Партрэт з мімозай. 21.by

Партрэт з мімозай

07.03.2020 10:30 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Незалежна ад таго, мінус ці плюс паказвае вулічны тэрмометр, суцэльная снежная коўдра на дварэ ці, як сёлета, упартае міжсезонне ў надвор’і, у дакладна вызначаны календаром і любоўю дзень у нашых шыротах адбываецца пік глабальнага пацяплення. Прыкметы «прыроднай з’явы», назва якой 8 Сакавіка, не заўважыць нельга: настолькі яны выразныя і тыповыя.


Першыя метамарфозы адбываюцца з мужчынамі. Ужо за дзень-два да знакавай даты пачынаецца іх масавы паход у магазіны, вывучэнне вітрын з мэтай вырашыць пытанне жыццёвай важнасці: што купіць у падарунак Ёй? Самым юным, з дзіцячага садка ці школьнікам-пачаткоўцам, прасцей, бо ў магазін ім не трэба. Адны для любімых мамачак і бабуль намалявалі фламастарамі залатую рыбку ці ўсмешлівае сонейка, другія вышылі стараннымі сцяжкамі на сурвэтках яблык ці вішаньку. А вось іх татам, дзядулям, старэйшым братам даводзіцца цяжэй. Парфума? Смартфон? Пярсцёнак? Модная хустка? А можа, чаравічкі, пра якія яна не назойліва паўтарае цэлы месяц? У крайнім выпадку выратуе «джэнтльменскі набор» – цукеркі-шампанскае-кветкі. 


Менавіта неверагодна шчодры кветкавы россып з’яўляецца другой прыкметай восьмага дня сакавіка. Яна любіць мімозы?.. ружы?.. цюльпаны?.. Вось бы галінку бэзу… а можа, герберы… ці архідэі?.. Прадаўцы «ў мыле»: ледзь паспяваюць раіць, афармляць букеты і ўсміхацца юным, маладым, сталым і вельмі сталым пра-пра-пра…ўнукам Адама. А тыя ўсміхаюцца ў адказ. 

Вось і трэцяя адметнасць восьмасакавіцкага феномена – усмешка. Яна правіць баль на свяце тайны, вялікай, неразгаданай, спрадвечнай, імя якой Жанчына. Мама, бабуля, прабабуля, сястрычка, жонка, нявеста, каханая, дачка, унучка, гаспадыня, працаўніца, калега, сяброўка, багіня… Самая-самая-самая: пяшчотная і чулая, мудрая і шчырая, таямнічая і цудоўная, прыгожая і непрадказальная, сціплая і какетлівая… Заўсёдная вясна, найпрыгажэйшая паэзія і вытанчаны рамантызм – гэта пра жанчыну. Умелыя, ласкавыя рукі і бязмежная самаахвярнасць, працавітасць і міласэрнасць – гэта таксама пра жанчыну. І спагада, і даравальнасць, і гатоўнасць абараніць слабейшага, а калі трэба, і мацнейшага, і справядлівасць, і яшчэ безліч рыс і рысачак, уласцівасцей і прыкмет – гэта зноў пра жанчыну. Калі зыходзіць з таго, што вочы – люстэрка душы, то які фантастычна прыгожы свет адлюстроўваецца ў ім, у гэтым люстэрку! 


Гімн ёй спявае сама прырода. А рамансы – мужчыны. І пра вочы чорныя, і пра постаць ладную, і пра тое, што ў шумнай зале рэстарана «ах, якая!»… І вершы прысвячаюць, і прозай прызнаюцца. Яе параўноўваюць з бярозкай, стройнай і пяшчотнай. З рабінай, заўсёды прыгожай. З елачкай, круглы год яркай. З вербаю, весніцаю вясны. І рыфмуюць, і на музыку кладуць спрадвечную, неразгаданую яе тайну. А яна з дня ў дзень нясе сваю ношу, нялёгкую, але яе. І не лічыць, што робіць нешта звышнатуральнае. Выцірае ружовыя носікі сваім немаўляткам, спявае калыханкі, песціць-люляе. І не толькі тычыцца гэта маленькіх сыночкаў і дачушак. На плячы старэнькай матулі, у яе дрыжачых абдымках спакойна-спакойна даросламу сыну, які і сам ужо стаў дзядулем. 


Адукаваная, пры прафесіі, з уласным поглядам на факты і з’явы, наша сучасніца хутка і ўпэўнена ідзе па жыццёвай лесвіцы ў туфлях на шпільках, і не залюбавацца ёю проста немагчыма. Па сутнасці, усе свае думкі і намаганні прыгожая палова чалавецтва скіроўвае на тое, каб стварыць умовы для патрэбнага і ёй, і яе блізкім, такога жаданага і неабходнага ШЧАСЦЯ. Нястомна – справа да справы, клопат да клопату, слова да слова – працуе яна над гэтым жыццёвым багажом і перавязвае яго блакітнай стужкай сваёй пяшчоты, шчырасці, чуласці, каб паднесці дарагім людзям – гэта вам, гэта наша! У вялікай місіі мацярынства, у якой пераплецены абсалютная любоў, найвялікшыя адказнасць, праца сэрца і рук, яна ў сваёй стыхіі. Не адмаўляючы іншых здольнасцей, талентаў, магчымасцей, кар’ерных дасягненняў – менавіта гэта місія самая галоўная.


У беларускіх жанчын ёсць яшчэ адна, Богам дадзеная, крынічна-лясістым, блакітна-нябёсым, аксамітна-траўным краем успешчаная казырная карта – славянска-паляшуцкая прыгажосць твару, постаці і душы. Нацыянальнае багацце – жартуюць пабываўшыя ў Беларусі іншаземцы… А чаго тут жартаваць: і гэта – таксама! Багацце ж трэба, як вядома, берагчы. І словам, і справай. Пра што сёння абавязкова будуць паўтараць усе без выключэння мужчыны, таму што вясна, таму што 8 Сакавіка. Правільна, справядліва, заслужана, лагічна!


Дарэчы, наконт жаночай логікі. Гэта толькі ў анекдотах яна выклікае смех. У жыцці ж даказвае стратэгічнасць, тактычнасць, дыпламатычнасць прыгожай паловы чалавецтва. Ланцужок яе вывадаў стройны і зразумелы, і ні адно звяно ў ім не можа быць згублена. Хаця… А давайце ўсміхнёмся разам, для чаго і прыгадаю хрэстаматыйны выпадак у тэму. Вядомая заснавальніца адной са славутых касметычных кампаній была жанчынай да мозгу касцей: вытанчаны густ, моднае адзенне, яркая знешнасць, выключная прадпрымальнасць і найцвярдзейшы характар. Аднойчы яна даручыла членам сям’і вызначыцца з колерам упакоўкі для новага крэму. Доўга абмяркоўвалі, варыянтаў было шмат. Гаспадыня выслухала ўсе прапановы і зрэшты задумліва абагуліла: «Не важна, якога колеру будзе ўпакоўка. Галоўнае, каб аранжавага…». І што тут дзіўнага ці незразумелага? Гэта ёсць слабая моцная жанчына. Адна з нас. 


Са святам, дарагія сяброўкі!

(Visited 3 times, 3 visits today)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Незалежна ад таго, мінус ці плюс паказвае вулічны тэрмометр, суцэльная снежная коўдра на дварэ ці, як сёлета, упартае міжсезонне ў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика