Рэха выбараў: суды, скаргі, пратэсты. 21.by

Рэха выбараў: суды, скаргі, пратэсты

29.04.2010 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Беларуская грамадзкая кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" агучыла папярэднія вынікі свайго маніторынгу мінулай выбарчай кампаніі. Як і падчас папярэдніх выбараў, экспэрты зафіксавалі сур’ёзныя сыстэмныя адступленьні ад дэмакратычных стандартаў.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

"Гэта судзілішча за мае скаргі "

На Гарадзеншчыне працягваецца перасьлед былых кандыдатаў ад апазыцыі – нягледзячы на тое, што амаль ніхто зь іх ня стаў дэпутатам. Многія пішуць скаргі ў пракуратуру і ЦВК.

У Вялікай Бераставіцы сёньня пачаўся судовы разбор справы Алега Рамашкевіча, сябра БСДП (Грамада), якога вінавацяць у тым, што ягоныя ўлёткі падчас выбарчай кампаніі былі разьмешчаныя ў неадпаведных месцах.

Нехта ў Малой Бераставіцы напісаў скаргу, што ўлёткі нібыта разьвесіў сам спадар Рамашкевіч у пад’ездах дамоў — маўляў, папсаваў сьцены. Міліцыянты склалі пратакол, і вось сёньня суд.

Праўда, у судзе не было ніводнага сьведкі, які мог бы пацьвердзіць, што менавіта Алег Рамашкевіч расклеіў тыя ўлёткі. З гэтае прычыны суд перанесьлі на пятніцу.

Сам Алег Рамашкевіч кажа, што ўлады зь яго папросту захацелі пазьдзекавацца, бо ў Малой Бераставіцы, дзе жыве каля 5 тысяч чалавек, зь яго слоў, наагул не было ніводнага падрыхтаванага месца, дзе можна было б расклеіць агітацыйны матэрыял.

Акрамя гэтага, у пад’ездах віселі ўлёткі і іншых кандыдатаў, але пратакол склалі толькі на яго.

Рамашкевіч: “Я так думаю, што гэта проста судзілішча нада мною за тыя скаргі, што я пісаў у ЦВК на выбарчую камісію, якая працавала вельмі дрэнна. Якраз я і скардзіўся на тое, што няма дзе клеіць улёткі, няма месцаў для агітацыі. А ў Малой Бераставіцы наагул нічога для выбарчай кампаніі падрыхтавана не было”.


Назіральнік скардзіцца на прыніждэньні

Іван Крук і Мікалай Уласевіч з Астраўца таксама паслалі некалькі скаргаў і ў ЦВК, і ў пракуратуру. Мікалай Уласевіч распавядае, што старшыня выбарчай камісіі на адным зь яго ўчасткаў паводзіла сябе папросту непрыстойна.

Уласевіч: “Старшыня камісіі абыходзілася так, нібыта я нейкая неадушаўлёная рэч: перамяшчала мяне па залі, як табурэтку, абы ня даць мне пабачыць, як падлічваюцца галасы".

Назіральнік ад БХК у Горадні Раман Юргель распавядае, што падчас падліку галасоў пісьмова зьвярнуўся да старшыні камісіі, што яму не відаць працэс падліку, а ў гэты час старшыня Гарадзенскага райсавету Пятро Валадзько, які прысутнічаў на ўчастку, пачаў папросту прыніжаць яго перад усімі як асобу.

Юргель: “Падняўся такі гам, спадар Валадзько ўскочыў зь месца, пачаў крычаць, што я зрываю выбары, сказаў, што я толькі паўсюль пішу скаргі і гэта, маўляў, такія людзі, якім усё толькі дрэнна. Я ў яго запытаў — ці бачыце вы, як падлічваюцца бюлетэні? Ён замаўчаў і адвярнуўся, прамаўчалі і ўсе астатнія праўладныя назіральнікі…”

МАГІЛЁЎШЧЫНА

Дырэктару прыпісалі… 260 мільёнаў рублёў прыбытку

На Магілёўшчыне пра выбары цяпер нагадваюць пераважна скандалы і падобныя падзеі.

“Свабода” ўжо паведамляла, што некалькі раённых газэт вобласьці не апублікавалі зьвестак пра даходы і маёмасьць кандыдатаў у дэпутаты раённых саветаў. Сярод іх і “Крычаўскае жыцьцё”. Пасьля шматлікіх скаргаў крычаўская раёнка адумалася. Абнародаваныя за дзень да асноўнага дня галасаваньня зьвесткі прывялі да скандалу. Газэта райвыканкаму павялічыла гадавы прыбытак дырэктара хлебазаводу Аляксандра Свадкоўскага ў дзесяць разоў — да 291 мільёна.

“Лічба скажоная дужа сур’ёзна. Гэта грубейшае парушэньне. Сапраўды зьняважліва было. І гэта паўплывала на вынікі выбараў, тут можна не сумнявацца. Ну, даруе Бог, як кажуць, хто награшыў. З уладай не ваююць”, — камэнтуе сытуацыю былы кандыдат у дэпутаты Аляксандар Свадкоўскі.

"Людзі не давяраюць вынікам выбараў"

З несправядлівасьцю на выбарах працягвае змагаецца вылучэнка стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Марыя Кульманава. Яна ўдзельнічала ў выбарах упершыню. Балятавалася ў абласны савет. На адным з участкаў засьпела прыбіральшчыцу, якая зьбіралася ўкінуць у скрыню для галасаваньня два пазначаныя бюлетэні:

“Калі яны на маіх вачах гэта рабілі, то ўявіце сабе, што яны рабілі цэлы тыдзень, пакуль было датэрміновае галасаваньне. Я ўчора была на міні-рынку — людзі там казалі, што мы на выбары не хадзілі, мае суседзі па пад’езьдзе — бальшыня іх не хадзіла. Калі я ім расказала — яны адказалі, што гэтага й трэба было чакаць”.

Вынікам галасаваньня не давярае сябра акруговай камісіі з Бабруйску, актывіст партыі левых “Справядлівы сьвет” Альбэрт Секяржыцкі:

“Што мяне засмуціла — 28 працэнтаў было датэрміноўнікаў. Гэта зашмат. Я кажу старшыні: навошта гэта? А яна мне адказвае: “У нас людзі прыходзяць у паліклініку, на лекаваньне, на прыём, мы прапануем — людзі галасуюць”. Ну, я паціснуў плячыма, што я ёй скажу. Тры-пяць працэнтаў — гэта сапраўды падобна да дэмакратыі, а калі дваццаць восем — гэта проста нерэальна”.

Паводле абласной выбарчай камісіі, на ўчасткі для галасаваньня ў рэгіёне прыйшлі 719 тысяч 960 выбарцаў. Гэта 85,7 працэнтаў ад усяе колькасьці грамадзян, якія валодаюць правам голасу.

ВІЦЕБШЧЫНА

Т.Севярынец: “Пішам скаргі, каб Ярмошына не казала, што парушэньняў не было!”

На Віцебшчыне зь мясцовага асяродку дэмакратычных актывістаў партыя “Справядлівы сьвет” і ствараная партыя БХД вылучылі найбольшую колькасьць кандыдатаў на ўдзел у мінулых мясцовых выбарах. Але ў саветы ня трапіў ніводзін іхні прадстаўнік.

Да пытаньня, ці варта цяпер, пасьля выбараў, падаваць скаргі на заўважаныя парушэньні, несправядлівыя падлікі ды патрабаваць прызнаць вынікі несапраўднымі, актывісты ставяцца па-рознаму.

Актывісты стваранай партыі БХД Уладзімер Рамановіч, які балятаваўся ў віцебскі гарсавет, і Тацяна Севярынец, назіральніца ў ягонай акрузе, падалі скаргі ў пракуратуру. Спадарыня Севярынец тлумачыць, чаму гэта было зроблена:

“ Гэта — каб прадэманстраваць, што мы незадаволеныя. Каб Ярмошына не казала, што ніякіх парушэньняў і скаргаў не было. І я, і Ўладзімер Рамановіч як кандыдат пісалі, што вынікі выбараў выклікаюць вялікія сумненьні. Па-першае, таму, што нідзе ў заканадаўстве не тлумачыцца, дзе мы мусім знаходзіцца падчас падліку, і мы бачылі толькі сьпіны. Па-другое, быў парушаны артыкул № 55 — не агалошваліся вынікі падліку.

Такія самыя парушэньні былі практычна паўсюль, дзе на ўчастках былі актывісты-назіральнікі. Скаргі з патрабаваньнем прызнаць вынікі выбараў несапраўднымі напісалі і экс-кандыдат у віцебскі аблвыканкам Леанід Аўтухоў з Гарадка, і тамтэйшы назіральнік Леанід Гаравы. Учора яны падалі іх у акруговую і віцебскую абласную выбарчыя камісіі.

М.Селівашка: “Судзіцца безвынікова, бо падробяць і там”

Аднак сябра абласной камісіі, старшыня абласной арганізацыі партыі “Справядлівы сьвет” Мікалай Селівашка лічыць такія скаргі бессэнсоўнымі . Ён кажа: нават калі справа дойдзе да суду, уладамі ўжо напрацаваныя “тэхналёгіі”, каб пазьбегнуць адказнасьці:

“Не было яшчэ такой практыкі за апошнія гады — пасьля апошніх выбарчых кампаній, — каб узялі ды пераправерылі бюлетэні. А калі і пачнуць правяраць па нейкім участку ці акрузе, дык за дзьве гадзіны можна што хочаш паправіць і падвесьці пад патрэбны вынік. Пакуль да суду давязуць — іх паправяць і зробяць так, як трэба”.

Таму, паводле спадара Селівашкі, ягоныя аднапартыйцы вынікі аспрэчваць не зьбіраюцца. Скаргу будзе пісаць хіба толькі Анатоль Родзік, але зь іншай прычыны: ён працаваў назіральнікам, заўважыў на стэндзе агітацыйную ўлётку без выходных дадзеных, зьвярнуўся ў гарадзкую камісію… і яго ж самога абвінавацілі ў махлярстве ды хуліганстве:

“Ён паклікаў старшыню камісіі, намесьніка, сакратара, міліцыянта, які дзяжурыў на ўчастку. Паказаў: бачыце, у вас улётка без выходных дадзеных. Зьняў яе са стэнду ў іхнай прысутнасьці і напісаў скаргу ў гарадзкую камісію. Прыходзіць адказ: “Са слоў старшыні камісіі, Родзік сам прынёс улётку без выходных дадзеных на выбарчы ўчастак, у нашай прысутнасьці выняў яе з кішэні ды размахваў ёй, узьняўшы вэрхал”.

Спадар Родзік абураны несправядлівасьцю, але не спадзяецца атрымаць выбачэньні: кажа, што людзі, якія падрабляюць вынікі выбараў, наўрад ці здольныя на сумленныя ўчынкі. Вось што яму давялося бачыць на ўласныя вочы падчас назіраньня на ўчастку № 25:

“Там глядзець няма на што. Усе складаюць бюлетэні ў кучкі і нясуць да стала старшыні і намесьніцы. А тыя думаюць, куды пакласьці. Значыцца, чатыры кучкі, бо чатыры кандыдаты. А яны складаюць усё ў адну. Я пытаюся: “Дзіўна, чаму з гэтай урны ў кучкі за іншых кандыдатаў нічога ня трапіла?” А старшыня — раз, пасунуўся, і засланіў сьпінай крэсла. Я і туды, я і сюды — нічога не відаць. Тады ўзялі з гэтай вялікай кучкі бюлетэняў трошкі ды панесьлі некуды за стол, потым яшчэ…А час ідзе! Прагаласавала 1 350 выбарцаў, дык 15 чальцоў камісіі гэта роўна за 15 хвілін і падлічыць мусілі б. А ў мяне лічылі 2 гадзіны 15 хвілін! Перакладваюць, нешта быццам лічаць, усе твары чырвонымі плямамі, бо ня могуць выйсьці на патрэбныя лічбы. А насамрэч толькі робяць выгляд, што лічаць”.

Аспрэчваць вынікі такіх выбараў Анатоль Родзік таксама лічыць бескарысным.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларуская грамадзкая кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" агучыла папярэднія вынікі свайго маніторынгу мінулай выбарчай кампаніі. Як і падчас...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика