Алена Тухта, настаўнік біялогіі Бароўскай сярэдняй школы, заняла другое месца ў абласным этапе конкурсу “Настаўнік года-2020”
Прыгожыя і шчырыя словы падзякі, безумоўна, прыемныя кожнаму чалавеку. Але настаўніку асабліва важна зразумець, што яго ўрокі не прайшлі дарма, што на закладзеным ім падмурку вырасце дастойны і шчаслівы чалавек. Менавіта такой думкі прытрымліваецца мая суразмоўца Алена Аляксандраўна.
Дзяцінства і юнацтва
Нарадзілася выдатны педагог у Бароўцы ў сям’і ваеннаслужачага. Пастаянная прага да ведаў не давала ў дзяцінстве сядзець на месцы. Пасля школы бегла на заняткі ў дзіцячую школу мастацтваў і Дом піянераў.
Чым яна толькі не займалася ў юначыя гады: пела, танцавала, вышывала, вязала, малявала, шыла. Усе дні былі насычаныя і поўныя эмоцый. Гэтыя заняткі заўсёды рабіла з вялікай ахвотай, таму і атрымлівалася паспяваць паўсюль.
Не абыходзілася і без спорту. Алена Аляксандраўна заўсёды любіла знаходзіцца ў калектыве, таму камандныя гульні, асабліва валейбол, прыцягвалі больш, чым іншыя.
Здавалася, дзе ўзяць час на такую колькасць заняткаў? Дык гэта яшчэ і не ўсе. У вольную хвіліну паспявала пасядзець з кніжкай у руках. У свой час зачытвалася раманамі Аляксандра Дзюма, Джэка Лондана і творамі іншых аўтараў.
Выбар прафесіі
Марыла спраўдзіць кар’еру турагента альбо экскурсавода, бо гэтая сфера звязана з пазнаннем свету, падарожжамі. Пра працу педагога нават і не думала.
У сярэдзіне 90-х, вытрымаўшы паспяхова ўступныя іспыты, стала навучэнкай Домжарыцкага экалагічнага ліцэя.
— Гэтыя гады былі аднымі з яркіх у маім жыцці. Яны далі мне новыя знаёмствы, сяброў, якія засталіся вернымі на ўсё далейшае жыццё. Хочацца адзначыць і моцную базу ведаў, якую я там атрымала.
Асновы навуковай працы, практычныя заняткі, цеснае супрацоўніцтва ліцэя з Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П. М. Машэрава — усё гэта і прывяло маю суразмоўцу ў сцены названай вышэйшай навучальнай установы.
— Не магу не ўзгадаць Любоў Лукашук і Наталлю Мядзведзеву — педагогаў, прафесіяналаў сваёй справы, поўных энергіі і любові да таго, чым займаюцца. Дзякуючы ім і выбрала прафесію настаўніка.
Яны сталі жыццёвым арыенцірам для маладой дзяўчыны, якая яшчэ не ведала дакладна, куды скіраваць свой шлях.
Пасля заканчэння ўніверсітэта вярнулася ў Бароўскую СШ настаўнікам біялогіі і геаграфіі.
— Лічу, што педагогам не нараджаюцца, а становяцца ў выніку ўпартай працы над сабой і напрацовак вопыту, — кажа жанчына.
Ужо больш за 17 год імкнецца Алена Аляксандраўна пашыраць гарызонты сваёй дзейнасці, выпрабоўвае новыя методыкі ў адукацыі, сочыць за дасягненнямі сучаснай педагагічнай навукі, а самае галоўнае — імкнецца паспець за хуткім і рознабаковым развіццём моладзі.
— Заўсёды баюся затрымацца ў руціне спраў, таму шукаю варыянты прымянення ведаў сваіх і вучняў.
Наша школа ўжо некалькі гадоў актыўна ўдзельнічае ў розных рэспубліканскіх інавацыйных праектах. Зразумела, што і я не застаюся ў баку ад гэтай важнай справы.
З вучнямі кожны год удзельнічаем у алімпіядах, конкурсах, праектах як раённага, так і абласнога, рэспубліканскага ўзроўняў. Часам недастаткова выклікаць інтарэс да ўдзелу ў мерапрыемствах, трэба яшчэ і ўмець падтрымліваць яго ў вучняў да самага выпуску са школы. Толькі ў такім разе будзе добры вынік. Гэтым і займаюся на працягу шэрага гадоў.
— Вы лічыце сябе строгім настаўнікам ці дарадцам для вучняў?
— З вучнямі заўсёды адносіны складваюцца на даверы і разуменні адзін аднаго. Не ўяўляю сябе строгім педагогам. Стараюся наладзіць сяброўскія адносіны і канструктыўны дыялог, толькі пры такім раскладзе можна якасна, прадуктыўна і вынікова працаваць і дабівацца поспехаў.
Конкурс “Настаўнік года”. Уражанні педагога
Удзел у такім мерапрыемстве, напэўна, з’яўляецца вынікам працы і ўсяго назапашанага вопыту настаўніцы. У рашэнні прыняць удзел у конкурсе Алену Аляксандраўну падтрымалі яе калегі, адміністрацыя, метадыст раёна.
— Хочацца выказаць вялікую падзяку ўсім за падтрымку на працягу ўсяго перыяду ўдзелу ў конкурсе, усебаковую дапамогу. У працэсе творчай працы атрымалася зладжаная каманда. Некаторыя мае калегі нават упершыню выйшлі на сцэну ў раённым этапе, і, трэба сказаць, што дэбют быў удалы.
Не магу сказаць, што для мяне ўдзел у конкурсах з’яўляецца чымсьці новым і незвычайным, аднак выхад у абласны этап стаў прыемнай нечаканасцю. Сярод удзельнікаў былі дастойныя канкурэнты з гімназій і школ Віцебска, Полацка, Наваполацка і іншых гарадоў.
Мы былі адзінымі прадстаўнікамі з сельскай мясцовасці ў гэтай катэгорыі. У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй апошні этап праходзіў у анлайн-рэжыме. Трэба было зрабіць здымку і адправіць відэаматэрыялы.
Алена Тухта ў выніку плённай творчай працы ўзнялася на другую прыступку абласнога этапу конкурсу “Настаўнік года-2020”, з чым мы яе ад усёй душы і віншуем!
На заканчэнне нашай гутаркі Алена Аляксандраўна пажадала ўсім педагогам нашага раёна не баяцца ўдзелу ў розных конкурсах, дзяліцца сваімі дасягненнямі, тым больш што ў нашым рэгіёне шмат выдатных настаўнікаў, якія могуць дасягнуць вышынь і праславіць родную Лепельшчыну.
Крок за крокам, дзень за днём, год за годам настаўнік з’яўляецца памочнікам, дарадцам і сябрам дзецям. Яго задача не толькі даць веды, а і выхаваць удумлівых, адказных, добрых і мэтанакіраваных людзей. І тут цяжка пераацаніць ролю прафесіі, у якую ідуць людзі з вялікім сэрцам і адкрытай душой.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.