Чалавек і яго справа: галоўны аграном ААТ «Ельня-Агра» Пётр Протас
26.11.2019
—
Разное
|
Падчас святкавання раённай урачыстасці, прысвечанай Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, якая прайшла ў гарадскім пасёлку 16 лістапада, віншаванні і ўзнагароды атрымалі лепшыя кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, спецыялісты, камбайнеры і вадзіцелі, механізатары, жывёлаводы, усе тыя людзі, якія клапоцяцца пра харчовую бяспеку нашай краіны. За ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, дасягненне высокіх вынікаў у працы, значны ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу юбілейным медалём “100 год органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчаваннем Беларусі” ўзнагароджаны дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Ельня-Агра” Міхаіл Якімовіч, галоўны аграном і механізатар гэтай гаспадаркі Пётр Протас і Андрэй Удобкін. Тры ганаровыя ўзнагароды адразу трапілі ў адну гаспадарку. Гэта і не дзіўна, бо на працягу многіх год ААТ “Ельня-Агра” займае лідзіруючыя пазіцыі сярод іншых гаспадарак раёна па вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі. Сёння сельгаспрадпрыемства ўстойліва трымаецца, нягледзячы на няпростае сацыяльна-эканамічнае становішча іншых гаспадарак, перапрацоўчых прадпрыемстваў вобласці і краіны, з якімі яно супрацоўнічае. Немалаважным фактарам у паспяховай рабоце акцыянернага таварыства з’яўляецца граматна наладжаная работа кіраўніцтва гаспадаркі, спецыялістаў і іншых работнікаў, дзе кожны адказна і сумленна адносіцца да выканання сваіх службовых абавязкаў. Гэта ў поўнай меры адносіцца і да галоўнага агранома Пятра Віктаравіча Протаса. Любоў да зямлі, да працы на ёй Пятру яшчэ ў дзяцінстве прывілі яго бацькі — маці Вера Фамінічна і бацька Віктар Пятровіч. Таму і сын пасля заканчэння школы паступіў на вучобу ў Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Пасля яго заканчэння малады спецыяліст атрымаў размеркаванне на працу ў адну з гаспадарак Браслаўшчыны, стаў аграномам. Здавалася б, што палі і лугі, лясы і сенажаці па ўсёй нашай Беларусі аднолькавыя, зямля-карміцелька ўрадлівая. Толькі вось Пётр, адпрацаваўшы ў Браслаўскім раёне шэсць год, заўсёды хацеў вярнуцца на малую радзіму, у родныя і любыя сэрцу мясціны. Мара ажыццявілася ў 2000 годзе. З таго часу ён нязменна працуе галоўным тэхнолагам палёў ААТ “Ельня-Агра”. Аднойчы па размеркаванні пасля заканчэння сельскагаспадарчай акадэміі ў гаспадарку прыехала працаваць маладая, прыгожая дзяўчына Наталля. Незаўважна паміж Пятром і Наталляй успыхнула ўзаемнае трапяткое пачуцце — яны пакахалі адзін аднаго. Неўзабаве маладыя згулялі вяселле, гаспадарка выдзеліла ім жыллё. У сям’і нарадзіўся першы сынок Алёша, затым дачушка Машанька, а два гады таму сынок Ванечка. — Сям’я — гэта мой надзейны тыл, — з гонарам у голасе прамовіў Пётр Віктаравіч. — Побач з імі забываюцца многія клопаты, вырашаюцца складаныя пытанні. — Пётр Віктаравіч не проста сумленны чалавек і сем’янін, ён яшчэ і першакласны спецыяліст — дока ў сваёй справе, — падкрэсліў кіраўнік гаспадаркі Міхаіл Мікалаевіч Якімовіч. — Галоўны аграном ведае, што, як і ў які аптымальны тэрмін пасеяць на тых або іншых участках. Дэталёва разбіраецца ў хімічных сродках аховы і росту раслін раслін. Між тым, Пётр Віктаравіч яшчэ займаецца і самаадукацыяй — вывучае адпаведную навуковую літаратуру, цікавіцца сучаснымі формамі і метадамі ў галіне агранаміі. Пётр Віктаравіч Протас неаднаразова за сваю сумленную працу ўзнагароджваўся падзякамі і граматамі, каштоўнымі падарункамі раённага і абласнога ўзроўняў. Падчас правядзення абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі—2015”, які прайшоў у Талачыне, яго праца адзначана Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. А сёлетняя ўзнагарода — гэта яшчэ адзін чарговы доказ таму, як трэба працаваць на роднай зямлі і любіць яе ўсім сэрцам. Сяргей РАЙЧОНАК. |
|