В Ушачах сдан в эксплуатацию многоквартирный жилой дом
22.01.2020
—
Разное
|
Мала з чым можна параўнаць пачуццё, калі вымаеш з кішэні ключ і ўпершыню асцярожна ўстаўляеш яго ў замок. Імгненне – і ты адчыніш дзверы не толькі ў новую кватэру, а і ў новы этап жыцця, які абяцае быць больш камфортным, самастойным… Падобныя эмоцыі нядаўна адчулі навасёлы 40-кватэрнага дома ў мікрараёне вуліцы Віцебскай райцэнтра, будаўніцтва якога завяршылася напярэдадні навагодніх свят. І калі, напрыклад, маладая сям’я Жыцянёвых (на здымку) пераязджаць у новае жыллё плануе пасля таго, як грунтоўна аформіць яго па сваім гусце, то ў некаторых кватэрах галасы жыльцоў загучаць ужо вельмі хутка. Сярод тых, хто атрымалі ордэр, 11 сем’яў, якія выхоўваюць чацвёра і больш дзяцей. Адпаведна праводзімай у нашай краіне сацыяльнай палітыцы стымулявання нараджальнасці, жыллё ў падобным выпадку можна пабудаваць, скарыстаўшыся льготным крэдытам, які стапрацэнтна пакрые дзяржава – не трэба такім навасёлам самім клапаціцца і пра ўнутранае аздабленне памяшканняў. Цалкам гатовымі для пражывання будуць і 4 камерцыйныя кватэры, якія стануць фактарам для прыцягнення ў раён неабходных спецыялістаў. Толькі 25 працэнтаў ільготнага крэдыту давядзецца выплачваць 20 сем’ям, якія выхоўваюць траіх дзяцей. Дарэчы, яшчэ больш прывабным зрабіў такі варыянт Указ Прэзідэнта Беларусі №345 “Аб сямейным капітале”, які ўступіў у сілу з пачатку гэтага года: дакумент дазволіў мнагадзетным сем’ям выкарыстоўваць прыгаданыя сродкі на паляпшэнне жыллёвых умоў датэрмінова, а не пасля дасягнення дзіцем паўналецця, як было раней. “Вельмі рады такім новаўвядзенням і збіраемся гэтым скарыстацца, – адзначаюць Вольга і Станіслаў Цвяцінскія, навасёлы, што выхоўваюць траіх дзетак. – Дзяржаўная падтрымка мнагадзетным сем’ям у нашай краіне сапраўды адчувальная. Хочацца, канечне, падзякаваць і ўсім спецыялістам, якія так хутка ўзвялі прыгожы дом, дзе мы будзем жыць”. Ну а ці рэальна пабудаваць кватэру невялікім сем’ям? Адрасавалі гэта пытанне прыгаданым вышэй Аляксандры і Мікалаю Жыцянёвым. “Нашай сям’і ўжо 8 год, падрастае пяцігадовая дачка Ліза, – распавядаюць навасёлы. – Увесь час жылі ў доме бацькоў і на здымных кватэрах і, канечне, марылі пра ўласную: сталі на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, збіралі сродкі. Думалі ўзяць участак пад дом ці купіць недарагую старую кватэру – але ж вельмі хацелася менавіта новую, сучасную, таму і схіліліся да гэтага варыянту. Сабраных грошай хапіла на першы ўзнос, а на асноўную частку атрымалі льготны крэдыт “Беларусбанка” – пад 3 працэнты на 20 год. Падлічылі, што кожны месяц прыйдзецца вылучаць з сямейнага бюджэту каля 220 рублёў – думаем, што справімся”. Працэс здачы ў эксплуатацыю новага дома, як правіла, не бывае зусім гладкім. Пэўныя недапрацоўкі заўважаюць і ліквідуюць самі будаўнікі, на асобныя ім указваюць будучыя жыльцы – аднак хібы паступова ўхіляюцца, бо ў гэтым зацікаўлены ўсе бакі. Вось і Мікалай Жыцянёў – дарэчы, будаўнік па прафесіі, вопытным вокам выявіў недахопы ва ўстаноўцы балконных рам, пра што і паведаміў Мікалаю Грыневічу, прарабу ПМК-66 (гэта арганізацыя разам з калегамі з Шуміліна была выканаўцам работ). “Прыемна, што спецыяліст з увагай ставіцца да нашых прэтэнзій і стараецца вырашаць пытанні. Рамы, прынамсі, нам падправілі”, – адзначае гаспадар. А яшчэ вылучае станоўчыя моманты: напрыклад, тое, што дом мае ўцеплены фасад – гэта сучасны падыход да будаўніцтва, які дазволіць эканоміць на камунальных паслугах. Даводзіць кватэру да ладу гэта сям’я мяркуе ў цёплы сезон, калі памяшканні прасохнуць, будынак дасць усадку, ды і грошай трэба падсабраць, бо хочацца абсталяваць пакоі па новых тэхналогіях – у ваннай, напрыклад, плануюць зрабіць наліўную падлогу, ёсць і іншыя задумы. Але ж ключы ў кішэні ўжо зараз грэюць душу: надзвычай прыемна адчуваць сябе гаспадаром уласнага жылля! Наталля БАГДАНОВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мала з чым можна параўнаць пачуццё, калі вымаеш з кішэні ключ і ўпершыню асцярожна ўстаўляеш яго ў замок. Імгненне – і ты адчыніш дзверы не толькі ў новую кватэру,...
|
|