Для кожнага чалавека любоў да сваёй Радзімы пачынаецца з самага маленства. З матуліных пяшчотных рук, з мілагучнай песні, з краявідаў роднай прыроды. Потым выхаванне любові да родных мясцін працягваецца ў дзіцячым садку.

У кожнай дзіцячай дашкольнай установе Смалявіччыны створаны і функцыянуюць куточкі беларускай культуры. У дзяржаўнай установе адукацыі “Яслі-сад №6 г. Смалявічы “Вясёлка” створаны міні-музей беларускай нацыянальнай культуры і быту. Тут маленькія выхаванцы даведваюцца пра тое, як жылі іх продкі, як гатавалі ежу ў печы, ткалі ручнікі, шылі адзенне, выраблялі гліняны посуд, як гадавалі сваіх дзетак. З вялікім жаданнем дзеці прыходзяць займацца ў музей. Ім цікава самім патрымаць у руках беларускую ляльку, драўляны прас ці чыгунок. Дарэчы, чацвер у садку — беларускамоўны дзень. У гэты дзень выхавацелі размаўляюць з дзецьмі на роднай мове, а дзеці, у сваю чаргу, старанна запамінаюць і паўтараюць беларускія словы.


— Вельмі прыемна, калі прыходзім на працу, пачуць ад хлопчыка ці дзяўчынкі “Добрай раніцы”, — расказвае кіраўнік садка Іна Якуцэня. — Мы вельмі хочам, каб нашы выхаванцы ведалі як мага больш беларускіх слоў і моўных зваротаў. Каб дзеці ведалі, што яны беларусы. Каб любілі сваю Радзіму.

Маленькі музей “Вясёлкі” створаны сваімі сіламі. Усё пачалося з таго, што на адзін з ранішнікаў трэба было зрабіць печ. Атрымалася яна, як кажуць, знатная. А потым стала першым экспанатам у новым музеі. Далей работнікі садка і бацькі выхаванцаў сталі прыносіць старыя рэчы, што яшчэ захаваліся ад іх дзядоў. Так у музеі з’явіліся пралка, ухват, драўляны прас, калыска, ручнікі, посуд і іншыя рэчы мінулага стагоддзя.

Напрыканцы артыкула хочацца зазначыць, што выхаванне ў дзяцей культуры нацыянальнай самасвядомасці не павінна абмяжоўвацца заняткамі ў садку ці школе. Было б вельмі добра, каб бацькі часцей распавядалі дзецям пра іх карані і гісторыю іх сям’і.

Надзея МАЛЧАНАВА.

Фота аўтара.