Важная нотка святочнага настрою. У Слоніме вернікам перадалі благадатны агонь з Ерусаліма ад Гроба Гасподняга
01.09.2019
—
Разное
|
Адным з першых святочных эпізодаў 1 верасня ў Слоніме стала богаслужэнне ў Свята-Троіцкім саборы. Яно – свайго роду фінальная кропка на маршруце экспедыцыі “Дарога да святыняў”, якая пачалася яшчэ напярэдадні нацыянальнага свята. Навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” нарадзілася ў Беларусі адначасова з Днём пісьменства, у 1994 годзе. Штогод прымае ўдзел у ёй творчая і навуковая інтэлігенцыя краіны: пісьменнікі, мастакі, музыканты, навукоўцы. Традыцыйна экспедыцыя пачынаецца ў Мінску, у Свята-Духавым кафедральным саборы, дзе захоўваецца благадатны агонь ад Гроба Гасподняга, а далейшы маршрут вызначаецца ў залежнасці ад сталіцы Дня пісьменства. Сёлета канчатковы пункт назначэння – Слонім. Больш за 30 удзельнікаў экспедыцыі пачалі свой шлях 28 жніўня і за чатыры дні да старту асноўных святочных мерапрыемстваў Дня пісьменства наведалі галоўныя святыні Мінска і некалькіх раёнаў Мінскай вобласці. На гродзенскай зямлі яны перадалі благадатны агонь вернікам Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра і храма Святого прарока Іліі на Навагрудчыне, заклалі Сад малітвы каля храма Святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла настаўнікаў Славенскіх горада Ваўкавыска. – Кожны год наша экспедыцыя не падобная на папярэднюю, і галоўнае адрозненне цяперашняй – яна, можна сказаць, прыняла міжнародны фармат. Шлях без малога ў тысячу кіламетраў разам з намі пераадолеў сербскі пісьменнік Ранка Гойкавіч. Ёсць сярод членаў экспедыцыі нязменны ўжо на працягу ўсёй яго гісторыі ўдзельнік – Ніна Загорская, – расказаў адзін з удзельнікаў Аляксандр Лапата-Загорскі, які сам штогадовую дарогу да святыняў напярэдадні Дня пісьменства пераадолеў ужо больш за дзесяць разоў. Увогуле за сваю гісторыю больш чым у чвэрць стагоддзя сотнi энтузiястаў працавалi ў складзе экспедыцыi. Больш за 30 тысяч кiламетраў складае агульны маршрут, праведзена мноства навукова-творчых канферэнцый у гарадах i вёсках, асвечаны благадатным агнём сотнi пахаванняў абаронцаў Радзiмы, пасаджаны Сады супольнай малiтвы. Напоўненае глыбокім сэнсам падарожжа па Слонімскай зямлі, дарэчы, пачалося яшчэ напярэдадні. У апошні дзень лета, 31 жніўня, экспедыцыя завітала і на асвячэнне капліцы ў гонар святых Пятра і Фяўроніі ў Слоніме, удзельнікі здзейснілі хрэсны ход да Свята-Успенскага сабора у Жыровічах. З самай раніцы 1 верасня ўжо ў “Эдэмскім садзе” Свята-Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра, што ў двух кіламетрах ад Жыровічаў, быў закладзены Сад малітвы – больш за два дзясяткі блакітных елак. Калі быць дакладней, тут з’явілася вечна зялёная алея з дваццаці шасці дрэў, і гэта лічба невыпадковая – адпавядае парадкаваму нумару цяперашняга свята слова ў Слоніме. У вышытых мяшочках, збанках і капсулах пад карані дрэваў тут лягла зямля, урачыста ўручаная экспедыцыі прадстаўнікамі пройдзеных па маршруце раёнаў. Гэты сімвалічны момант стаў яшчэ адным напамінам прысутным аб далучэнні да агульнадзяржаўнага свята тых гарадоў і пасёлкаў, па якіх прайшоў маршрут экспедыцыі «Дарога да Святыняў”. Богаслужэнне ў Слонімскім Свята-Троіцкім саборы ўзначаліў архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, а напрыканцы агульнай малітвы вернікам быў перададзены благадатны агонь. Літаральна за гадзіну да абвяшчэння старту святочных мерапрыемстваў з галоўнай сцэны свята, пасля набажэнства ў храме ў самым цэнтры горада над Шчарай па гораду разышліся людзі, якія спяшаліся дадому зберагаючы агонь свечак і лампад. Усё гэта надало рэспубліканскаму святу яшчэ адну вельмі важную нотку настрою. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адным з першых святочных эпізодаў 1 верасня ў Слоніме стала богаслужэнне ў Свята-Троіцкім саборы. Яно – свайго роду фінальная кропка на маршруце экспедыцыі... |
|