Навучэнцы Воранаўскага каледжа наведалі гісторыка-культурныя мясціны нашага раёна
22.10.2019
—
Разное
|
Відэаролік аб гэтым падарожжы стаў удзельнікам краязнаўчага рэспубліканскага праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, прысвечанага Году малой радзімы. Цёплыя восеньскія дні новага навучальнага года педагогі Воранаўскага каледжа Святлана Вашкевіч і Юрый Юзвік скарысталі для экскурсіі-знаёмства. Склалі краязнаўчы маршрут, запрасілі юнакоў з 6-й групы тэхнікаў-электрыкаў, узброіліся фотаапаратам і рушылі за ўражаннямі. Першым прыпынкам быў касцёл Святога Яна Хрысціцеля ў Беняконях. Святыня ўключана ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, ля яе — магіла Марылі Верашчакі, каханай вядомага паэта Адама Міцкевіча. Акрамя гэтага, пабывалі ў маёнтку графа Путкамера і гайку з легендарным каменем, дзе сустракаліся ўпотай закаханыя. Яшчэ здалёк уразіў маладых людзей дом-крэпасць у в.Гайцюнішкі. Да таго ж, з помнікам XV-XVII стагоддзя связана гісторыя станаўлення каледжа. У 50-я гады тут размяшчалася школа механізацыі сельскай гаспадаркі. Подых даўніны моладзь, безумоўна, адчула. Адна справа глядзець фотаздымкі з такіх месцаў, і зусім іншая — тут знаходзіцца. — Я сам з Мікашэвічаў. Убачаныя краявіды сапраўды каларытныя. У горадзе ж такога не пабачыш і крынічнай вады не паспрабуеш! Маёнтак Путкамераў вельмі спадабаўся. Людзі, якія тут жылі, па-гаспадарску і з густам аформілі гэтую тэрыторыю. Я зрабіў для сябе многа фотаздымкаў. Дзяліўся імі ў сацыяльных сетках. У маіх сяброў яны выклікалі цікавасць, мяне засыпалі пытаннямі… — расказаў удзельнік экскурсіі Арцём Краснікевіч. — Я хоць і жыву ў Воранаве, а дом-крэпасць у Гайцюнішках упершыню наведаў, — далучыўся да нашай размовы Ілля Кулак. — Уразіў знешні выгляд замка, і ўнутраныя асаблівасці — паўтараметровыя сцены, вузкія калідоры, прадуманая сістэма вентыляцыі. Загадкавая і версія аб тым, што пад пабудовай існуе падземны шматкіламетровы тунэль. — На перамогу ў краязнаўчым конкурсе асабліва не разлічваем, — падзялілася разважаннямі педагог-арганізатар Святлана Вашкевіч. — Хаця для відэароліка сабралі багаты матэрыял, дапоўнілі яго вершам паэта-земляка Валянціна Емяльянава. У калектыве нашу справаздачу глядзелі з цікавасцю. Куратары груп прапанавалі арганізаваць такія экскурсіі і для іншых навучэнцаў. Юнакі з Брэстчыны, Лідчыны, Шчучыншчыны адкрылі для сябе Воранаўшчыну, ды і мясцовая моладзь, мяркую, пашырыла свой кругагляд. Вольга ВАРАБ’ЁВА. Фота ўдзельнікаў экскурсіі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Відэаролік аб гэтым падарожжы стаў удзельнікам краязнаўчага рэспубліканскага праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, прысвечанага Году малой радзімы. Цёплыя...
|
|