У апошнія жнівеньскія тыдні асаблівая ўвага супрацоўнікаў ДАІ скіравана на бяспеку маленькіх пасажыраў і пешаходаў. Ці прытрымліваюцца на дарогах Карэліччыны вадзіцелі элементарных патрабаванняў Правілаў дарожнага руху ў адносінах да дзяцей, мы даведаліся падчас рэйду ў райцэнтры.
– Жнівень для нас традыцыйна насычаны, асабліва ў працы з юнымі ўдзельнікамі дарожнага руху. Тым больш, што за ліпень бягучага года на дарогах краіны загінулі 6 непаўналетніх, а 40 дзяцей атрымалі траўмы, – адзначыў начальнік міжраённага аддзела Дзяржаўтаінспекцыі Навагрудскага РАУС Дзмітрый Аскерка. – Па 24 жніўня мы праводзілі прафілактычныя мерапрыемствы “Маленькі пасажыр – вялікая адказнасць”, галоўнай мэтай якіх стала папярэджанне дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей. Тут мы кантралявалі, наколькі бацькі ведаюць і галоўнае выконваюць правілы перавозкі падрастаючага пакалення. З 21 па 25 жніўня нашы сілы былі скіраваны на комплекс дадатковых прафілактычных мерапрыемстваў “Нецвярозым і бяспраўным вадзіцелям – асаблівы кантроль!”, бо, як вядома, п’яны за рулём – гэты вялікая бяда для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху і, безумоўна, для самых безабаронных – маленькіх пешаходаў і пасажыраў. І, нарэшце, зараз, з 25 жніўня па 5 верасня, праходзіць рэспубліканскае спецыяльнае комплекснае мерапрыемства
Як паказаў рэйд, усе спыненыя вадзіцелі сур’ёзна і адказна ставяцца да пытанняў бяспекі дзяцей і поўнасцю згодныя са слоганам уручаных ім Дзмітрыем Аскерка памятак “Прышпілі самае дарагое – жыццё!”. Нездарма маленькія пасажыры перавозіліся з выкарыстаннем утрымліваючых сродкаў альбо былі прышпіленыя рамнямі бяспекі. І тут справа не ў артыкуле 18.14 (частка 5) Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, які карае за невыкананне вадзіцелем правілаў перавозкі дзяцей папярэджаннем альбо штрафам у памеры да 4 базавых велічыняў. Бо на карце стаіць здароўе і жыццё маленькага пасажыра, а гэта даражэй за ўсё на свеце.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара