Аляксандр Лукашэнка: Італьянскi канцэрн Фiнмеканiка знойдзе ў Беларусi надзейных партнёраў
14.09.2009
—
Новости Политики
|
Беларусь зацiкаўлена ў развiццi сумесных праектаў з буйным iтальянскiм капiталам. Аб гэтым заявiў Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы ў Мiнску з прэзiдэнтам i выканаўчым дырэктарам iтальянскага канцэрна "Фiнмеканiка" П'ерам Франчэска Гуаргуальiнi. "Калi ў такога буйнога канцэрна, як ваш, ёсць iнтарэсы ў Беларусi (а мне ўжо далажылi аб магчымых напрамках узаемадзеяння Беларусi з канцэрнам — i толькi iх пералiк заняў амаль старонку), то мы рады вiтаць iтальянскiх бiзнэсменаў у нашай краiне", — падкрэслiў кiраўнiк дзяржавы. "У час нашай сустрэчы са старшынёй урада Iталii Сiльвiо Берлусконi мы дамовiлiся аб тым, што ён наведае Беларусь, — сказаў Прэзiдэнт. — I мне вельмi хацелася б, каб мы былi падрыхтаваны да гэтага вiзiту". Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што "да гэтага моманту хацелася б мець у наяўнасцi калi не канкрэтныя кантракты, то, прынамсi, дакладна вызначаныя напрамкi супрацоўнiцтва". Кiраўнiк дзяржавы адзначыў, што ў такiх сустрэчах узнiкае пытанне: чаму сустрэча з бiзнэсменамi праходзiць на прэзiдэнцкiм узроўнi? Як растлумачыў Аляксандр Лукашэнка, дастатковым аргументам для гэтага будзе пералiк тых галiн, у якiх працуе канцэрн "Фiнмеканiка": гэта i верталётабудаванне, i самалётабудаванне, i касмiчныя тэхналогii, i ўзбраенне, узоры якога выкарыстоўваюцца ў розных кутках свету, i энергетыка, i транспарт, i iнфармацыйнае забеспячэнне сiстэм бяспекi, i многае iншае. "Фiнмеканiка" мае свае вытворчасцi ў 29 дзяржавах свету. У першым паўгоддзi 2009 года выручка фiрмы, нягледзячы на сусветны крызiс, у параўнаннi з мiнулагоднiм паказчыкам павялiчылася на 32 працэнты. "Таму для мяне гонар сустрэцца з такiмi акуламi сусветнага бiзнэсу", — сказаў Прэзiдэнт. Пры гэтым ён выказаў упэўненасць, што канцэрн "Фiнмеканiка" адыграе дастойную ролю ў развiццi беларуска-iтальянскага супрацоўнiцтва. Асаблiвасць работы канцэрна ў тым, што "Фiнмеканiка" трацiць амаль 2 млрд еўра на навукова-даследчыя i доследныя распрацоўкi. "Думаю, у гэтым плане вы зможаце знайсцi добрых партнёраў у Беларусi", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. У сваю чаргу П'ер Франчэска Гуаргуальiнi адзначыў, што канцэрн "Фiнмеканiка" спадзяецца на пашырэнне супрацоўнiцтва з Беларуссю. "Мы гатовы весцi перагаворы з мэтай вызначэння плённых напрамкаў нашага ўзаемадзеяння", — сказаў кiраўнiк канцэрна. "Перакананы, што ўрад Iталii i яго кiраўнiк Сiльвiо Берлусконi будуць задаволены, калi нам удасца прыйсцi да станоўчых вынiкаў", — дадаў ён. Лiдар канцэрна нагадаў, што iтальянскаму ўраду належыць больш за 30 працэнтаў акцый яго прадпрыемства, такiм чынам, дзяржава выступае буйнейшым акцыянерам "Фiнмеканiкi". Заказы канцэрну паступаюць з усяго свету: каля 20 працэнтаў — з Iталii, 25 працэнтаў — з ЗША i Вялiкабрытанii, а таксама многiх iншых краiн свету. П'ер Франчэска Гуаргуальiнi адзначыў, што яго прадпрыемства пастаянна iмкнецца да пашырэння вытворчасцi i робiць стаўку на новыя вiды прадукцыi i новыя тэхналогii. "Фiнмеканiка" ўваходзiць у дзясятку вядучых сусветных вытворцаў аэракасмiчнай прадукцыi, сiстэм абароны i бяспекi, абсталявання для энергетыкi i транспарту. Перспектыўнымi напрамкамi ўзаемадзеяння Беларусi з канцэрнам "Фiнмеканiка" могуць стаць праекты сферы тэхналогiй, у тым лiку стварэнне iнтэграванай iнфраструктуры сувязяў i манiторынгу ўздоўж транспартных калiдораў № 2 (Берлiн — Варшава — Мiнск — Масква) i № 9 (басейн Чорнага мора — басейн Балтыйскага мора), стварэнне сiстэм спадарожнiкавай сувязi i навiгацыйных сiстэм, а таксама розныя аспекты энергатэхналогiй, машынабудавання i iншых галiн. |
Каментарыяў: 0 Даслаць каментарый |