Назіральніца выбарчага ўчастка ў Слуцкім раёне распавяла, як прахадзілі выбары
18.08.2020
—
Разное
|
Можаце мне не верыць, але я да апошняга не была ўпэўнена, што ў маёй вёсцы фальсіфікуюцца выбары. Сур’ёзна. Пайшла ў назіральніцы, бо немагчыма было інакш. Толькі вагалася – Мінск ці Вясея. Падумала, што ў сталіцы людзей хапае, а вось у Вясею (участак №36 для галасавання па Слуцкаму раёну) дакладна ніхто назіраць не паедзе. Так і было, напачатку. Вясейцы – разумныя людзі, хаця і запужаныя. Спачатку нават не верыла, што збяру за сябе 10 подпісаў. Сабрала, а разам з тым знайшла сяброў і памочнікаў. Моцных духам людзей, якія ведаюць, што такое смеласць і шчырасць. Пачыналася ўсё цудоўна. У першы дзень я была адна з незалежных назіральнікаў. Сядзела на крэсле, прапанаваным адным з членаў камісіі, старшыня камісіі прыгашчала персікамі, размаўлялі. Няўжо я тут дарма? Так, прысутнічаў нейкі маральны ціск – ігнараванне з боку назіральнікаў, асуджэнне з боку членаў камісіі. Аднак і тут я магла іх зразумець. Мне здавалася, што мяне ўспрымалі як “праверку”. Хто ж тут будзе рады? Мае ілюзіі пачалі бурыцца ўжо на наступны дзень. Нас з маім настаўнікам (таксама акрэдытаваным назіральнікам) выгналі з участка і адабралі крэслы. Спрабавалі выгнаць са школы. Аднак іх метад “інтрыг за спіною” не спрацаваў. А сказаць у твар было “слабо”. І страшна. Пасля 7 гадзін на нагах перад “усмешлівымі” тварамі членаў камісіі пачынаеш адчуваць злосць. Баліць спіна, адчуваеш стому. Побач – дарагі настаўнік з хворымі нагамі. Стаіць і глядзіць камісіі ў вочы. Вочы апускаюцца. Усмешкі знікаюць. Занавес. Аднак пратакол і яўка сыходзяцца. Да камісіі адно пытанне – за што?
А пасля прыехала міліцыя. На размову. Разнервавалі старшыню. Не спадабаўся жарт. І як пацук – ні аднаго слова ў твар, толькі за спінамі. Старшыня пакрыўдзілася. Калі крыўдзіцца Лукашэнка, некага садзяць у вязніцу. Калі чыноўнікі – міліцыя на размову. Гэта на першы раз. На другі – паедзеце з намі. Самае цікавае, як і планавалася, было ў канцы. 9 жніўня. Атмасфера свята. Нават у нас – сто чалавек з белымі стужкамі, падтрымкай і бюлетэнем “гармонікам”. Фатаграфуюць. Абураюцца адсутнасцю шторак. Першы хіб выйшаў выпадкова. З надомным галасаваннем. Старшыня дрэнна палічыла лічбы. Па яе версіі было 108 заяў на надомнае. Аднак я звярнула ўвагу, што па маім падлікам на дамы «адчаліла» ужо 129 бюлетэняў. Як так? Паспелі замовіць? 21 чалавек за 5 хвілін? Не смяшыце мае дыёды. Пакажыце журнал з заявамі. Прынясеце з кабінета? Акей, чакаю. Старшыня і сакратар сыходзяць у кабінет. Стаўлю секундамер. 45 хвілін. Выходзіць – 140 заяў на надомнае. Пажаная Валодзіна Алена Анатольеўна, я наіўная, але не дура. Пішу скаргу. Вырашылі ісці галасаваць апошнімі. Сімвалічна, плюс больш шансаў застацца на падлік. 4 назіральніка і 1 выбаршчык. 19:55. Збіраемся ісці галасаваць. У калідор убягае натоўп сілавікоў. У масках. Я больш не дыхаю. З боку чую: — Рана. Рана для чаго? Рана весці мяне ў турму? — Вы прагаласавалі? — Яшчэ не. Сілавікі пакідаюць калідор. Мы з настаўнікам ідзем галасаваць. Галасую 5 хвілін. Да 20:00. Разам ідзем у калідор. Сілавікоў няма. Няўжо пашанцуе? Не, падыходзіць міліцыянт з участка. Здаецца той, што ў першы дзень глядзеў у піянерскай Нехту. — Покиньте, пожалуйста, помещение. — Эм… — Послушайте меня, делаю вам одно предупреждение. В случае невыполнения моего предупреждения будете задержаны, как и все остальные. — А вы можаце назваць сваё імя? — Здесь находится 5 наблюдателей. Вам 1 минута покинуть помещение. — Вы можаце назваць сваё імя? — Я не обязан представляться. Согласно своим нормативно-правовым документам. – хлусіць іспектар інспекцыі па справам непаўнагадовых старэйшы лейтэнант міліцыі. 21 стагоддзе на двары. Гугліць умеем. Далей гэта “інкогніта” пачынае нам нагадваць пра ўчастак (а мы ў калідоры – не на тэрыторыі ўчастка), пра 5 назіральнікаў і тэлефанаваць начальніку міліцыі. Мы сыходзім. Калі хто яшчэ не ведае, наш забыты богам участак у дзень выбараў наведаў сам старшыня Слуцкага РАУС. Перад школай стаіць старшыня РАУС, нейкі міліцыянт і ў наручніках выбаршчык. Начальнік пагражае нам затрыманнем. Адыходзім. За намі ў браму школы на хуткасці залятае бус з сілавікамі. Аднак у тую ж секунду чуем у іх у рацыі: — Блакуйце “пасат”, блакуйце “пасат”. — Мы ўратаваны. Старшыня сельсавета глядзіць праз дарогу на затрыманні. — Спасибо вам, Елена Анатольевна, — кажа мой настаўнік. — За что? — За кровь и боль. — Ну и вам спасибо. За небольшую смуту. Мяне вучылі ў школе, што дабро перамагае. І там было ўсё проста. Чырвоны каптурок- дабро, воўк – зло. Не вучылі толькі, што мае суседзі могуць быць ваўкамі. Як быццам вайна. Як быццам Рыбак і Сотнікаў. Два выбаршчыка незаконна затрыманы. Той самы іспектар інспекцыі па справам непаўнагадовых праз 30 хвілін цягне па вуліцы авоську, набітую ежай. Члены камісіі ўсю ноч куцяць дома ў старшыні. Занавес. P.S. “Паважаныя” члены камісіі, перачытайце В. Быкава. Яму ёсць што вам сказаць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Можаце мне не верыць, але я да апошняга не была ўпэўнена, што ў маёй вёсцы фальсіфікуюцца выбары. Сур’ёзна. Пайшла ў назіральніцы, бо немагчыма было інакш. Толькі... |
|