Аляксандр Лукашэнка: Дзяржаўную iдэалогiю неабходна будаваць на фундаменце хрысцiянскiх каштоўнасцяў
25.09.2009
—
Новости Политики
|
Такi пункт гледжання выказаў Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка ўчора падчас сустрэчы з Патрыярхам Маскоўскiм i ўсяе Русi Кiрылам. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў прадстаяцелю Рускай праваслаўнай царквы за тое, што ён выканаў сваё абяцанне i прыбыў па запрашэннi ў Беларусь. "Гэта ваша Беларусь, вы павiнны лiчыць нашу зямлю роднай, — звярнуўся да Уладыкi Кiрыла Прэзiдэнт. — Гэта частка таго вялiкага народа, якi адносiцца да праваслаўя: у нас 85 працэнтаў вернiкаў праваслаўныя. У нас ёсць магчымасць грунтоўна паразмаўляць па тых пытаннях, якiя, магчыма, ёсць з пункту гледжання служыцеляў праваслаўнай царквы. Хоць мы iх абмяркоўваем штогод: два разы ў год праходзяць сустрэчы з Сiнодам, дзе мы адкрыта пра ўсё гаворым". Кiраўнiк беларускай дзяржавы прызнаўся, што не зусiм разумее, як можна такi вялiзны iнстытут, як царква, аддзялiць ад дзяржавы. На яго думку, дзяржаве складана iснаваць без царквы. Калi ў краiне паўстала пытанне iдэалогii, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў узяць за аснову хрысцiянскiя каштоўнасцi — навошта нешта выдумляць. "Мы спрабуем аформiць нашу дзяржаўную iдэалогiю, але да гэтага часу не знайшлi нiчога лепшага, чым хрысцiянскiя каштоўнасцi", — заўважыў ён. Прэзiдэнт Беларусi запэўнiў, што заўсёды будзе падтрымлiваць праваслаўную царкву. "Трэба далей будаваць стратэгiчныя напрамкi супрацоўнiцтва царквы i дзяржавы", — дадаў ён. Паводле слоў кiраўнiка дзяржавы, у Беларусi дзейнiчаюць 25 канфесiянальных напрамкаў, яны мiрна суiснуюць, у краiне няма нiякiх мiжканфесiйных канфлiктаў. Патрыярх Маскоўскi i ўсяе Русi Кiрыл падчас сустрэчы з кiраўнiком беларускай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам адзначыў, што расцэньвае свой вiзiт у Беларусь як прыезд дадому. "Я прыехаў сюды дадому, — падкрэслiў прадстаяцель РПЦ, — нават не "як дадому", а менавiта дадому". Уладыка Кiрыл таксама адзначыў: "Патрыярх Маскоўскi i ўсяе Русi не з'яўляецца патрыярхам Расiйскай Федэрацыi або якой-небудзь iншай дзяржавы. Таму што Святая Русь — наша гiстарычная спадчына — рэалiзуецца ў рамках розных дзяржаў". "Дарэчы, такi феномен уласцiвы i iншым сусветным цывiлiзацыям, калi адны i тыя ж духоўна-культурныя каранi рэалiзуюць сябе ў розных дзяржаўных утварэннях", — дадаў ён. "Тое, што нашы народы маюць адзiныя каранi, — вельмi важна. Таму што iх аб'ядноўвае не толькi настальгiя па мiнуламу, але i тое, што, як вы вельмi правiльна адзначылi, называецца сiстэмай каштоўнасцяў", — сказаў Патрыярх Кiрыл, звяртаючыся да Аляксандра Лукашэнкi. Паводле слоў прадстаяцеля РПЦ, нават у часы, калi забаранялася само слова "Бог" i пра хрысцiянскiя каштоўнасцi не згадвалася наогул, па сутнасцi, хрысцiянскiя каштоўнасцi ўсё роўна прадаўжалi iснаваць. "А iнакш як можна растлумачыць неверагодны гераiзм беларускага народа ў час Вялiкай Айчыннай вайны, — адзначыў Патрыярх. — Такi самаахвярны бой з ворагам немагчымы толькi па загадзе. У аснове ахвярнасцi людзей ляжалi ўнутраныя каштоўнасцi, праваслаўныя хрысцiянскiя iдэалы". "Таму захаванне тых каштоўнасцяў, якiя для нас з'яўляюцца базiснымi, уменне адрознiць базiсную каштоўнасць ад каштоўнасцi надбудовачнай, уменне абаранiць гэтыя базiсныя каштоўнасцi i гатоўнасць весцi ў рамках надбудовачных каштоўнасцяў узаемавыгадны i ўзаемапрымальны дыялог з iншымi — гэта i ёсць аблiчча сучаснай дзяржавы, якая не хоча адмаўляцца ад сваiх цывiлiзацыйных каранёў, але пры гэтым жадае заставацца сучаснай", — растлумачыў Яго Святасць. Патрыярх дадаў, што ў словах Прэзiдэнта Беларусi ён убачыў якраз такi правiльны падыход. "Гэта вельмi правiльная нацыянальная самасвядомасць. Дай Бог, каб так развiвалася Беларусь", — падкрэслiў Уладыка Кiрыл. Прадстаяцель Рускай праваслаўнай царквы падкрэслiў, што пры тым, што Беларусь — краiна з абсалютнай праваслаўнай большасцю, у ёй падтрымлiваюцца вельмi добрыя ўзаемаадносiны памiж рознымi канфесiямi. "Кожны чалавек-вернiк павiнен мець магчымасць свабодна малiцца, выконваць свае рэлiгiйныя абавязкi. І пры гэтым ён павiнен будаваць свае адносiны з iншымi так, каб грамадства, у якiм ён жыве, не раздзялялася, а кансалiдавалася", — сказаў Яго Святасць. Паводле слоў Патрыярха Маскоўскага i ўсяе Русi Кiрыла, Беларусь у гэтым плане ўзорны прыклад. Найсвяцейшы Уладыка выказаў упэўненасць, што знаходжанне ў Беларусi дасць яму магчымасць яшчэ раз сустрэцца з беларускiм народам, якi ён цэнiць i вельмi добра ведае яшчэ з часоў, калi быў кiраўнiком Смаленскай епархii. "Я быў вашым суседам, таму вельмi перажываў, калi даведаўся, што памiж Смаленшчынай i Вiцебшчынай узнiклi перашкоды. I я радаваўся, як дзiця, калi даведаўся, што гэтыя перашкоды былi зняты", — адзначыў кiраўнiк РПЦ. "Я вельмi рады адчуваць сябе прыналежным i да аднаго i да другога народа, адчуваць сябе прыналежным да нашай гiстарычнай святой зямлi", — сказаў Кiрыл. Вельмi важна прадоўжыць узаемадзеянне дзяржавы i царквы па ўмацаваннi маральных устояў грамадства, захаванні культурнай спадчыны i развiцці сацыяльнага служэння, заявiў Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнiкамi праваслаўнай царквы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Мы верым, што патэнцыял праваслаўя, магчымасцi пашырэння яго ўплыву ў грамадстве яшчэ далёка не вычарпаны. Агульнымi намаганнямi нам удалося пераадолець наступствы перыяду бязвер'я i нiгiлiзму, нашы сумесныя крокi нязменна выклiкаюць разуменне i падтрымку простых грамадзян".Прэзiдэнт Беларусi выказаў упэўненасць, што цяперашнi пастырскi вiзiт надасць новы дынамiчны iмпульс дзяржаўна-царкоўнаму супрацоўнiцтву. У Беларусi цэняць iмкненне Патрыярха Маскоўскага i ўсяе Русi не дапусцiць расколу адзiнства Рускай праваслаўнай царквы, клопат аб пашырэннi i ўмацаваннi яе стваральнай ролi ў сучасным свеце, адраджэнне мiсiянерскiх традыцый, актыўную работу з рознымi слаямi грамадства, перш за ўсё з моладдзю, i развiццё мiжканфесiянальнага дыялога. Лёс праваслаўнай царквы непарыўна звязаны з лёсам Беларусi. У законе Рэспублiкi Беларусь "Аб свабодзе веравызнання i рэлiгiйных арганiзацыях" прызнана яе роля ў гiстарычным станаўленнi i развiццi духоўных, культурных i дзяржаўных традыцый нашага народа, падкрэслiў Прэзiдэнт. Ён адзначыў, што беларуская дзяржава бярэ на сябе клопат аб захаваннi значных для нашай зямлi святынь. "Летапiс Айчыны будзе няпоўны, калi ў iм не будуць прадстаўлены найвялiкшыя дасягненнi i помнiкi праваслаўя", — сказаў кiраўнiк беларускай дзяржавы. "Па просьбе царквы мы дапамаглi аднавiць Крыж святой Ефрасiннi Полацкай i раку прападобнай, рыхтавалi факсiмiльнае выданне Слуцкага евангелля", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Дзяржава выдзяляе сродкi на адраджэнне Свята-Успенскага манастырскага комплексу ў Жыровiчах, будаўнiцтва духоўна-адукацыйнага цэнтра ў Мiнску, дапамагае аднаўляць многiя праваслаўныя храмы. "Памiж свецкай i духоўнай уладай у нас склалiся па-сапраўднаму партнёрскiя адносiны, — сказаў Прэзiдэнт. — У 2003 годзе падпiсана пагадненне памiж дзяржавай i Беларускай праваслаўнай царквой. У яго рамках рэалiзуюцца праграмы сумесных дзеянняў у канкрэтных сферах i рэгiёнах". Прэзiдэнт Беларусi падкрэслiў, што свяшчэннаслужыцелi i вернiкi з гатоўнасцю адгукаюцца на дзяржаўныя iнiцыятывы па маральным i патрыятычным выхаваннi моладзi, аказанні дапамогi тым, хто мае ў ёй патрэбу, i рабоце з нядобранадзейнымi слаямi насельнiцтва. Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка падарыў Патрыярху Маскоўскаму i ўсяе Русi Кiрылу першы экзэмпляр факсiмiльнага выдання Слуцкага Евангелля — помнiка пiсьменства ХVІ стагоддзя. Кiраўнiк дзяржавы ўручыў гэты дар па вынiках праведзенай сустрэчы з Яго Святасцю. Аляксандр Лукашэнка падкрэслiў, што дзяржава выдзелiла сродкi на выданне гэтай кнiгi, якая з'яўляецца ўнiкальным рукапiсным помнiкам беларускай культуры. Слуцкае Евангелле было напiсана на царкоўнаславянскай мове ўласнаручна князем Слуцкiм Юрыем Алелькавiчам у 1581 годзе. Прэзiдэнт пажадаў, каб гэта свяшчэнная для ўсiх беларусаў рэлiквiя нагадвала Патрыярху Кiрылу аб яго наведваннi Беларусi. Слуцкае Евангелле ўяўляе сабой кнiгу памерам 342х232 мм на 263 лiстах у пераплёце з дрэва, абшытага чырвоным аксамiтам. Застаўкi, пачатковыя лiтары, загалоўкi аформлены традыцыйным геаметрычным i раслiнным арнаментам з выкарыстаннем кiнавары i золата. У факсiмiльным варыянце перададзены ўсе асаблiвасцi арыгiнала. Вопыт супрацоўнiцтва царквы i дзяржавы, якi iснуе ў Беларусi, унiкальны на ўсёй постсавецкай прасторы як па маштабе, так i па ўзроўні ўзаемадзеяння, заявiў Патрыярх Маскоўскi i ўсяе Русi Кiрыл учора на сустрэчы ў пашыраным складзе з Прэзiдэнтам Беларусi Аляксандрам Лукашэнкам. Прадстаяцель РПЦ асаблiва адзначыў iснуючую ў Беларусi сiстэму пагадненняў памiж дзяржаўнымi органамi i рэлiгiйнымi арганiзацыямi традыцыйных канфесiй (у Беларусi ў 2003 годзе было заключана пагадненне аб супрацоўнiцтве з БПЦ, а таксама 12 пагадненняў аб узаемадзеяннi з царквой галiновых мiнiстэрстваў). "Вынiкi такога актыўнага супрацоўнiцтва — гэта сведчанне тых магчымасцяў, якiя дае грамадзянiну вера", — падкрэслiў Патрыярх. "Нацыянальнае будаўнiцтва ў краiне, дзе пераважная большасць вернiкаў — праваслаўныя, немагчыма без актыўнага ўдзелу ў грамадскiм жыццi праваслаўнай царквы, — адзначыў Яго Святасць. — Праваслаўная вера — аснова брацкага адзiнства народаў Беларусi, Украiны i Расii. Клопат аб захаваннi нацыянальнай iдэнтычнасцi не перашкаджае развiццю супрацоўнiцтва з брацкiмi краiнамi". Кiрыл удакладнiў, што гэта асаблiва датычыцца ўзаемадзеяння ўнутры Саюза Беларусi i Расii. Паводле яго слоў, са свайго боку царква заўсёды гатова падтрымаць развiццё цесных сувязяў памiж беларусамi i расiянамi. "Напрыклад, для Расii цiкавы вопыт Беларусi па прызнанні навуковых ступеней па багаслоўскiх спецыяльнасцях. Навучэнцы духоўных семiнарый у Беларусi атрымлiваюць дзяржаўныя стыпендыi, а выкладчыкi семiнарый — заработную плату з бюджэту. Гэта ўнiкальны вопыт узаемадзеяння царквы i дзяржавы ў адукацыйнай прасторы", — сказаў Яго Святасць. Кiраўнiк Рускай праваслаўнай царквы падарыў Прэзiдэнту Беларусi абраз святога Мiкалая Цудатворца. Патрыярх адзначыў, што гэты святы лiчыцца заступнiкам вандроўнiкаў, а кожны прэзiдэнт i кожны выдатны палiтык з'яўляецца вандроўнiкам, якi разам са сваiм народам вандруе ў патоку гiсторыi. "Дай Бог, каб гэта ваша паломнiцтва на карысць беларускага народа было заўсёды паспяховае i служыла сапраўдным мэтам Беларусi", — сказаў Яго Святасць. Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь і БЕЛТА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аляксандр Лукашэнка: Дзяржаўную iдэалогiю неабходна будаваць на фундаменце хрысцiянскiх каштоўнасцяў Такi пункт гледжання выказаў Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка ўчора падчас сустрэчы з Патрыярхам Маскоўскiм i ўсяе Русi Кiрылам. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў прадстаяцелю Рускай праваслаўнай царквы за тое, што ён выканаў сваё абяцанне i прыбыў па запрашэннi ў Беларусь. "Гэта ваша Беларусь, вы павiнны лiчыць нашу зямлю роднай, — звярнуўся да Уладыкi Кiрыла Прэзiдэнт. — Гэта частка таго вялiкага народа, якi адносiцца да праваслаўя: у нас 85 працэнтаў вернiкаў праваслаўныя. У нас ёсць магчымасць грунтоўна паразмаўляць па тых пытаннях, якiя, магчыма, ёсць з пункту гледжання служыцеляў праваслаўнай царквы. Хоць мы iх абмяркоўваем штогод: два разы ў год праходзяць сустрэчы з Сiнодам, дзе мы адкрыта пра ўсё гаворым".
|
|