Алена Генрыхаўна Арэхава — лепшы грамадскі эколаг Віцебшчыны
04.10.2019
—
Разное
|
Педагог з трыццацігадовым стажам Алена Генрыхаўна лічыць сваю прафесію асаблівай і выключнай, сцвярджаючы, што настаўнікам, як і ўрачом, чалавек мае права быць толькі па прызванні. Дзеці заўсёды адчуваюць падман і не прымаюць няшчырасці. Сама ж настаўніца жыць і працаваць імкнецца так, каб на ўсіх хапала сіл і душэўнай цеплыні, клопату і багацця ведаў — і на вучняў, і на сваіх уласных дзяцей. Пасля заканчэння фізічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута ў 1986 годзе разам з мужам яна прыехала працаваць ў Лужкаўскую сярэднюю школу, і гэта працоўнае месца стала для іх адзіным. З той пары Алена Генрыхаўна выкладае фізіку і матэматыку. Гэта таленавітая і абаяльная жанчына, як і яе муж Аляксандр Уладзіміравіч Арэхаў, прадстаўнікі слаўнай педагагічнай дынастыі, агульны працоўны стаж якой налічвае каля 530 гадоў. Тата і мама, бабуля і дзядуля, шматлікія сваякі былі педагогамі Невыпадкова, што ў такой сям’і любоў да прафесіі педагога прывівалася з дзяцінства. “Даць кожнаму вучню глыбокія і трывалыя веды, а таксама пакінуць у іх душах след дабрыні” — асноўны жыццёвы прынцып гераіні гэтага матэрыялу. Усе складаныя пытанні яна тлумачыць проста і даступна. Педагог з высокім узроўнем кваліфікацыі не толькі паспяхова рэалізуе агульнаадукацыйную школьную праграму, вялікую ўвагу на сваіх уроках надае праблеме энергазберажэння і іншым актуальным у сучасным грамадстве пытанням экалогіі. Можна колькі заўгодна ахоўваць прыроду, але калі не далучаць да гэтай работы дзяцей, у гэтым не будзе ніякага сэнсу, упэўнена лепшы грамадскі эколаг Віцебшчыны. У Лужкаўскай сярэдняй школе пад кіраўніцтвам Алены Генрыхаўны дзеці знаёмяцца з прыродай роднага краю, вывучаюць яе таямніцы, пазнаюць асаблівасці, праводзяць свае школьныя назіранні, на аснове якіх спрабуюць пісаць даследчыя работы, вывучаюць экалагічныя праблемы сваёй мясцовасці і знаёмяць з імі мясцовых жыхароў. Разам са сваімі юнымі эколагамі Алена Генрыхаўна прымала ўдзел у праектах Еўрапейскага Саюза Праграмы развіцця ААН у Рэспубліцы Беларусь “Малыя рэкі – вялікія праблемы”, “Зялёныя школы”, “Назіранне за рэкамі”. У 2018 годзе стала ўдзельніцай праекта “ Умацаванне актыўнага грамадзянства ў Браславе і Шаркаўшчыне». Рэгулярна прымае актыўны ўдзел у прыродаахоўных мерапрыемствах, конкурсах і акцыях, асаблівую ўвагу надае праблеме “энергазберажэння”. З’яўляецца прадстаўніком міжнароднага экалагічнага таварыства “Прырода і мы”. Працуе ў супрацоўніцтве з іншымі педагогамі, настаўніцай біялогіі Вольгай Фердынандаўнай Шуман, настаўніцай хіміі Ганнай Усцінаўнай Ластаўка, настаўнікам фізікі і інфарматыкі Аляксандрам Уладзіміравічам Арэхавым і некаторымі іншымі. Можна любіць прыроду, назіраць за ёй, не забруджваць навакольнае асяроддзе, актыўна ўдзельнічаць у шматлікіх акцыях і праектах на экалагічную тэматыку. А яшчэ, добра разумеючы значнасць экалагічных праблем у грамадстве, можна далучыць да такой цікавай, захапляльнай і, безумоўна, патрэбнай дзейнасці па вывучэнні прыроды роднага краю дзяцей. Адарваць іх ад гаджэтаў, камп’ютараў і мабільных тэлефонаў і навучыць бачыць прыгажосць, якая зусім побач.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ |
|