Амаль у кожнай карэліцкай сям’і дома беражна захоўваюцца маўклівыя сведкі Вялікай Айчыннай вайны: пісьмы, фатаграфіі, медалі і ўзнагародныя лісты. Але самая галоўная рэліквія месціцца ў сэрцах сваякоў — гэта памяць аб франтавіках і партызанах, якія набліжалі Перамогу. Адразу тры пісьма прыйшлі на адрас рэдакцыі газеты “Полымя” з Райцаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа”.
Надзея Крывіцкая:
— Мой прадзед Мікалай Міхайлавіч Адзярэйка пайшоў на фронт у 1944 годзе. Дома засталася прабабуля з малымі дзецьмі, самаму меншаму – некалькі месяцаў. Дні тужлівага чакання час ад часу перарываліся радаснымі лістамі з фронту: “ Жыў-здароў, ваюю ў Заходняй Прусіі, гонім немцаў назад, беражы сябе, хутка вярнуся…”
Ішлі дні за днямі. Уся сям’я жыла надзеяй на хуткую сустрэчу. Але аднойчы прыйшла суседка і сказала, што прабабулю і яшчэ дзвюх жанчын выклікаюць у сельсавет… атрымаць пахавальныя лісты.
Можна ўявіць, што перажыла жанчына за гэтыя хвіліны, калі пачула такую вестку. Аднак у сельсавет не пайшла: “Не мог ён загінуць, яго чакаюць дзеці, ды і пісаў, што вернецца. Гэта нейкая памылка”.
Прайшло яшчэ колькі тыдняў. Сэрца разрывалася ад думак, перад вачыма беглі радкі: “Загінуў як герой. Пахаваны ў Заходняй Прусіі. Нумар магілы…”
І вось ён, трохкутнік са знаёмым почыркам. Падкасіліся ногі, калі зірнула на дату: жывы! “Ляжу паранены ў шпіталі. Быў моцны бой, таму не пісаў. Трымайся. Хутка буду дома,”— так мала і так многа было напісана.
І сапраўды, вярнуўся ў 45-ым. А дзеці…, іх пасля нарадзілася многа. З той пары дзень 9 Мая – самы светлы ў нашай сям’і. З пакалення ў пакаленне перадаецца наказ нашай прабабулі: не садзіце бульбу ў Дзень Перамогі, святкуйце, бо гэта самы дарагі дзень, які заваяваў ваш прадзед.
Кацярына Бушэйка:
— Мой прадзед Данько Канстанцін Ігнатавіч нарадзіўся 17 чэрвеня 1921 года ў вёсцы Навасёлкі Карэліцкага раёна. Да вайны працаваў у калгасе. Бацька памёр рана, маці засталася ўдавой з трыма дзецьмі на руках. Таму ўжо з ранніх гадоў уся мужчынская праца клалася на плечы маладога хлопца. Падчас Вялікай Айчыннай вайны свае баявыя дзеянні пачаў у партызанскім атрадзе, куды пайшоў у 1942 годзе. Як расказваў прадзед, у атрадзе імя адзін аднаго амаль не называлі – шыфраваліся, асабліва калі ішлі на заданне. У кожнага была свая мянушка, майго прадзеда звалі «Карандаш». Бывала так, што ў разведку або на якое-небудзь заданне партызаны адпраўляліся на конях. Аднойчы, калі прадзядуля адправіўся на важнае заданне, трапіў пад абстрэл, але верны конь вынес яго з-пад куль. У партызанскім атрадзе прадзядуля ваяваў датуль, пакуль немцаў не прагналі за Стоўбцы. Пасля гэтага ён пайшоў у ваенкамат і стаў прасіцца на фронт, але яго не ўзялі, бо ў яго была «браня» — дакумент, які вызваляў ад ваеннай службы. Але прадзядуля адчайна рваўся на абарону Радзімы, блізкіх і родных, таму на вачах ваенкома парваў сваю бронь. Пасля гэтага прадзеда ўзялі на фронт, дзе ён ваяваў у пяхоце. Дайшоў ён амаль да Берліна, але ў бітве пад Берлінам яго кантузіла, а яго таварыш загінуў. З атрыманымі раненнямі прадзеда даставілі ў шпіталь. З-за траўмы ён страціў памяць, не мог гаварыць і хадзіць. Каб вярнуцца да нармальнага жыцця, яму даводзілася ўсяму вучыцца нанова: рабіць першыя крокі, гаварыць. Пра Перамогу прадзядуля таксама даведаўся ў шпіталі, але дадому вярнуўся толькі ў 1946-м годзе. Дома яго чакалі маці і дзве сястры, для якіх цяпер ён быў апорай. Памёр прадзядуля ў 1996-м на 75-м годзе жыцця і спачывае ў сваёй роднай вёсцы Навасёлкі.
Дар’я Карпейчык:
— А я таксама з гонарам хачу расказаць пра майго прадзеда, які прымаў ўдзел у вызваленні свайго народа ад ворагаў.
Мой прадзядуля Ліннік Міхаіл Данілавіч нарадзіўся ў 1923 годзе ў вёсцы Юравічы Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці і быў пятым сынам у сям’і простых сялян. Скончыў 4 класа пачатковай школы.
У гады Вялікай Айчыннай вайны адправіліся абараняць сваю Радзіму 4 сына з сям’і Ліннік, у іх ліку быў і мой прадзядуля. Ён быў прызваны на фронт у ліпені 1944 года, прайшоўшы паскоранае навучанне ў 16 навучальным стралковым палку. Служыў у 1283 гаўбічна-артылерыйскім палку разведчыкам.
Як узгадваў прадзядуля, ён перавозіў сакрэтную пошту, выконваў асабліва важныя заданні. 25 красавіка 1945 года, падчас баявых дзеянняў на тэрыторыі Германіі, ён атрымаў лёгкае раненне ў нагу. Вялікую Перамогу , як і шмат іншых салдат, сустрэў у вайсковым шпіталі.
Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны служыў у горадзе Нойрупін у Германіі. Быў дэмабілізаваны толькі ў 1947 годзе і вярнуўся дадому.
Вайна не прынесла яму сур’ёзных фізічных калецтваў, але яна пакінула незагойную рану ў сэрцы. З вайны прыйшоў толькі адзін яго старэйшы брат, Васіль. Другі яго брат Іван загінуў у 1945 годзе ў Германіі, трэці, Уладзімір, прапаў без звестак ў красавіку 1945 года.
Памёр мой прадзядуля Міхаіл на ўрачыстым мітынгу, прысвечаным 50-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, 8 мая 1994 года і спачывае цяпер на сваёй радзіме, у вёсцы Юравічы.
Ветэранаў вайны становіцца ўсё менш і менш. Але я дакладна ведаю, што мы, сучаснае пакаленне, будзем перадаваць сваім нашчадкам ўсю гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, любоў і павагу да памяці і подзвігу тых людзяй, якія змагаліся за мірнае неба для нас.
Ад усёй душы мы ўдзячныя ім, нашым героям.