На канапе з… Чэхавым. 21.by

На канапе з… Чэхавым

17.04.2020 10:18 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


З дзяцінства  пераканана, што сярод верных сяброў – кніга, што лепшы падарунак – кніга. Маё пакаленне на гэтым вырасла. У сямідзясятых-васьмідзясятых гадах мінулага стагоддзя ў  інтэр’еры кватэр  у абавязковым парадку прысутнічалі кніжныя шафы ці паліцы з шыкоўным наборам літаратуры. Далёка не ўсе мы былі членамі таварыства кнігалюбаў, але ў час кніжнага дэфіцыту і адначасовай моды на асабістыя бібліятэкі  ўхітраліся «дастаць» пэўнае выданне. Мае равеснікі і старэйшыя памятаюць славутыя 20 кг макулатуры, якія трэба было здаць, каб атрымаць запаветны  талончык на Друона, Яна, Стэндаля, чарговы том «Бібліятэкі фантастыкі». Былі  ў гэтай завядзёнцы дзве акалічнасці – сумная і добрая. Што датычыць першай, то па некаторых адрасах набытыя «ажыятажныя» кнігі станавіліся проста фрагментам інтэр’ера, данінай модзе, маўляў, у нас – як ва ўсіх. Аднак, падкрэслю другую, пазітыўную акалічнасць: асноўная частка тыражу мастацкай, класічнай і сучаснай, пазнавальнай, энцыклапедычнай літаратуры трапляла да тых, хто ў ёй меў духоўную патрэбу.  І гэта цудоўна! Таму што людзі чыталі, «запоем спажывалі» класную літаратуру, не саромеліся ўзвышанага і, вобразна кажучы, на канапе з Чэхавым, Пушкіным, Талстым вырашалі свае жыццёвыя пытанні і праблемы. Такая вось работа і падмога для розуму і сэрца.

Жыццё памянялася кардынальна, памянялася на нашых вачах, пры асабістым удзеле альбо няўдзеле кожнага. З’явіліся новыя прыярытэты, а некаторым ранейшым быццам бы наканаваны лёс дыназаўраў. Можна пачуць, што і мода на кнігу (ну як гэта сумясціць – кніга і мода?!) адыходзіць, што ёсць тэлебачанне і, галоўнае, ёсць інтэрнэт. А  хто ж супраць камп’ютарнага прагрэсу, супраць мадэрну, супраць развіцця? Вельмі нават «за»! Толькі вось важнасць і важкасць кнігі і сёння, і заўтра прымяншаць не варта. Камусьці імпануе электронная, для большасці  па-ранейшаму прывычна, зручна і любіма трымаць томік у руках, перагортваць старонку за старонкай. Успрымаць, думаць, паралеліць, аналізаваць, філасофстваваць, рабіць высновы… Я – з гэтай большасці і атрымліваю асалоду ад класічнай кнігі, надрукаванай на паперы.

Такога паняцця, як кніжны дэфіцыт, на шчасце, даўно не існуе. Зазірніце ў любую кнігарню – дух захоплівае ад прапановы, неверагодна багатай прапановы. Не паграшу супраць ісціны: на любы густ.  А паколькі пра густы не спрачаюцца, то побач з добрай літаратурай (падкрэсліваю, яе сапраўды многа!) шчодра прысутнічае і «чціва» з прымітыўнымі  меладраматычнымі, дэтэктыўнымі, містычнымі канвеернымі сюжэтамі. У апошніх  шмат крыві, сексу, разборак, абсалютна чорны альбо выключна ружовы колер. І чамусьці суцэльная шэрасць – ці то ад лішкаў ружовага, ці то ад чорнага.

Самае дзіўнае, што на такое чытанне знаходзяцца аматары. У тым ліку і ад гэтага «ўсё змяшалася ў доме Аблонскіх». У выніку відавочныя прабелы ў эрудыцыі, дабавілася праблем  маральнага характару. Памятаю, як некалькі гадоў назад на раённы літаратурны конкурс старшакласнікі прыслалі з дзясятак  работ-блізнят, скачаных з інтэрнэту. Прысвоілі сабе чужыя разважанні. Аднолькавыя абзацы, ад слова да слова. Замест  чаканай шчырасці быў яе антыпод. Атрымалася няшчырасць пад капірку. Такі вось красамоўны тэкст, ён жа тэст на душ гучанне. Што тычыцца кругагляду, начытанасці, то тут гарызонты розныя бываюць. Адна залатая медалістка на пытанне, у якім творы гераіню клічуць Асоль, упэўнена адказала: у старой кінастужцы «Белае сонца пустыні»… Як гавораць, без каментарыяў.

Застаюся перакананай: трэба чытаць! Шкода нечытання значна большая і глыбейшая, чым здаецца на першы погляд. Нецікавасць, нецікаўнасць, лянота, як мінімум, абядняюць душу. Ёсць магчымасць «прабегчы» за паўгадзіны нават самы салідны па аб’ёме праграмны твор класіка. Для адчэпнага…  Сёння інтэрнэт умомант выдасць любы сюжэт, хоць сабе чатырохтомнага «Вайны і міру», у скарочаным да некалькіх старонак варыянце. І такая магчымасць  даволі часта выкарыстоўваецца. На жаль. Таму што пачуць голас аўтара, убачыць яго творчую палітру, непаўторнасць, адчуць найтанчэйшы псіхалагізм, зрэшты, правясці свае паралелі і перпендыкуляры, атрымаць урок ад класіка магчыма з дапамогай простага, даступнага і адзінага сродку – прачытаць арыгінал. З цікавасці пачынаецца любоў да кнігі, з гэтай самай любові – прывычка да добрай літаратуры. Чым раней, тым лепш, пажадана – з ранняга дзяцінства. У падарунак малышу – ярка ілюстраваныя выданні Чукоўскага, Маршака, Барто, цікавыя і павучальныя казкі, апавяданні, вершы, гісторыі  ад сучасных беларускіх аўтараў. Прыйдуцца даспадобы творы Алеся Карлюкевіча, Алеся Бадака, Віктара Ляскоўскага… Разам з дзецьмі будуць «расці» і іх кніжныя паліцы. Прачытаныя любімцы абавязкова стануць сябрамі і дарадцамі.

Мне здаецца, што па-сапраўднаму мы адкрываем для сябе літаратурныя шэдэўры не тады, калі знаёмімся з імі па школьнай праграме, а значна пазней, калі вырастаем душою. З другога боку, менавіта кніга выхоўвае і адухоўлівае,  дапамагае  сталець, уплывае на характар, фарміруе  ўнутраны свет чалавека. І свет гэты атрымліваецца больш багатым і насычаным. Чытанне хочацца параўнаць са святам, якое можа сабе дазволіць кожны і якое не становіцца прэсным ад частага «спажывання». Неабавязкова ісці ў кнігарню па «абноўку». Ёсць правераны, дакладны адрас, які гарантуе кніжныя сустрэчы па вашым жаданні: бібліятэка – абанемент і чытальная зала. 

…А вечарам, перш чым выключыць настольную лямпу, у рукі бяру томік з тым, што да сэрца блізка. На гэты раз мяне чакае спатканне з творчасцю былых калег – зборнік «У люстэрку падзей і імён», выдадзены галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама. Ён сабраў пад сваёй вокладкай  публікацыі  брэсцкіх майстроў пяра, якія летась сталі пераможцамі абласнога журналісцкага спаборніцтва. Дарэчы, сярод аўтараў і галоўны рэдактар «Савецкага Палесся» Галіна Пупач.

Вольга Барадзіна.

(Visited 2 times, 2 visits today)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З дзяцінства  пераканана, што сярод верных сяброў – кніга, што лепшы падарунак – кніга. Маё пакаленне на гэтым вырасла. У
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика