У фотааб’ектыве — супрацоўнікі раённага цэнтра рамёстваў
22.10.2019
—
Разное
|
Спрадвеку наш шаркаўшчынскі край славіўся не толькі сваёй гісторыяй, але і вялікай колькасцю песень, танцаў, абрадаў, рамёстваў. Каб зазірнуць у таямніцу даўніны, наша сённяшняе падарожжа адбудзецца ў цэнтр рамёстваў, які з’яўляецца структурным падраздзяленнем раённага Цэнтра культуры і выконвае культурна-адукацыйныя, пошукава-даследчыя, кансультацыйна-метадычныя функцыі, дзейнасць якіх накіравана на захаванне, развіццё, прапаганду і захаванне народных традыцый. За 18 год свайго існавання цэнтр рамёстваў прайшоў няпросты шлях станаўлення. Сёння ўстанова — гэта не толькі майстэрні, але і вучэбны цэнтр, дзе займаюцца дарослыя і дзеці. Узорам для вучэбнай дзейнасці служыць калекцыя знойдзеных у час экспедыцый прадметаў народнага мастацтва: старадаўніх ручнікоў і іх фрагментаў, маляваных дываноў, посцілак, прадметаў лазапляцення і разьбы па дрэве. На базе майстэрняў была арганізавана праца гурткоў для дзяцей па наступных відах творчасці: вышыўка, гліняная цацка, крэатыўнае рукадзелле, аплікацыя з саломкі, саломапляценне, разьба па дрэве, тэатральны гурток “Батлейка”. Дарослыя пад кіраўніцтвам метадыста Ірыны Грунінай асвойваюць тэхніку вышыўкі стужкамі і пляценне з газетных трубачак. Выставачная зала з’яўляецца сапраўдным царствам мастацтва. Тут арганізоўваюцца выставы як дэкаратыўна-прыкладнога характару, так і выставы творчых работ мясцовых і вядомых мастакоў Беларусі. Кожны месяц праводзяцца святы народнага календара і гульнёвыя праграмы. Майстры цэнтра — актыўныя ўдзельнікі абласных мерапрыемстваў. 2019 год для іх пачаўся паспяховымі выступленнямі. Напрыклад, на V абласным свяце батлеечных пастановак і тэатраў лялек “Лялечны свет” калектыў стаў лаўрэатам І ступені. У маі на XI рэспубліканскім фестывалі- кірмашы народных мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет” Ганна Рымдзёнак і Яўген Ананіч занялі адпаведна 2-е і 3-е месцы. Потым былі пяць незабыўных дзён “Славянскага базару ў Віцебску”, пра якія пісалі ўжо ў раённай газеце. І вось чарговая перамога! 9—12 кастрычніка у гарадскім пасёлку Копысь Аршанскага раёна праходзіў міжнародны пленэр народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у рамках якога праводзіўся конкурс ганчароў “Гліна спявае”. Удзел у ім прымаў усім добра вядомы ў нашым раёне майстар, ганчар Германавіцкага Дома ганчара Сяргей Рымдзёнак. У конкурсе ўдзельнічалі майстры керамікі з ўсёй Беларусі, якія добра валодаюць тэхналагічнымі і мастацкімі прыёмамі вырабу дробнай пластыкі і ганчарства, а таксама займаюцца адраджэннем і развіццём ганчарнага промыслу. Конкурс складаўся з дзвюх частак. Спачатку прайшла выстава конкурсных калекцый уласных хатніх работ з керамікі. У другой — майстар-класы па стварэнні работ і вырабаў з гліны ў рэжыме рэальнага часу. У выніку Сяргей Рымдзёнак атрымаў дыплом І-й ступені і грашовую прэмію ў намінацыі “Хатняя калекцыя”. Шчыра віншуем усіх майстроў з іх перамогамі і жадаем ім новых творчых дасягненняў. Алена АНАНІЧ.
|
|