У ДУА “Драчкаўскі НПК дзіцячы сад — сярэдняя школа” прайшоў тэматычны тыдзень “Мы піянеры сваёй краіны”.

Піянеры дружыны імя Героя Савецкая Саюза А.М. Сцяпанава актыўна ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы да Дня нараджэння БРПА.

У рамках Тыдня піянеры прымалі ўдзел у валанцёрскім руху па ўборцы тэрыторыі школы, аграгарадка Драчкава і тэрыторыі каля помнікаў героям, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны пры вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Піянеры атрада імя Героя Савецкага Саюза М. Казея выступілі ў складзе агітбрыгады “Мы нашчадкі піянерыі” перад вучнямі 4-х — 7-х класаў. Яны пазнаёмілі слухачоў з піянерскай азбукай, расказалі пра тыя справы, якія яны здзяйсняюць у сваім атрадзе, пра экскурсію на радзіму Марата Казея, турыстычныя паходы, валанцёрскую дзейнасць і інш.

Пасля выступлення агітбрыгады многія вучні, пазнаёміўшыся са Статутам БРПА і абавязкамі піянераў, пажадалі ўступіць у рады БРПА.

Тыдзень піянерыі працягнуўся экскурсіяй у школьны музей. Дзеці былі ўражаны ад наведвання музея. І гэта нездарма: хіба магчыма заставацца раўнадушным да гісторыі роднага краю, да таго, як раней жылі людзі, які быў іх быт.

Піянеры Драчкаўскага НПК жывуць па правілах здаровага ладу жыцця і праводзяць яго прапаганду. У рамках Тыдня цікава прайшоў рухомы перапынак-флэшмоб “Піянерыя — здаровая краіна”.

Па-святочнаму ўрачыста прайшла лінейка, прысвечаная Дню нараджэння БРПА. Важнасць гэтага свята адчувалі ўсе прысутныя. З гонарам камандзіры піянерскіх атрадаў рапартавалі пра гатоўнасць да правядзення лінейкі, называючы імёны тых герояў, у гонар якіх названы піянерскія атрады, і дэвіз: “Піянер! Да спраў на карысць Радзімы, да дабра і справядлівасці будзь гатовы!”. Яны горда і смела адказвалі: “Заўжды гатовы!”. У гэты час у кожнага прысутнага на лінейцы адчувалася ўпэўненасць у будучым нашай краіны, што такая моладзь будзе сапраўдным будаўніком будучага нашай Беларусі. Напрыканцы заканчэння лінейкі піянеры праспявалі гімн піянераў Беларусі. Пасля лінейкі піянеры ўсклалі кветкі да помнікаў загінуўшым воінам, пахаваным у аграгарадку Драчкава.

Тыдзень піянерыі завяршыўся зборам каля піянерскага кастра “Падарожжа па краіне Піянерыі”. Тут, каля кастра, адбылася і сустрэча з лідэрамі піянерскага руху — піянерамі 60-х — 70-х гадоў. Яны распавялі цяперашнім пра тыя піянерскія справы, якія адбываліся ў іх атрадах, як яны шанавалі піянерскі гальштук, і як пачэсна было быць піянерам. Старэйшыя піянеры прапанавалі вучням школы — цяперашнім і будучым піянерам — у свае планы работы ўключыць акцыі “Дабро пачынаецца з цябе”, а таксама акцыі, напраўленыя на беражлівыя адносіны да прыроды.

Гарэў піянерскі касцёр, гучалі песні, дзеці весяліліся, гулялі ў розныя гульні, пілі гарбату і пяклі на вогнішчы бульбу, радаваліся прыродзе, жыццю і разважалі, як хочацца, каб свята не спынялася. Доўга не жадалі разыходзіцца дамоў. У размовах чуліся новыя планы дзеяння. І сапраўды: наперадзе шмат цікавых і карысных спраў.

Піянеры Драчкаўскага НПК шчыра віншуюць усіх піянераў Смалявіцкага раёна і жадаюць усім бадзёрасці, добрага настрою, поспехаў ва ўсіх справах піянерскага жыцця.

Няхай іскры дабра загараюцца ў вашых сэрцах. Будзьце першымі ў вучобе, працы і спорце!

Вольга ДАМАРОНАК, настаўніца ДУА “Драчкаўскі НПК дзіцячы сад — сярэдняя школа”

Фото з архіва ўстановы адукацыі.