Вялікае значэнне ў навучальным працэсе школьнікаў раёна надаецца патрыятычнаму выхаванню. Урокі дапрызыўной падрыхтоўкі накіраваны на фарміраванне ў юнакоў маральных якасцей, ідэалагічнай упэўненасці. З мэтай павышэння эфектыўнасці работы па ваенна-патрыятычным выхаванні для 10-класнікаў ва ўстановах адукацыі штогод праводзяцца вучэбна-палявыя зборы, якія педагогі імкнуцца зрабіць цікавымі, разнастайнымі, а, галоўнае, карыснымі для рабят. Аб гэтым расказаў кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў дапрызыўной падрыхтоўкі аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Сяргей Садоўнікаў.
Добрыя сяброўскія сувязі існуюць паміж настаўнікамі і вучнямі СШ №2 імя К.П.Арлоўскага і 465-й ракетнай брыгадай, якая дыслацыруецца ў Асіповіцкім раёне. Шэфы-ракетчыкі перыядычна наведваюцца ва ўстанову адукацыі, прафесійна арыентуюць вучняў, матывуюць юнакоў да ваеннай службы. Для рабят таксама арганізоўваюцца экскурсіі ў вайсковую часць.
Нядаўна пры падтрымцы аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама для старшакласнікаў была наладжана экскурсія, прымеркаваная да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў: школьнікі пабывалі адразу ў трох Асіповіцкіх вайсковых часцях: акрамя названай — у 336-й рэактыўна-артылерыйскай і 51-й артылерыйскай брыгадах.
Рабяты пазнаёміліся з гісторыяй вайсковых фарміраванняў, службай армейцаў: распарадкам іх дня, бытам, заняткамі. Але найбольшае ўражанне аказала ваенная тэхніка, якая прадстаўлена самымі сучаснымі яе ўзорамі: сістэмамі залпавага агню “Паланэз”, “Смерч”, пушачна-артылерыйскай сістэмай “Акацыя” і іншымі. Старшакласнікі пераканаліся ў высокай баяздольнасці нашай арміі і яе тэхнічным аснашчэнні.
Многія пасля такой цікавай і карыснай экскурсіі выказалі жаданнне абавязкова прайсці вайсковую школу жыцця, але ва ўсіх выключна засталіся ад паездкі самыя непаўторныя і пазітыўныя ўспаміны.