"Сьмерць амэрыканскага стагодзьдзя"
20.04.2010
—
Новости Политики
|
Прапануем вам пераклад артыкулу "The Death of the American Century", які зьявіўся ў сёньняшнім выданьні The Washington Post. Яго аўтар — Генры Ален, ляўрэат Пуліцэраўскай прэміі 2000 году, які 39 гадоў адпрацаваў журналістам і рэдактарам у гэтай уплывовай амэрыканскай газеце.Мроя памірае.
Было такое: вера, што сьвет адчувае адмысловую любоў да амэрыканцаў за нашу шчырую нявіннасьць і нехлямяжую непасрэднасьць, за нашу ахвоту дзяліцца відавочнай ісьцінай і сьвятлом дэмакратыі зь людзьмі, якія працягвалі змагацца ў цемры гісторыі, за нашу сьляпую энэргію, сынкапаваную музыку і крывыя ўсьмешкі бэйсбалістаў. Дадайце да гэтага крыху велічы пурпуровых горных ланцугоў і янтарнага хваляваньня жытніх ніваў, і вы зразумееце, пра што я. Цяжка сказаць, калі дакладна нарадзілася гэтая мроя. У часе Вялікага белага флёту — нашых ваенна-марскіх караблёў, якія на загад прэзыдэнта Тэадора Рузвэльта абыйшлі зямны шар у плаваньні 1907-1909 гадоў? Падчас уступленьня Амэрыкі ў сусьветную вайну пры прэзыдэнце Вудра Вільсане, каб падрыхтаваць астатні сьвет да дэмакратыі? У 1940 годзе выдавец Генры Лус, — які кожны тыдзень у часопісах "Time" i "Life" гаварыў амэрыканцам, хто яны, — абвясьціў "амэрыканскае стагодзьдзе". Другая сусьветная вайна пацьвердзіла праўдзівасьць ягоных словаў. Я набыў гэтую мрою з выпускаў кінанавінаў і часопіса "Life" пасьля Другой сусьветнай вайны, дзе бачыў здымкі, як французы і італьянцы кідаюць кветкі нашым вайскоўцам, калі мы вызвалілі іх ад нацыстаў; як нашы салдаты вяртаюцца дадому з заморскімі ваеннымі жонкамі; як паміж руінаў выглядваюць нямецкія дзеці, каб прывітаць амэрыканскія самалёты, якія прывозілі ім ежу падчас савецкай блякады Бэрліну. Я тады быў зусім малы — бо я нарадзіўся ў 1941 годзе — але дастаткова вялікі, каб успрыняць наступныя ісьціны як відавочныя: Мы не заваёўвалі; мы вызвалялі. Мы заўсёды былі тыя добрыя. Мы насілі белыя капелюшы. Хоць нас уголас абзывалі некультурнымі касалапымі янкі, але ж усе ў глыбіні душы хацелі жыць так, як жылі амэрыканцы. Калі яны кідалі кветкі, яны былі нашымі сябрамі, а не калябарантамі, як тыя францускія жанчыны, якім у іхніх вёсках галілі галовы пасьля таго, як іхнія нямецкія кавалеры адступілі перад амэрыканцамі. Жанчыны, вядома, засталіся — ніводная не хацела быць нацысцкай ваеннай жонкай у пасьляваеннай Нямеччыне. Яны прайгралі, мы перамаглі. Нішто не дае вам больш сяброў, чым абсалютная перамога, — такая, калі мы нават ня ведаем, чаго яшчэ можна было б хацець. Вось у Японіі, на якую мы кінулі дзьве атамныя бомбы, хлопцы захапіліся нашым бэйсболам. Амэрыка мелася кіраваць сьветам не дзеля свайго ўласнага дабрабыту, але — упершыню ў гісторыі — дзеля дабрабыту гэтага самага сьвету. Якая цудоўная мроя! Яе крыху патаўклі, але яна перажыла нашу патавую сытуацыю ў Карэі, наша поўнае фіяска ў Віетнаме, наша адступленьне зь Лібану, наш правал апэрацыі ў Самалі. Яна перажыла і нас, зрабіўшы з нас дурняў, калі наша апэрацыя выратаваньня закладнікаў у Іране патанула ў хаосе ў пыльнай пустэльні, у якой да нас ніхто ні разу ня выстраліў. Мы нават не змаглі прывезьці дахаты ўсіх загіблых, каб іх пахаваць. Мы разбамбілі псыхіятрычную лякарню ў Гранадзе, вызваляючы сьвет ад нейкай цьмянай камуністычнай пагрозы. Мы разбамбілі афрыканскую фабрыку, дзе выраблялі пігулкі ібупрафэну, у акце помсты за атаку на нашу амбасаду ў Найробі. Мы разбамбілі кітайскую амбасаду ў нашай паветранай вайне за вызваленьне Косава. Мроя перажыла нават вайну Джорджа Буша-малодшага, каб вызваліць Ірак ад зброі масавага зьнішчэньня. Ніякай такой зброі не аказалася, але мы працягвалі ваяваць, каб падрыхтаваць Ірак да дэмакратыі, ды скончылі катаваньнямі ў турме Абу-Грайб, ад якіх нам засталіся яскравыя сувэнірныя фоткі нашых хлопцаў і дзяўчат у камуфляжах. Ці ірацкія дзеці ўжо навучыліся гуляць у бэйсбол? Барак Абама выйграў прэзыдэнцкія выбары ў кампаніі, якая абяцала большую і лепшую вайну ў суседнім з намі Аўганістане. Як звычайна, з мандатам нашай мроі, мы уварвемся ў краіну выключна дзеля яе ўласнага дабрабыту. Вось з гэтага месца людзі, здаецца, так нічога і не разумеюць. Напрыклад, у даліне Карэнгал, якую амэрыканскія вайскоўцы пакінулі ў мінулую сераду, праз пяць гадоў пасьля ўварваньня, каб прынесьці туды праўду, справядлівасьць і амэрыканскі лад жыцьця афганцам, якія адказалі нам нянавісьцю. Мы давалі ім грошы, розныя ласункі. А яны нас ненавідзелі. Мы прасілі іх збудаваць дарогу, якая злучыла б іх з астатнім сьветам. Яны ненавідзелі гэтую дарогу. А калі гэта да нас не дайшло, яны пусьцілі ў паветра шэсьць чалавек з будаўнічай брыгады. Яны ненавідзелі нас так моцна, што нам трэба было іх падкупіць, каб яны дазволілі нам пакінуць гэтую дарогу, — разам з 25 000 літраў паліва і кранам, — не забіваючы нас дзеля сваёй пацехі. Мы былі чужынцамі. Людзі наогул ненавідзяць чужынцаў. (Якраз таму яны і называюць іх "чужынцамі".) Людзі любяць чужынцаў толькі калі яны прыяжджаюць невялікімі групамі, пакідаюць грошы і зьяжджаюць; або калі яны прыходзяць дывізіямі, праганяюць іншых, яшчэ больш ненавісных чужынцаў і адыходзяць. Калісьці я піў гарбату з жонкай начальніка адной інданэзійскай вёскі. Яна згадвала час, калі яны віталі японцаў, якія вызвалілі іх ад галяндцаў; але потым, калі японцы сталі гвалтам забіраць інданэзійскіх мужчын у працоўныя лягеры, жыхары гэтых астраўных краёў віталі амэрыканцаў, якія прагналі японцаў. Ніхто да нас не адчувае нейкай адмысловай любові. У нас ёсьць свае ўнікальныя каштоўнасьці, і мы падышлі бліжэй, чым які іншы народ, да ажыцьцяўленьня Хрыстовага запавету любіць сваіх ворагаў. Але мы ўжо абуджаемся ад нашага мройнага сну. Тым ня менш, мы ўсё яшчэ трымаемся сваёй мроі. Джон Кенэдзі абяцаў, што за яе ажыцьцяўленьне мы заплацім любую цану і падымем любы цяжар, а Рональд Рэйган назваў нас "горадам на ўзгорку", на які скіраваныя вочы ўсяго сьвету. Абама кідае слухачоў у дрыжыкі сваёй мэсіянскай рыторыкай аб выратаваньні сьвету. На сёньняшні дзень выглядае, быццам мы ня можам быць Амэрыкай бяз гэтай мроі, а кандыдат у прэзыдэнты ня можа выйграць выбары бязь веры ў яе. Аднак капітан Марк Марэці, камандзір нашых вайскоўцаў у даліне Карэнгал, фармулюе гэта наступным чынам: "Я думаю, што адступленьне адсюль — гэта добрая рэч". Мроя памірае. Калі ласка, ня трэба ніякай рэанімацыі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прапануем вам пераклад артыкулу "The Death of the American Century", які зьявіўся ў сёньняшнім выданьні The Washington Post. Яго аўтар — Генры Ален, ляўрэат Пуліцэраўскай прэміі 2000 году,...
|
|