Шосты дзень у школе — гэта дзень, калі можна адпачыць і, прыйшоўшы сюды, займацца справамі, якія па душы. Адны займаюцца на факультатывах, паглыбляючы свае веды, другія — на занятках па інтарэсах, а хтосьці прымае ўдзел у агульнашкольным мерапрыемстве. А самае галоўнае, што кожны прыйшоў у школу не па прымусу, а таму, што так хацелася самому.

Нядаўні шосты дзень быў асаблівы, хоць і такі ж насычаны, як іншыя, але гэты дзень быў святочны — напярэдадні Дня матулі. Дзеці загадзя рыхтаваліся да гэтага суботняга дня: кожны клас выпусціў насценгазету з цёплымі, шчырымі словамі пра матулю — самага дарагога чалавека для кожнага. У фае была арганізавана выстава малюнкаў “Мая мама — самая-самая…”, у некаторых класах былі зроблены стэнды з фотаздымкамі матуль.


Зранку запрашала на свята матуль прыгожая расцяжка “Запрашаем на свята!”. І госці, вучні, настаўнікі збіраліся ў школе, у паветры адчувалася ўрачыстасць. Кожная матуля, якая прыйшла на свята, адчувала сябе любімай і самай дарагой для свайго дзіцяці.

Свята адкрыла дырэктар школы Таццяна Антонаўна Каляда. Яна пажадала ўсім моцнага здароўя і бачыць сваіх дзяцей шчаслівымі. Потым перад матулямі выступілі  дзеці з літаратурна-музычнай кампазіцыяй “Мама, мілая мама”.

Некаторыя матулі выціралі слёзы, гэта былі слёзы радасці. Словы, якія былі прысвечаны матулям, не маглі не крануць душу тых, хто прысутнічаў, бо кожны чалавек удзячны сваёй матулі за тое, што яна дала жыццё, гадавала, выхоўвала і заўсёды жадала свайму дзіцяці толькі ўсяго найлепшага.


А свята працягвалася. Вядучы мерапрыемства запрасіў усіх на кірмаш і ў “Кафэ для матуль”. Чаго тут толькі не было: сталы, накрытыя прыгожымі сурвэткамі, а на сталах — усялякія прысмакі, і ўсё гэта было зроблена рукамі дзетак (канечне, не без дапамогі матуль). Дзеці так стараліся ўсіх пачаставаць, зазывалі пакупнікоў, як на сапраўдным кірмашы, гул стаяў нібы ў пчаліным вуллі. Нельга было прайсці, каб не прыдбаць такую смакату, а здзейсніўшы куплю, завітаць у кафэ, дзе прапаноўвалі гарбату ўсялякіх сартоў. Тут, за сталом, разам з дырэктарам, класнымі кіраўнікамі сядзелі матулі. У цёплай размове яны гаварылі пра жыццё, пра планы на будучае, пра справы, якія могуць спрыяць росквіту малой радзімы, пра тое, як зрабіць школьны двор і само Драчкава  прыгажэйшымі, як зацікавіць дзяцей, каб ім хацелася атрымаць прафесію і вярнуцца сюды — дамоў, займацца любімай справай, пабудаваць дом, нарадзіць дзетак, якія потым будуць вучыцца ў гэтай школе і будуць працягваць справы бацькоў, ушаноўваць добрыя традыцыі і ствараць новыя.

У гэтую ж школьную суботу свята было і ў першакласнікаў. Яны разам з бацькамі і класным кіраўніком Л.А. Кучынскай адправіліся ў свой першы турыстычны паход. Колькі радасці было і ў дзяцей, і ў бацькоў. Тут было і знаёмства з мясцовай прыродай, і свежае паветра, насычанае пахам восеньскага лесу, і касцёр, на якім смажылі сасіскі і пяклі бульбу. Бацькі і дзеці былі разам. Лес дрыжэў ад дзіцячых галасоў, малыя гулялі ў розныя гульні з бацькамі, удзельнічалі ў спаборніцтвах, усім было хораша, і дзеці пыталіся: “А калі яшчэ пойдзем у паход?” Настаўніца адказвала: “У нас ёсць добрая традыцыя хадзіць у паход кожную навучальную чвэрць. Таму наступны паход будзе на зімовых канікулах”. Дзеці крыху засумавалі, бо так ім спадабалася ў паходзе… Больш трох гадзін вучні адпачывалі на свежым паветры, і прырода спрыяла добраму настрою. Бацькі і дзеці шчыра дзякавалі настаўніцу Любоў Аляксандраўну за цудоўна праведзены час.


Драчкаўскім НПК кіруе Таццяна Антонаўна Каляда. Пад яе непасрэдным кіраўніцтвам складзены і ажыццяўляецца экалагічны праект “Усё пачынаецца ад школьнага парога”. У рамках гэтага праекта праводзіцца вялікая работа па ўпрыгожванню школьнага двара. У школе працуюць “Школьнае лясніцтва” і бізнес-кампанія “Зялёнаград”. І таму ў гэты шосты школьны дзень, як і па ўсёй Міншчыне, у нашай школе прайшла акцыя “Пасадзі дрэва: зрабі Міншчыну прыгажэйшай”.

Вучні старэйшых класаў разам з кіраўнікамі Л.М. Праскурнічай і І.Л. Маліноўскай высадзілі саджанцы туй і ядленца на школьным двары. Хочацца адзначыць, што гэтыя расліны дзеці выгадавалі самі ў школьным пітомніку.

Вось так насычана прайшоў шосты дзень у Драчкаўскім НПК. І хочацца, каб кожная субота была жаданай, цікавай і для дзяцей, і для бацькоў, і для настаўнікаў.

Вольга ДАМАРОНАК, настаўнік Драчкаўскага НПК.

Фота з архіва ўстановы адукацыі.