Амелянец. Гэта не канец. 21.by

Амелянец. Гэта не канец

13.12.2019 19:10 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>

Лёс школы вырашалі 9 снежня падчас сустрэчы мясцовай улады з жыхарамі вёскі

Актавая зала Амелянецкага сельскага Дома культуры ў гэты дзень поўнілася людзьмі. Відавочна, пытанне закрыцця ці незакрыцця мясцовай школы закранула ўсіх і кожнага.
Сход меўся адбыцца з той прычыны, што ў райвыканкам, аблвыканкам і Адміністра­цыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь паступіў калектыўны зварот грамадзян за 37 подпі­самі. Акрамя таго, аналагічная петыцыя была змешчана і ў інтэрнэце, дзе сабрала (на 10.12.2019 г.) без малога 1900 подпісаў. Пра сітуацыю з Аме­лянецкай школай пісалі і га­варылі многія сродкі масавай інфармацыі (“НК” у тым ліку), і такі шырокі інтарэс да закранутай праблемы не мог не прывесці да асабістай сустрэчы зацікаўленых бакоў з мэтаю пошуку кампрамісу.
На сустрэчы прысутнічалі жыхары Амелянца розных уз­ростаў (у тым ліку старэйшыя школьнікі), прадстаўнікі мясцовай улады (старшыня райвыканкама Валянцін Зайчук; начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Віктар Грыцук; намеснік старшыні райвыкан­кама Дзяніс Шпак; дырэктар ААТ “АграНіва” Віктар Бобр і старшыня Вярховіцкага сель­выканкама Генадзій Сашко) і зацікаўленых службаў (райад­дзела МНС і райЦГЭ), а таксама – прадстаўнікі СМІ, у тым ліку і польскіх, што не маюць акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь, і іншыя зацікаўленыя асобы.


Перш-наперш Генадзій Сашко агучыў згаданую вышэй петыцыю, пасля чаго слова ўзяў Валянцін Зайчук.
– Правільна сказана ў звароце: магчымасць закрыцця школы мы абмяркоўваем, – заўважыў ён. – Ніякага рашэння аб закрыцці не прымалася. Пытанне вывучаецца ўсеба­ко­ва, каб прыняць узважанае рашэнне, як нам быць далей. Ёсць некалькі варыянтаў: ці зрабіць вашу школу базавай, ці пакінуць толькі дзіцячы сад-пачатковую школу, якая знахо­дзіцца ў памяшканні 1981 года пабудовы з водазабеспячэннем і двума санітарнымі па­ко­ямі з гарачай вадой (у адрозненне ад будынка, дзе вучацца старшаклас­нікі)… Але, напэўна, самае га­лоўнае тое, што рашэнне, якое мы павінны прыняць, залежыць ад колькасці вуч­няў. Ка­лі б захоўваўся іх кантынгент, пытанне, безумоўна, не стаяла б. Думалі б над ін­шым: як вырашыць бытавыя праблемы?
Старшыня райвыканкама прывёў у якасці прыклада ня­даўняе закрыццё 2-х малакамп­лектных школ, калі ніводная скарга ад бацькоў не пасту­пі­ла, а дзеці задаволеныя тымі ўмовамі, якія ім стварылі, па падвозе, у першую чаргу.
– Мы выслухаем вашы мер­каванні, – паабяцаў высту­поў­ца, – ніякіх неабдуманых рашэн­няў не будзе. Гатовы адказваць на пытанні: і тых, хто падпісаў зварот на паперы, і тых, хто – у інтэрнэце. Калі б яшчэ хоць адзін з апош­ніх сюды пераехаў, дзяцей прывёз, мы б і работу яму паста­раліся знайсці, і жыллё, і шко­ла засталася б.

Наступным да ўсіх прысутных звярнуўся настаўнік геаг­ра­фіі і фізкультуры Амелянец­кай СШ Павел Кендысь, апі­саўшы ў храналагічнай пас­ля­доўнасці ўсе папярэднія падзеі.
– У кастрычніку адбыўся сход, на якім дырэктар паве­даміў, што ў будучым навучальным годзе школу, хутчэй за ўсё, закрыюць. Былі названыя прычыны: адсутнасць туалета, гарачай праточнай ва­ды, спартыўнай залы і тое, што школа драўляная, пажаранебяспечная. Ведаю, што на пачатку 90-х быў праект па бу­даўніцтве гэтай залы, быў фун­дамент, ёсць звесткі, што і бу­даўнічыя матэрыялы былі. Ку­ды зала потым падзелася, ні­хто не ведае. Мы вырашылі склас­ці петыцыю, у якой ага­варылі названыя прычыны і лічым іх недарэчнымі, бо за апошнія 25 гадоў сродкі на рамонт школы, капітальны і бягучы, дзяржава не выдзяляла, усё рабі­лася сіламі калектыву настаў­нікаў, дырэктара, бацькоў.
Павел Уладзіміравіч агучыў і сваё меркаванне наконт таго, што лічыць сапраўднай прычынай закрыцця школы:
– За 18 кіламетраў ад нас ёсць вёска Пагранічная, там стаіць такая ж малакамплектная школа, як наша. 57 вучняў, толькі 15 – дзеці ўласна з Паг­ранічнай. У гэту школу на працягу некалькіх гадоў укладва­ліся вялікія грошы. Хутчэй за ўсё, гэта сродкі рэспублікан­скага бюджэту. І таму зараз паўстала пытанне запаў­нен­ня гэтай школы, бо дзетак там мала, а яна вялікая, 2-павярховая, са спартзалай. Лічу, што нашу школу закрываюць з мэ­тай запоўніць школу ў Паграніч­­най. З маім меркаваннем паго­дзяцца іншыя. Далей такі ж лёс будзе чакаць і Каленкаві­чы. А чаму выбралі школу ў Паграніч­най, на перы­ферыі раёна? Чым яна лепшая? Такая ж неперспек­тыўная, як наша, там няма дзяцей. То ці не варта закрыць яе, вазіць дзяцей у Амелянец, зра­біць капіталь­ны рамонт, туалет?
Павел Кендысь спыніўся таксама і на беларускамоўнасці школы: “Закрываюцца апош­нія астраўкі беларускамоўнай адукацыі. Гэта не ганьба?”
Сваё выступленне настаў­нік завяршыў пытаннем: чаму за 25 гадоў школа ў Амелянцы так і не дачакалася ні капіталь­нага, ні бягучага рамонту, на якое было прапанавана адказаць Міка­лаю Кендысю, які з 1993 года ўзначальвае гэту ўстано­ву аду­кацыі.

Мікалай Мікалаевіч пералі­чыў моманты з гісторыі школы, калі на яе выдаткоўваліся сродкі з бюджэту. Гэта – і бу­даўніцтва ўласнай кацельні ў 2000-м, і набыццё першага ў раёне аўтобуса “Газель” у 2004-м (падарунак Прэзідэнта), а потым новага аўтобуса, якому 3 гады…
– На рамонт толькі аднойчы за ўвесь час існавання школы дабравольна збіралі грошы – на фарбу. Больш ніхто не збіраў і не будзе збіраць. Дзеці ўсе ў школе харчуюцца бясплатна. Мы здаём шмат металалому і макулатуры. За кошт гэтага і праводзім бягучыя рамонты. Канешне, вялікія мы не пацягнем, але ўсё астатняе маглі і рабілі за свой кошт.
Што ж датычыцца спартыў­най залы, то існавала дамова паміж папярэднікам Мікалая Кендыся і старшынёй коліш­ня­га калгаса “Савецкая Бела­русія” Уладзімірам Бядулем аб перавозе сюды будынка старой школы з Пагранічнай, якая мусіла стаць асновай залы для заняткаў спортам, быў і фундамент. Але пазней ад гэтай ідэі адмовіліся. На тым фундаменце зроблены склад для торфабрыкету.
Адказваючы на пытанне аб перспектывах навучальнай ус­тановы на наступныя тры гады, дырэктар зазначыў, што ў нас­тупным годзе ў школу павін­ны прыйсці 6 вучняў, у 2021-м – 4, у 2022-м – 4, пазней чакаецца спад.
Было закранута таксама і пытанне сацыялізацыі дзяцей. Меркаванні тут разышліся. “Вучняў у нас у класе 2-3, – падкрэсліў Мікалай Кендысь. – З кім ім зносіны падтрым­лі­ваць? Заводзіць сяброўства? Будаваць сям’ю?”
На гэта адказала настаў­ні­ца рускай мовы і літарату­ры Амелянецкай СШ Вера Фі­ло­саф:
– Сацыялізацыя можа пра­хо­дзіць і па-за школай, у іншых месцах. А ў школу вучні па­вінны прыходзіць вучыцца. Да нас, напрыклад, прыйшоў вучань з вялізнай брэсцкай школы і знайшоў падтрымку, кажа: “Мне тут цікава. Можна выказацца”. Сацыялі­за­вацца можна і ў маленькім класе. У вялікіх школах для та­кіх простых вуч­няў, як нашы сельскія, нічога не будзе ра­біцца.
Вера Мікалаеўна занепакоена таксама і тым, што дзецям, якія вучацца на беларускай мове і на апошні год мусяць пераходзіць на рускую, будзе няпроста. Тым больш, калі гэтыя вучні хочуць паступаць ва ўніверсітэты.
– Дзе лепшыя веды: у вя­лікім ці ў маленькім класе? – разважае настаўніца. – Калі ву­чань з гарадской школы ідзе да рэпетытара. Спытайце ў нашых дзяцей: хто з іх ходзіць да рэпетытара? А паступаюць у розныя ўніверсітэты!
Тут да дыскусіі далучыліся вучні 9-11 класаў, якія адзіна­галосна выказаліся за беларус­камоўнае навучанне.
Прагучала некалькі пытан­няў з залы. Яны тычыліся ранняга пад’ёму дзяцей, каб даб­рацца да школы ці садка; масавага пераезду мнагадзетных сем’яў у горад і крэдытавання пабудовы жылля ў вёсцы…

На заканчэнне Віктар Гры­цук прыгадаў мінулы свой вопыт, падчас якога давялося зак­рыць нямала ўстаноў адукацыі (і не таму, што там былі дрэнныя людзі), і парадаваўся та­му, як вяскоўцы адстойваюць пазіцыю сваёй школы.
– Ніхто не ставіў задачу сёння на Амелянцы паста­віць крыж, – падкрэсліў ён. – Мож­на сабраць дакументацыю, пабудаваць новую школу. Але ка­му? Хіба гэта па-дзяржаў­на­му? Укласці бюджэтныя сродкі і замарозіць? Я так не лічу. Маё меркаванне: патрэбна пакі­нуць тут пачатковую школу-сад.
А Валянцін Зайчук завяр­шыў сустрэчу словамі:
– Усе хочуць, каб школа працавала. Наша задача – прадумаць варыянты, каб адпавядаць усім нормам. Сустрэнемся яшчэ раз. Вы будзеце ў курсе. Мы пачулі адно аднаго.
Застаецца спадзявацца, што абраны ў рэшце рэшт варыянт задаволіць усіх.

Настасся НАРЭЙКА.

P. S. Госці з іншых гарадоў пасля сустрэчы раз’едуцца па дамах, а праблемы застануцца і іх павінны будуць рашаць мясцовыя ўлада і жыхары.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лёс школы вырашалі 9 снежня падчас сустрэчы мясцовай улады з жыхарамі вёскі Актавая зала Амелянецкага Сообщение Амелянец. Гэта не канец появились сначала на...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика