Традыцыйна бібліятэкары Дзяржыншчыны наведалі 27 Мінскую міжнародную кніжную выставу–кірмаш, каб пазнаёміцца з навінкамі выдавецтваў, прыняць удзел у прэзентацыях, набыць кнігі.
Сёлетні кніжны кірмаш сабраў 30 краін-удзельніц і праходзіў пад дэвізам “Беларусь – адкрытая кніга”. Ганаровым госцем была Расія, цэнтральным экспанентам - Злучаныя Штаты Амерыкі.
У гэтым годзе выстава праходзіла пад знакам Вялікай Перамогі і Года малой радзімы, таму шмат мерапрыемстваў былі ім прысвечаны. Дэлегацыя прыняла ўдзел у прэзентацыі кнігі нашага земляка Барыса Савінава “Триумф и трагедия семьи Казей”, выпушчанай выдавецтвам “Народная асвета”, якая праходзіла на цэнтральнай пляцоўцы.
Таксама падтрымалі нашых землякоў-паэтаў, удзельнікаў народнага літаратурнага клуба “Выток”: Людмілу Круглік на прэзентацыі беларуска–польскай кнігі “Масты”, дзе яна сярод аўтараў з Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі чытала свой верш, уключаны у зборнік;
Рэгіну Рэўтовіч на прэзентацыі выдавецтва “Чатыры чвэрці”, дзе яна разам з іншымі паэтамі прадстаўляла серыю “Несур’езна аб сур’ёзным”, у якой выйшла і яе кніга баек.
Увогуле паездка была насычанай, запамінальнай і вельмі карыснай, бо зроблена шмат замоў на далейшае супрацоўніцтва як з пісьменнікамі, так і з выдавецтвамі.