ.
фота Алены АНАНІЧ і Сяргея РАЙЧОНКА














