Клопат аб экалогіі пачынаецца на кухні. Прэс-канферэнцыя старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова ў Мастах паставіла перад рэгіёнам шэраг цікавых задач. 21.by

Клопат аб экалогіі пачынаецца на кухні. Прэс-канферэнцыя старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова ў Мастах паставіла перад рэгіёнам шэраг цікавых задач

12.10.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Прэс-канферэнцыя старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі Гродзенскай вобласці адбылася на тэрыторыі Мастоўскага раёна.


Пачалася размова з кіраўніком вобласці са слоў падзякі ад бацькоў 10-гадовага Вані Матыса з Мастоў, на лячэнне якога ад сур’ёзнага захворвання ў нямецкай клініцы ўдалося сабраць 70 тысяч еўра. Бацька хлопчыка, Уладзімір Матыс, падзякаваў усім, хто дапамагаў і падтрымліваў сям’ю ў нялёгкія часы і падарыў Уладзіміру Краўцову абраз Божай Маці Усецарыцы, якой сям’я малілася за здароўе сына. На шчасце, цяпер хлопчык праходзіць паспяховую рэабілітацыю і па-ранейшаму марыць стаць футбалістам. Старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў падарыў Вані футбольны мяч з аўтографамі гульцоў футбольнага клуба «Нёман» і прэзентацыйны альбом «Гродзеншчына», у якім распісаліся журналісты ўсіх раёнаў вобласці.


Сваю гутарку з журналістамі вобласці Уладзімір Краўцоў пачаў з маючых адбыцца выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Ён адзначыў, што сярод кандыдатаў у дэпутаты склалася годная канкурэнцыя: у 13 акругах зарэгістравана 77 кандыдатаў, а гэта значыць, што на адно дэпутацкае крэсла прэтэндуюць 6 чалавек. Вынікае, што сярод будучых парламентарыяў шмат ініцыятыўных людзей, якія гатовыя працаваць са сваімі выбаршчыкамі на месцах і ўдасканальваць заканадаўчую базу.


Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што зусім хутка электрычная энергія будзе выкарыстоўвацца для абагрэву і гарачага водазабеспячэння, бо набліжаецца фізічны пуск першага энергаблока Беларускай АЭС у Астраўцы. Дзякуючы нядаўняму зніжэнню тарыфаў на электраэнергію жыхары Гродзеншчыны сталі звяртацца з просьбай аб выдачы тэхнічных умоў для выкарыстання электрычнай энергіі для ацяплення і гарачага водазабеспячэння дамоў. З 1173 такіх зваротаў 800 ужо задаволеныя.

Пачынаючы з 2020 года, у Гродзенскай вобласці пачнецца будаўніцтва шматкватэрных жылых дамоў, у якіх электраэнергія будзе выкарыстоўвацца ў якасці ацяплення. Першы такі дом з’явіцца ў Слоніме, цэлы жылы квартал з 17 дамоў — у Скідзелі.

Як адзначыў Уладзімір Краўцоў, хутка электраэнергія зойме вядучую ролю і ў транспарце. Зараз на Гродзеншчыне працуе 15 электразарадных станцый: 12 з іх у Гродне, яшчэ тры ў раёнах. Да 2021 года плануецца ўстанавіць яшчэ 12. Пакуль у Гродзенскай вобласці зарэгістравана ўсяго дзесяць электрамабіляў, але, улічваючы сусветныя тэндэнцыі, ёсць упэўненасць, што колькасць экалагічнага транспарту будзе расці.


У гэтым годзе абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2019» адбудзецца ў Смаргоні. Горад чакае шэраг змяненняў. Будзе адрэканструяваны будынак Смаргонскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, дах у політэхнічным ліцэі і дзіцячай школе мастацтваў імя Агінскага. Прыводзяцца ў парадак будынкі раённай бібліятэкі, пракуратуры, стаматалагічнага аддзялення раённай паліклінікі. У пачатку 2020 года пасля рэканструкцыі адкрыецца басейн, які доўга не выкарыстоўваўся. Новае аблічча атрымае вуліца Савецкая, частка якой стане пешаходнай. Добраўпарадкаванне закране таксама і аграгарадкі Смаргонскага раёна.


У маі 2020 года праваслаўныя вернікі адсвяткуюць 550-годдзе з’яўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці і 500-годдзе з дня заснавання Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра. Цяпер у Жыровічах працягваецца рэканструкцыя брацкага корпуса і званіцы Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра, рэстаўрацыя Свята-Успенскага сабора, добраўпарадкаванне цэнтральнай плошчы аграгарадка. За кошт спонсарскіх сродкаў перад уваходам у манастыр плануецца ўсталяваць помнік прападобнаму Серафіму, архімандрыду Жыровіцкаму. Да мая 2020 года плануецца завяршыць будаўніцтва гасцініцы для паломнікаў.


Падрабязна спыніўся Уладзімір Краўцоў на пытанні рамонту мясцовых дарог. Ён адзначыў, што бягучага і капітальнага рамонту патрабуюць 800 кіламетраў мясцовых дарог. За 9 месяцаў бягучага года амаль 200 кіламетраў ўжо адрамантавана. У планах на 2020 год мадэрнізацыя яшчэ 227 км дарожных артэрый. Пасля рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па рэканструкцыі аўтамабільнай дарогі М6 Мінск-Гродна-мяжа Рэспублікі Польшча засталіся крэдытныя сродкі Сусветнага банка. Гэты астатак можа быць выкарыстаны на мадэрнізацыю часткі магістралі Мінск-Гродна. У нашым рэгіёне яе рэканструкцыя закранула каля 120 кіламетраў. Да канца года засталося абнавіць участак трасы М6 у Гродзенскім раёне. У наступным годзе пачнецца і рэканструкцыя трасы М7 Мінск-Ашмяны-мяжа Літоўскай Рэспублікі. Прадугледжана і рэканструкцыя міжнароднага пагранічнага пераходу «Каменны Лог».


На прэс-канферэнцыі таксама закранулі і праблемы экалогіі. Самае галоўнае, на думку старшыні аблвыканкама, каб кожны беларус ведаў, што такое паасобны збор смецця і рабіў гэта насваёй кухні. У Гродна ўжо створаны завод па ўтылізацыі і механічным сартаванні пластыка. Пачалася тэндэнцыя па замене пластыкай тары на шкляную. Так, магутнасці Гродзенскага шклозавода загружаны на 100%. У гандлёвых кропках як альтэрнатыва поліэтыленавым пакетам з’явіліся папяровыя.


Уладзімір Краўцоў паведаміў, што ў кастрычніку 2020 года Гродна прыме III Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны. Яго правядзенню будзе папярэднічаць вялікая падрыхтоўка. Гродзенскі рэгіён атрымае магчымасць больш шырока прадставіць свой эканамічны, інвестыцыйны, турыстычны, культурны патэнцыял, а сам горад Гродна стане пляцоўкай для падпісання новых пагадненняў аб міжрэгіянальным супрацоўніцтве і буйных камерцыйных кантрактаў.


Іна ЛЕЙКА
Фота: grodnonews.by, з архіва газеты «Полымя» і адкрытых інтэрнэт-крыніц

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэс-канферэнцыя старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі Гродзенскай вобласці адбылася на тэрыторыі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика