Аляксандр Лукашэнка адзначае парадаксальную сітуацыю ў адносінах з урадам Расіі. 21.by

Аляксандр Лукашэнка адзначае парадаксальную сітуацыю ў адносінах з урадам Расіі

31.03.2010 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе па выніках афіцыйных візітаў у Венесуэлу і Бразілію, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адкрываючы нараду, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што размова пойдзе аб нацыянальнай бяспецы і незалежнасці беларускай дзяржавы. "Так склалася сітуацыя пасля распаду СССР, што мы апынуліся ў сур'ёзнай залежнасці ад адной ці дзвюх краін па многіх пазіцыях. Ішлі гады, і як ні спрабавалі мы выбудаваць раўнапраўныя адносіны ў Саюзнай дзяржаве, ЕўрАзЭС, СНД, усё больш і больш пачалі праяўляцца тэндэнцыі старэйшага і малодшага брата". Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь цярпліва выбудоўвала і будзе выбудоўваць адносіны са сваім "галоўным партнёрам, дзе жывуць нашы людзі, з якімі мы размаўляем на адной, рускай, мове. Але, на жаль, апошнім часам не ўсё атрымліваецца, ды і раней хапала праблем". Таму, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, неабходна дыверсіфікаваць адносіны ў розных сферах — палітыцы, эканоміцы, дыпламатыі. "Ні расіянам, ні еўрапейцам не трэба разглядаць нашы кантакты, тым больш некаторыя поспехі ў якіх-небудзь напрамках у Лацінскай Амерыцы, Паўднёва-Усходняй Азіі, Афрыцы як нейкую катастрофу і адыход ад тых пазіцый, якіх мы прытрымліваліся ўвесь час". Адным з напрамкаў дыверсіфікацыі адносінаў, на думку Аляксандра Лукашэнкі, можа стаць Лацінская Амерыка. Прэзідэнт звярнуў увагу на асаблівую стратэгічную значнасць для Беларусі задачы замацавання на новых замежных рынках, у прыватнасці, у краінах Лацінскай Амерыкі. "Нас да гэтага падштурхоўваюць не толькі негатыўныя наступствы глабальнага эканамічнага крызісу, але і пагаршэнне сітуацыі ў гандлі з нашымі традыцыйнымі партнёрамі", — сказаў ён.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, кіраўнік дзяржавы нагадаў, што амаль паўгода таму стала відавочнай небяспека залежнасці ад экспарту на адзін рынак. "Спачатку закрылі пастаўкі па цукру, потым — па малаку, потым паставілі нас у няроўныя ўмовы, увёўшы дадатковыя бар'еры ў гандлі нашай тэхнікай. Таму мы шукаем новыя рынкі збыту, спрабуем гандляваць з новымі дзяржавамі".

"у апошнія гады праблемы тут узнікаюць, як гаворыцца, на роўным месцы і далёка не заўсёды вырашаюцца канструктыўна і хутка". "Шчыра скажу, парадаксальная сітуацыя складваецца ў адносінах з урадам Расіі". Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што размова не ідзе аб рускім народзе і аб Расіі. "Той, хто кіне камень у рускага чалавека, той проста будзе несумленным чалавекам", — адзначыў ён і дадаў, што "іншая справа — пазіцыя, якую сёння займае расійскі ўрад". Прэзідэнт заўважыў, што справа не ў тым, каб чарговы раз укалоць расійскі ўрад або Пуціна. Гэта выклікана вялікай колькасцю нявырашаных праблем па суб'ектыўных прычынах з расійскага боку.

Паводле яго слоў, беларускі бок падпісвае сур'ёзныя дакументы, дасягае маштабных дамоўленасцяў са сваім стратэгічным саюзнікам, але пры гэтым ніяк не атрымліваецца дабіцца празрыстых і справядлівых умоў узаемнага гандлю. "Больш таго, нашы захады па пашырэнні супрацоўніцтва суправаджаюцца саркастычнымі каментарыямі з іх боку. Менавіта таму сёння як ніколі мы вымушаны актыўна працаваць у любым, нават самым аддаленым, кутку свету, дзе можам разлічваць на прадказальныя і сумленныя ўмовы ўзаемавыгадных гандлёва-эканамічных сувязяў. На Расіі і Еўропе свет клінам не сышоўся, трэба выходзіць у іншыя рэгіёны і дзяржавы са сваёй прадукцыяй і праектамі", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У гэтым кантэксце вельмі перспектыўным Прэзідэнт лічыць рэгіён Лацінскай Амерыкі. Ён прывёў прыклад адносінаў з Венесуэлай, з якой Беларусь пачала супрацоўнічаць усяго некалькі гадоў таму, а бакі ўжо выйшлі на ўзровень стратэгічнага партнёрства на аснове поўнага даверу і ўзаемнай павагі. Гандлёвы абарот паміж дзвюма краінамі з капеечных лічбаў выйшаў на шматмільённыя паказчыкі. "Прытым не за кошт простага гандлю. Мы прыйшлі ў Венесуэлу з сучаснымі ведамі, тэхналогіямі, вытворчасцю. У поўным сэнсе слова працягнулі руку дружбы венесуэльскаму народу. Прыйшлі не так, як іншыя заходнія карпарацыі, — выцягнуць рэсурсы і пайсці, туга напакаваўшы кішэнь, а каб сумеснымі намаганнямі працаваць на карысць нашых народаў", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што вынікам такога сумленнага падыходу стала вядомасць Беларусі ў рэгіёне і тое, што Беларусь дапусцілі да святая святых любой дзяржавы — праектаў у галіне асваення прыродных багаццяў і энергетычных рэсурсаў.

"Я асабіста бяру на кантроль усе пазіцыі, па якіх мы проста размаўлялі, не тое што дагаворваліся, а размаўлялі ў Венесуэле, Бразіліі і ўвогуле ў Лацінскай Амерыцы", — сказаў Прэзідэнт Беларусі. Усе дамоўленасці пустымі фразамі не застануцца, і патрабаванні па эфектыўнай іх рэалізацыі будуць прад'яўляцца да кожнага паасобку.

Папярэднія вынікі гэтай работы будуць падведзены ўжо восенню гэтага года ў час візіту Прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса ў Беларусь. У будучым годзе адбудзецца паездка такой жа дэлегацыі ў Венесуэлу, дзе павінны быць адкрыты новыя вытворчасці. "Я кожнага спытаю, колькі за гэты год пасля візіту прадалі тэхнікі, колькі стварылі сумесных вытворчасцяў", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Улічваючы тое, што ў беларускіх прадпрыемстваў на венесуэльскай тэрыторыі яшчэ не наладжаны сэрвіс, Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што калі выйдзе са строю трактар і будуць паўгода чакаць, то такое супрацоўніцтва з Беларуссю венесуэльцам будзе не патрэбна.

Прэзідэнт Беларусі запатрабаваў якаснага выканання дасягнутых дамоўленасцяў. Неабходна ўлічваць, што Беларусь працуе ў Венесуэле не бясплатна, а атрымлівае за гэта грошы, дадаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў актывізаваць работу па развіцці супрацоўніцтва з краінамі розных рэгіёнаў свету. Гаворачы аб поспехах у развіцці адносінаў з Венесуэлай, Аляксандр Лукашэнка назваў гэта паказальным прыкладам. "Аднак узнікае рэзоннае пытанне, чаму мы чакалі і не пачалі працаваць з Венесуэлай раней? Чаму да гэтага часу не выходзім на іншыя дзяржавы гэтага рэгіёну, дзе нас чакаюць?" — задаўся пытаннямі кіраўнік дзяржавы.   На яго думку, вывад просты — недапушчальная пасіўнасць. "Таму цяпер нам трэба разгортвацца і арыентавацца як мага хутчэй і эфектыўней", — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што не пацерпіць ніякіх нараканняў на якасць беларускай прадукцыі, назваўшы гэта пытаннем прэстыжу краіны. Ва ўстаноўленыя тэрміны і пры высокай якасці павінны рэалізоўвацца і ўсе сумесныя праекты. Разам з тым Прэзідэнт звярнуў увагу, што на Венесуэле Лацінская Амерыка не заканчваецца і трэба ісці далей, у глыб кантынента, асвойваць новыя перспектыўныя рынкі. У прыватнасці, гэта датычыцца Бразіліі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў яўныя недапрацоўкі ў наладжванні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з гэтай краінай. "Забяспечылі экспарт двума-трыма высокаліквіднымі таварамі і супакоіліся. Каліем і шынамі можна гандляваць, не выязджаючы за межы МКАД", — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Пра недапрацоўкі ў гэтым плане сведчыць і адсутнасць у Бразіліі паўнацэннага прадстаўніцтва, без чаго немагчыма развіваць маштабныя адносіны. А дзе былі ўрады і МЗС усе гэтыя гады? "Я не бачу талковых прапаноў па развіцці бразільскага вектара знешняй палітыкі", — сказаў Прэзідэнт, назваўшы парадаксальнай сітуацыю, пры якой у Беларусі ёсць пасольства ў такой параўнальна невялікай па памерах краіне, як Куба, у Аргенціне, з якой у нас маленькі гандлёвы абарот, а ў Бразіліі дыппрадстаўніцтва адсутнічае. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў неабходнасць больш актыўна прасоўваць беларускія тавары ў рэгіёнах Бразіліі. Напрыклад, у штаце Гаяс не хапае сельскагаспадарчай тэхнікі, перш за ўсё трактароў. Аднак у гэтым напрамку доўгія гады да візіту Прэзідэнта нічога не рабілася. Зыходзячы з існуючай сітуацыі, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў вельмі сур'ёзна прааналізаваць усе магчымыя напрамкі супрацоўніцтва з Бразіліяй, выпрацаваць канкрэтныя і эфектыўныя падыходы да рэалізацыі намечаных планаў. "Не замацуемся мы на гэтым рынку сёння, заўтра ж нашы канкурэнты выкінуць нас, нічога не пакінуць ад нашых праектаў і ніякіх перспектыў. Трэба проста закасаць рукавы і пачаць працаваць па-сапраўднаму, як мы пачыналі ў Венесуэле".

Такога ж падыходу, на думку Аляксандра Лукашэнкі, неабходна прытрымлівацца і ў развіцці кантактаў з краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі, апіраючыся на ўжо існуючыя добрыя адносіны з В'етнамам і Кітаем. Асобнай увагі патрабуе пытанне пашырэння супрацоўніцтва з Індыяй, узаемавыгаднымі павінны стаць кантакты з краінамі Персідскага заліва. Кіраўнік дзяржавы закрануў у тым ліку тэму развіцця адносінаў з афрыканскімі краінамі: "Я ўжо аб гэтым не раз гаварыў ураду і МЗС: у нас зусім чужая невядомая Афрыка". На думку Прэзідэнта, развіццё супрацоўніцтва з афрыканскімі краінамі вельмі перспектыўнае для Беларусі.

Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь і БЕЛТА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе па выніках афіцыйных візітаў у Венесуэлу і Бразілію, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Адкрываючы нараду, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што размова пойдзе аб нацыянальнай бяспецы і незалежнасці беларускай дзяржавы. "Так склалася сітуацыя пасля распаду СССР, што мы апынуліся ў сур'ёзнай залежнасці ад адной ці дзвюх краін па многіх пазіцыях. Ішлі гады, і як ні спрабавалі мы выбудаваць раўнапраўныя адносіны ў Саюзнай дзяржаве, ЕўрАзЭС, СНД, усё больш і больш пачалі праяўляцца тэндэнцыі старэйшага і малодшага брата".
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика