Сёння споўнілася 80 год са дня ўтварэння Шаркаўшчынскага раёна. 21.by

Сёння споўнілася 80 год са дня ўтварэння Шаркаўшчынскага раёна

15.01.2020 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

IMG_0994 (Копировать)

Сёння, 15 студзеня, адметная дата для нашага раёна — 80 год з дня яго заснавання. Як самастойная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Шаркаўшчынскі раён быў утвораны Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР і ўвайшоў у склад Вілейскай вобласці.

Прыгадаем некаторыя старонкі гісторыі Шаркаўшчынскага раёна. Утварыўшыся ў перадваенны год, вельмі шмат змяненняў і пераўтварэнняў зведаў наш раён. Страшным ліхалеццем па яго тэрыторыі і па лёсах усіх шаркаўчан прайшла Вялікая Айчынная вайна. Шмат бед і нястачы прыйшлося вытрымаць нашым землякам пры аднаўленні разбуранай народнай гаспадаркі.

На момант стварэння Шаркаўшчынскага раёна ў ім пражывала 38647 чалавек. На землях былых польскіх памешчыкаў былі ўтвораны два калгасы. У кастрычніку 1940 года мястэчка Шаркаўшчына набыло статус гарадскога пасёлка. з 30 чэрвеня 1941 года і па 1 ліпеня 1944 года наш раён быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. З верасня 1944 года тэрыторыя раёна ўваходзіла ў склад Полацкай вобласці, са студзеня 1954 года — у склад Маладзечанскай, а са студзеня 1960 года — у склад Віцебскай вобласці.

5 снежня 1944 года заснавана друкаванае выданне — газета “Сялянская праўда”, якая са студзеня 1967 года пачала насіць назву “Кліч Радзімы”.

У самым пачатку 1960 года на тэрыторыі раёна дзейнічалі 27 калгасаў і адзін саўгас. Працавала мясцовая прамысловасць: раймаслапрам, арцель “Чырвоны сцяг”.

Хуткімі тэмпамі развівалася народная адукацыя. Налічвалася 6 сярэдніх, 21 сямігадовая і 43 пачатковыя школы.

17 красавіка 1962 года раён быў скасаваны і аднавіўся ў 1966 годзе. На гэты час тут дзейнічалі маслазавод, камбінат бытавога абслугоўвання, прамкамбінат, агародніна-сушыльны завод, сельгастэхніка, 27 калгасаў і 4 саўгасы.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2006 года № 36 зацверджаны афіцыйныя геральдычныя сімвалы (герб і сцяг) Шаркаўшчынскага раёна.

З нашым краем знітаваны лёсы яго славутых ураджэнцаў і людзей, якія працяглы час жылі на шаркаўшчынскай зямлі і прыносілі карысць раёну. Сярод із Герой Савецкага Саюза Раман Кудрын, народныя артысты СССР і БССР Генадзь Цітовіч і Павел Дубашынскі, мастак, этнограф і фалькларыст Язэп Драздовіч, садавод-селекцыянер Іван Сікора, пісьменнікі Міхась Машара, Герман Кірылаў, Віктар Праўдзін, гісторык Мікола Ермаловіч і іншыя.

Першымі сакратарамі райкама КПБ і старшынямі раённага выканаўчага камітэта ў розныя гады працавалі Цімафей Пятровіч Шарыпаў, Вячаслаў Сямёнавіч Русак, Анатоль Георгіевіч Шманцар, Віктар Андрэевіч Бядрыцкі, Мікалай Андрэевіч Таратута, Анатоль Ермалаевіч Хрусцель, Іван Іванавіч Цярэшка, Мечыслаў Часлававіч Сезянеўскі, Леанід Віктаравіч Клакоўскі, Мечыслаў Віктаравіч Морхат, Мікалай Ірынархавіч Баговіч. Цяпер наш раён узначальвае Дзмітрый Міхайлавіч Ламака.

Імкліва бяжыць час, гартаючы старонкі гісторыі шаркаўшчынскай зямлі, якія пішуць сваёй самаадданай працай нашы землякі.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика