Фестываль прайшоў у мінулую суботу ў свіслацкім гарадскім парку імя графа Тышкевіча.
Адразу пасля ўрачыстага адкрыцця свята ўдзельнікі фестывалю з усіх куткоў Гродзеншчыны прадставілі свае раёны. Ваўкавышчыну прадставіў Ваўкавыскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці. Народны сямейны ансамбль «Сваякi» сустрэў гасцей на падворку.
Прыемнай навіной для ваўкавычан стала тое, што зусім нядаўна Беларускі саюз майстроў народнай творчасці прыняў у свае рады майстрыху Аксану Урублеўскую. Ёй было ўручана пасведчанне.
Прапануем фота і відэарэпартаж з фэсту.
На канцэртнай пляцоўцы Ваўкавышчыну прадставіў фальклёрны калектыў «Чараўніцы» Мацвееўскага Дома культуры.
Творчая дзейнасць калектыва заснавана на выкананні двух- і трохгалосных спеваў. Прычым харавыя партыі жанчыны дзеляць абапіраючыся на сваеасаблівае светаўспрыманне, спяваюць так, як падсказвае ім адчуванне. Да спецыфікі спеваў гурта можна аднесці роўнае, спакойнае выкананне – без пад’ёмаў і спаданняў, таму фальклорны гурт «Чараўніцы» выконвае пераважна лірычныя, бяседныя песні. У іх выкананні адчуваецца сувязь пакаленняў, як кажуць «гістарычная памяць продкаў», якая такім жа шляхам перадаецца наступным пакаленням.