Аляксандр Валковіч сустрэўся з вайскоўцамі Брэцкай Чырвонасцяжнай пагранічнай групы імя Ф.Э. Дзяржынскага
16.01.2020 11:44
—
Разное
|
Пісьменнік, журналіст Аляксандр Валковіч сустрэўся з вайскоўцамі Брэцкай Чырвонасцяжнай пагранічнай групы імя Ф.Э. Дзяржынскага. Імпрэзу прысвяцілі 75-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і Году малой радзімы. Падчас яе творца расказаў пра сваю кнігу «Письма войны». Гэты ўнікальны гісторыка-дакументальны і публіцыстычны ілюстраваны зборнік змяшчае копіі паштовых канвертаў, салдацкіх «трохвугольнікаў», а таксама тэксты лістоў, напісаных у 1941-1945 гадах з фронту і на фронт. Асобныя раздзелы кнігі складаюць лісты абаронцаў Брэсцкай крэпасці, гісторыя дзённікаў пісьменніка-патрыёта Сяргея Смірнова, партызанскія дзённікі і малюнкі, лісты нашых землякоў-беларусаў з фашысцкай няволі і некаторыя біяграфіі. У якасці прыкладу аўтар зачытаў ліст лесніка з Белавежскай пушчы. Макар Маеўскі з вёскі Валкаставец Камянецкага раёна напісаў за некалькі дзён да страшнай смерці жонцы і васьмярым малалетнім дзецям: «Прашу вас: жывіце як найлепш, не спрачайцеся і не сварыцеся, каб людзі не смяяліся. Гэты лісток пішу перад смерцю сваёй 14 лістапада 1942 года. 20 лістапада буду павешаны ў Белавежы, відаць, лёс такі... Не шкадуйце рабой каровы, а зарэжце і з’ешце, інакш не перазімуеце». Асобна Аляксандр Валковіч расказаў пра абгарэлы фатаздымак з блакаднага Ленінграда, які перадаў для кнігі капітан першага ранга, пісьменнік Валерый Касатонаў. Яго мама і брацік сфатаграфаваліся, каб адправіць здымак бацьку на фронт, але ваенна-транспартны самалёт збілі немцы. Ацалелыя лісты вярнулі адрасантам... На жаль, бацька Валерыя Касатонава загінуў падчас Вялікай Айчыннай. Распавёў пісьменнік таксама і пра загінуўшых воінаў, пахаваных у парку імя 1 Мая. Сярод іх гвардыі маёр Шота Гагарышвілі. Ён загінуў пад Варшавай у жніўні 1944-га, быў пахаваны ў Брэсце, а ў верасні 1945-га яго рэшткі перавезлі на радзіму ў Тбілісі. Аднак імя з ранейшага месца пахавання сціраць не сталі. Аляксандр Валковіч пазнаёміў ваеннаслужачых з яшчэ адной сваёй кнігай — «И тогда спроси свою печаль». Яна склалася ў свой час з матэрыялаў вандровак па рэгіёнах Беларускага Палесся і расказвае аб людской міласэрнасці, крыніцах духоўнасці і маральнасці, месцы беларусаў на зямлі. У зборніку прадстаўлены багаты гутарковы і песенны фальклор палешукоў, старадаўнія паданні і легенды, жыццёвыя калізіі і людскія лёсы. Не абышлі ўвагай і літаратурна-краязнаўчы альманах «Астрамечаўскі рукапіс», укладальнікам якога з’яўляецца Аляксандр Міхайлавіч. Пісьменнік падарыў свае кнігі бібліятэцы пагранічнай заставы і пераказаў маладым байцам успаміны паэта-франтавіка Вінаградава, які прыйшоў з фронту. Жонка падарыла яму касцюм без гузікаў і адправіла мужа на базар па матавыя гузікі з бліскаўкамі. Патрапіўшы на базар, Вінаградаў проста разгубіўся. Што ён ведаў на вайне? Акоп, пазіцыя, жыццё і смерць. А тут — такая разнастайнасць жыцця, ва ўсіх яе праявах і дробязях! «Таму ў жыцці так важна знайсці гэты свой гузік з бліскаўкамі, які называецца гармонія, — зазначыў пісьменнік. — Гармонію патрэбна шукаць усюды: у сваёй душы, у адносінах з навакольнымі, да роднай краіны і спраў. Шукайце, хлопцы, у жыцці свой гузік!» Фота Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пісьменнік, журналіст Аляксандр Валковіч сустрэўся з вайскоўцамі Брэцкай Чырвонасцяжнай пагранічнай групы імя Ф.Э. Дзяржынскага. Імпрэзу прысвяцілі 75-годдзю... |
|