Стэфан Эрыксан: Шведскiя кампанii iмкнуцца прыйсцi на беларускi рынак
24.11.2009 10:51
—
Новости Политики
|
— Спадар пасол, у апошнi час нярэдка выпадае чуць, што Беларусь быццам бы не надта актыўна праяўляе сябе ў рамках праграмы “Усходняе партнёрства”. Што вы мяркуеце на гэты конт? — Я б не пагадзiўся з такiм пунктам гледжання. Наадварот, лiчу, што Беларусь паказвае вялiкую зацiкаўленасць у зблiжэннi з Еўропай. Гэта тычыцца i прадстаўнiкоў грамадзянскай супольнасцi, i прадстаўнiкоў беларускай улады, якiя падрыхтавалi канкрэтныя прапановы па пашырэннi двухбаковага ўзаемадзеяння. Канечне, патрэбны час для рэалiзацыi гэтых праектаў. Але ўсе яны вельмi сур’ёзныя i тычацца iнфраструктурных змен, супрацоўнiцтва ў галiне энергетыкi, гуманiтарнай сферы. Увогуле, праграма “Усходняе партнёрства” разлiчана на доўгатэрмiновую перспектыву. Таму мы i не плануем вырашыць усе праблемы на скорую руку. Дадзеная праграма – гэта спроба ЕС умацоўваць i пашыраць адносiны памiж ЕС i краiнамi, якiя знаходзяцца на ўсходзе Еўропы. Метадычна i паэтапна. Таму не варта фарсiраваць тыя цi iншыя падзеi, штучна iх прыспешваць. Усё павiнна адбывацца эвалюцыйным шляхам, але, вядома, без лiшняга прамаруджвання. Навошта марудзiць з тым, што выгадна для ўсiх бакоў? Бывае, адносiны тармозяцца па тых цi iншых прычынах, але само ўключэнне Беларусi ва “Усходняе партнёрства” паказвае, наколькi Еўропа зацiкаўленая ў плённай кааперацыi. Хачу адзначыць: унутры гэтай iнiцыятывы – вялiкiя магчымасцi. I вельмi важна, што Беларусь бярэ ў гэтым удзел. Таму што без вашай краiны “Усходняе партнёрства” не было б паўнавартасным. Сапраўды, з прычыны свайго геаграфiчнага становiшча вы выконваеце важную функцыю моста памiж Усходам i Захадам, Поўначчу i Поўднем. А таму ўсе вакол зацiкаўленыя ў тым, каб гэты мост быў надзейным, прадказальным i даступным. У рамках гэтай праграмы прадугледжаны шматбаковы фармат кантактаў, калi ў абмеркаваннi агульнаеўрапейскiх пытанняў бяруць удзел усе бакi, i двухбаковы фармат, дзе ЕС працуе з кожнай краiнай iндывiдуальна. У некага гэтыя адносiны досыць прасунутыя, у iншых – менш. — Еўрасаюз заўсёды надаваў асаблiвую ўвагу развiццю грамадзянскай супольнасцi. А як, на ваш погляд, з гэтым пытаннем у Беларусi? — Магу сказаць, што прадстаўнiкi беларускай грамадзянскай супольнасцi надзвычай актыўныя. I гэта радуе. Размаўляючы з iх прадстаўнiкамi, я бачу, наколькi беларусы зацiкаўленыя ў супрацоўнiцтве i зблiжэннi з Еўропай. Яны ахвотна ўдзельнiчаюць ва ўсiх iнiцыятывах, якiя прапануе ЕС. У Бруселi завяршыў сваю працу Форум грамадзянскiх аб’яднанняў “Усходняга партнёрства”, на якiм было 25 прадстаўнiкоў ад Беларусi. Iх прысутнасць – гэта спосаб данесцi да Еўропы чаканнi i памкненнi грамадзянскай супольнасцi краiны, сумесна выпрацаваць найбольш эфектыўныя шляхi ўзаемадзеяння. Пры гэтым я яшчэ раз хачу падкрэслiць: Еўрасаюз нiкога нi да чаго не падштурхоўвае i нi ў якiм разе не павучае Беларусь, як ёй жыць i з кiм сябраваць. У той самы час вы павiнны ведаць i па магчымасцi выкарыстоўваць станоўчы еўрапейскi вопыт, бо гэта разумна. — Адзiн з удзельнiкаў форуму ад Беларусi перад паездкай скептычна заўважыў, што ў Бруселi беларусам будзе падрыхтавана “месца за дзiцячым столiкам”... — Не ведаю, адкуль такi скептыцызм... Але пры гэтым трэба разумець, што падобныя форумы – гэта крокi насустрач адзiн аднаму i што гэтыя крокi могуць многае змянiць. Галоўнае — iх рабiць... Канечне, змены ў адносiнах не адбудуцца iмгненна, але калi нiчога не рабiць, недарэчна ўвогуле на нешта разлiчваць. Цяперашнi форум задумваўся не як двухбаковы — Беларусь-ЕС. У iм удзельнiчалi ўсе краiны Еўрасаюза i дзяржавы-партнёры. Але беларускi бок актыўна да яго рыхтаваўся, i ў яго былi ўсе магчымасцi для выражэння сваiх думак i прапаноў. Акрамя таго, па вынiках была створана пляцоўка для далейшых дыскусiй, абмеркаванняў i iнiцыятыў. У тым лiку i ў галiне СМI. Для таго, каб быць раўнапраўнымi ў еўрапейскай медыясям’i, упэўнены, беларускiя СМI патрабуюць рэформаў. — Вы маеце на ўвазе справаздачу мiжнароднай камiсii, якая пабывала ў нашай краiне ў канцы верасня? — Мiжнародная камiсiя зрабiла грунтоўную працу, i я спадзяюся, што яе высновы не будуць пакiнутыя без увагi. Але я маю на ўвазе таксама ўмовы працы беларускiх сродкаў масавай iнфармацыi ўвогуле. Напрыклад, у нас у Швецыi, як i ў шмат якiх iншых краiнах ЕС, фактычна няма дзяржаўных СМI. Усе прыватныя цi грамадскiя. I гэта вытлумачальна, бо невыпадкова прэсу называюць чацвёртай уладай, сродкам кантролю, у тым лiку i за дзейнасцю дзяржаўных органаў. А калi сродкi масавай iнфармацыi самi знаходзяцца пад кантролем – нiчога добрага не чакай! Таму, лiчу, iх раздзяржаўленне – крок патрэбны. Незалежнасць прэсы надзвычай карысная для астатнiх галiн улады. Як паказвае практыка Швецыi, гэта падганяе ўлады, прымушае быць больш адказнымi. Дарэчы, мая краiна гатовая падзялiцца досведам у гэтай сферы. — Як сёння развiваюцца двухбаковыя адносiны памiж нашымi краiнамi? Якiя праекты вы лiчыце найбольш перспектыўнымi? — Сумесных праектаў шмат. У тым лiку i ў эканомiцы. Вось свежы прыклад: у Мiнск на iнвестыцыйна-эканамiчны форум прыязджалi нашы бiзнесмены. Увогуле, Швецыя лiчыць Беларусь вельмi перспектыўнай краiнай. I я спадзяюся, што наша эканамiчнае супрацоўнiцтва будзе пашырацца. Гэтаму, памiж iншым, павiнна спрыяць уключэнне Беларусi ў праграму “Усходняе партнёрства”. Еўрапейскiя iнвестары звяртаюць увагу не толькi на ўмовы заканадаўства, але i на iмiдж краiны ў цэлым. Хацеў бы адзначыць, што ўзаемны таваразварот у гэтым крызiсным годзе не скарацiўся i, як i ў папярэднi год, дасягае прыкладна 150 мiльёнаў еўра. Пры больш шчыльнай кааперацыi гэта лiчба можа значна вырасцi. Патэнцыял для гэтага ёсць. Так, мы плённа супрацоўнiчаем у навукова-практычнай сферы. Зацiкаўленыя ў прасоўваннi энергетычных i экалагiчных праектаў. Шматлiкiя буйныя шведскiя кампанii iмкнуцца прыйсцi на ваш рынак, напрыклад, IKEA. Пакуль не атрымлiваецца гэта зрабiць, а шкада... Бо IKEA – гэта вельмi сур’ёзная кампанiя, якая будуе заводы, стварае працоўныя месцы, нясе сацыяльную адказнасць. Яна даўно i актыўна працуе ва ўсiх суседнiх з Беларуссю краiнах – Польшчы, Украiне, Расii, краiнах Прыбалтыкi. — Як вы ацэньваеце цяперашняе старшынства Швецыi ў Еўрасаюзе? — Яшчэ рана падводзiць вынiкi нашай працы. Мы наблiжаемся да фiнiшу, але да Новага года будзе разгледжана яшчэ нямала важных пытанняў. У снежнi, напрыклад, адбудзецца канферэнцыя ў Капенгагене па праблеме клiматычных змяненняў на планеце. Гэта агульначалавечая праблема, якой у самой Швецыi надаецца шмат увагi. Сапраўдным поспехам лiчу тое, што нам удалося завяршыць цяжкi працэс ратыфiкацыi Лiсабонскай дамовы. I гэтым наша цяперашняе старшынства пакiне свой след у гiсторыi. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Швецыя - адна з найбольш яркiх краiн - сяброў Еўрапейскага саюза. Пра гэта сведчыць мноства агульнаеўрапейскiх iнiцыятыў i праектаў, якiя прапануе гэта краiна. Яшчэ адно пацвярджэнне гэтага - цяперашняе старшынства ў Еўрапейскiм саюзе. |
|